Нават супрацоўнiкi мiлiцыi былi здзiўленыя, калi пабачылi раслiны, з веданнем справы высаджаныя ў разнастайныя ёмiстасцi ў прыватным доме. Iх памер дасягаў трох метраў.
13 вялiзных канопляў стваралi такi водар, што ў пакоях цяжка было доўга знаходзiцца. Больш за тое, 38-гадовы гаспадар хатняга садочка пiльна даглядаў раслiны i стварыў для iх усе неабходныя ўмовы: падвёў так неабходнае iм зiмою святло, стварыў пэўны цеплавы рэжым i высокую вiльготнасць, падкормлiваў iх.
Тут жа знаходзiлася лабараторыя па перапрацоўцы вырашчанай на продаж марыхуаны, мiж iншым, спецыяльных гатункаў. Гамяльчанiн здрабняў i фасаваў наркатычны прадукт, прызначаны для распаўсюджвання праз сетку дылераў. У момант затрымання ў "батанiка" канфiскавана, акрамя канопляў, 1 кг 175 г высушанай i здробненай марыхуаны.