Актывіст анархісцкага руху Зміцер Паліенка спрабаваў ускрыць вены на судзе 17 кастрычніка ў знак пратэсту супраць закрыцця працэсу — тройчы парэзаў руку шпількай. Яго вывелі з залы, піша Радыё Свабода.
Праз гадзіну Паліенку вярнулі ў залу, дзе пачынаўся працэс. Суд пагадзіліся зрабіць адкрытым. Паліенка заявіў, што свайго дамогся. Яго сустрэлі авацыяй.
***
Суд меў распачацца 25 верасня ў Мінскім гарадскім судзе, але быў адкладзены праз хваробу суддзі. Было вырашана, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы. 5 красавіка Паліенку было прад'яўленае абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339, арт. 341 і ч. 1 арт. 130. Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад'яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай.
2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але пракуратура г. Мінска вярнула ў Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
Вынікам гэтага сталі два новыя крымінальныя артыкулы: 341 за графіці ў Курапатах і 369 за абразу былога кіраўніка МУС Ігара Шуневіча.