18.10.2019 / 11:58

Французскі спявак пра Беларусь: Два разы ў мяне тут вырвалася «Bérézina!» 7

У французскай мове ёсць слова, запазычанае з беларускай геаграфіі. Пасля паходу Напалеона французы, калі хочуць сказаць, што надышоў поўны правал, фініш, трындзец, яны кажуць — «C'est la Bérézina». Француз Алан Коўп, які прыехаў у Беларусь правесці свой адпачынак, прызнаўся «Нашай Ніве», што за два тыдні ў Беларусі толькі двойчы прамовіў гэты выраз, першы раз, калі бачыў п’яных на вуліцы з самай раніцы, і другі, калі таксісты не выключалі гучную музыку ў таксі.

Алан Коўп — французскі спявак, які паходзіць з Маўрыкія. Так склаўся лёс, што яго менеджарка, Вікторыя, беларуска.

Яна пазнаёміла Алана са сваімі беларускімі сябрамі і запрасіла Алана на сваю радзіму, у Беларусь.

«Я ўпершыню тут даведаўся, што ёсць такі музычны інструмент — цымбалы. Назаўсёды палюбіў паланэз Агінскага і льняныя вырабы», — прызнаецца француз.

Гэтыя беларускія льняныя лялькі паехалі разам з Аланам у Парыж. 

Алан Коўп расказвае, што яго палохалі тым, што беларусы не ветлівыя і ўсміхаюцца вельмі рэдка.

«Я баяўся, што тут усе сур’ёзныя. І ведаеце, мае страхі спраўдзіліся. Але з той агаворкай, што мне больш падабаюцца шчырыя засяроджаныя беларусы, чым французы з ветлівай, але фальшывай усмешкай. І беларусы ўсё ж усміхаюцца, калі ты першы ўсміхнешся ім. Магчыма, мне ўсміхаліся таму, што ў вачах беларуса я маю экстрэмальна нетыповы выгляд: я вельмі смуглы і вельмі высокі. Мне нават аднойчы, калі я стаяў ля чыгуначнага пераезда, машыніст пагудзеў і памахаў рукой. Было вельмі прыемна», — кажа Алан.

Алан прызнаецца, што быў нечакана здзіўлены і тым, што ў крамах амаль няма французскага віна.

«Затое ёсць людзі, якія ўжо ў 11 раніцы моцна прынялі на грудзі. У Францыі, канечне, таксама такое здараецца, але ад Беларусі я гэтага чамусьці не чакаў», — усміхаецца Алан.

Здзівілі француза і таксісты.

«Яны ў машыне галоўныя. І калі таксіст хоча слухаць музыку, ён будзе яе слухаць з максімальным гукам, не звяртаючы ўвагу на тое, што пасажыр супраць. Вось тут і даводзілася вымаўляць: «С'est la Bérézina», выраз, дарэчы, у Францыі папулярны і выкарыстоўваецца даволі часта», — кажа Алан.

Але ў цэлым, Алан застаўся добрага ўражання ад Беларусі. Ён паспеў пабыць не толькі ў сталіцы, але завітаў і ў Дудуткі, Чэрвень і Краснае, што пад Маладзечнам.

«Вам проста не перадаць, у якім я захапленні ад вашай краіны», — падсумаваў спявак з Францыі.

Наталля Тур, фота з архіва Алана Коўпа

0
Цетка Алена / Адказаць
18.10.2019 / 13:11
Мабыць яго мэнэджарка надзвычай абаяльная , раз выправiуся у адпачынак да нас. Ну i добра , што спадабалася , прыемны чалавек.
1
Владимир.Бобруйск / Адказаць
18.10.2019 / 13:14
Ну реку Березину он то хоть видел???
2
bell / Адказаць
18.10.2019 / 15:15
Хіба мае мапу дзе золата царскае закапалі прадзяды яго.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру