17.10.2019 / 01:03

У жыхара Маладзечаншчыны патрабавалі грошы за інтымнае відэа

35-гадовы жыхар Маладзечанскага раёна выслаў дзяўчыне інтымнае відэа, пасля чаго яна запатрабавала сем тысяч расійскіх рублёў, распавялі ў Маладзечанскім РАУС.

Беспрацоўны мужчына пазнаёміўся па вайберы з дзяўчынай Алінай. Яна даслала мужчыну відэа інтымнага характару. Але перад камерай пазіравала так, каб не было бачна твару.

Мужчына даслаў інтымнае відэа ў адказ. У тым роліку ён быў пазнавальны. Сувязь хутка абарвалася. Пасля ў сацыяльнай сетцы з фэйкавай старонкі мужчыну даслалі паведамленне з патрабаваннем грашовага пераводу. Цана пытання была сем тысяч расійскіх рублёў.

У адваротным выпадку, відэазапіс віртуальнага сэксу абяцалі разаслаць сябрам і знаёмым. Жыхар Маладзечанскага раёна не паддаўся на пагрозы і катэгарычна адмовіўся плаціць грошы. У выніку ролік 18+ адправілі сваякам пацярпелага.

Раніцай таго ж дня мужчына звярнуўся ў міліцыю. Па гэтым факце праводзяць праверку. Устанавілі, што вайбер зарэгістравалі на расійскі нумар, IP-адрас карыстальніка таксама належыць Расіі.

За вымагальніцтва падобнага роду можа пагражаць да пяці гадоў пазбаўлення свабоды. Калі ж ашуканцы дзейнічаюць групай, то максімальным па гэтым артыкуле пакараннем будзе пазбаўленне волі тэрмінам да дзесяці гадоў.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру