Напісаць нешта новае пра футбол цяжка не таму, што кожны, хто хоць аднаго разу ў жыцьці ганяў мяч, лічыць сябе знаўцам гэтай гульні. Цяжкасьць у тым, што ў футболу безьліч абліччаў.

Можна ставіцца да футболу як да спаборніцтва дарослых дзецюкоў, якім няма куды выліць энэргію ды назапашаную дома ці на працы агрэсію. Але гэты варыянт, насамрэч, ня мае ніякага дачыненьня да гульні, якую ў экстатычным захапленьні глядзяць мільярды людзей у сьвеце – у тым ліку і самі аматары дваровага футболу.

Можна ўспрымаць футбол выключна як гульню – са сваімі строгімі правіламі, мудрагелістымі камбінацыямі, тактыкай і стратэгіяй. Свайго роду шахматы з жывымі фігурынамі на дошцы.

Галава як мяч у варотах

Прыхільнікі гэтай гульні ёсьць свайго роду сэктантамі, колам пасьвячоных, ці, дакладней сказаць, – вар’ятаў. Яны могуць цэлымі днямі разважаць з сабе падобнымі аб тым, хто якую ступеньку зойме ў турнірнай табліцы, каго з лавы запасных гульцоў галоўны трэнэр выпусьціць на наступны матч, альбо падрабязна будуць разьбіраць які-небудзь эпізод ля брамы спаборніка: хто якую пазыцыю займаў, хто каму павінен быў даць пас і колькі мілімэтраў не хапіла для таго, каб мяч трапіў у браму. Глядзець футбол у кампаніі з такімі вар’ятамі (калі толькі ты сам не вар’ят) – сапраўдная пакута. Кожны пас, удар альбо рух кожнага футбаліста будзе адкамэнтаваны, незалежна ад таго, што гаворыць тэлекамэнтатар.

Пры гэтым аўтар хатняга камэнтару, зразумела, зрабіў бы на месцы любога футбаліста ўсё значна лепей і дакладней.

Паводле моцы шкодных эмоцыяў, якія нармальны чалавек адчувае сярод такіх заўзятараў, іх можна параўнаць хіба з аматарамі падказваць суседу ў кіназалі, які ўпершыню глядзіць дэтэктыўны фільм, што будзе далей і хто забойца...

Можна ставіцца да футболу як да шоў-бізнэсу. Тым больш, што гэта і ёсьць сёньня сапраўдны шоў-бізнэс, дзе ўсё разьлічана і пралічана – ад колеру бутсаў і рэклямы на майках футбалістаў да вынікаў некаторых (пакуль яшчэ ня ўсіх) матчаў. Тое, што адбываецца на полі, для бізнэсу мае куды меншае значэньне, чым тое, што адбываецца па-за полем і называецца таямнічым словам «трансфэр». На справе гэта ўсяго толькі апэрацыя куплі-продажу. Сам гулец цікавы шоўмэнам ня столькі сам па сабе, колькі іх цікавяць асобныя часткі ягонага цела – кожная нага застрахаваная ў залежнасьці ад моцы ўдару. Галава – асобна. Для шоўмэна гэтая частка цела мае такое самае значэньне, як і для футбаліста з анэкдоту. На пытаньне: навошта яму патрэбная галава, акрамя таго, каб забіваць галы, футбаліст адказвае – я ёй ем. Галовамі футбалістаў шоўмэн ня столькі забівае мячы ў чужыя брамы, колькі «закалочвае бабкі». Зрэшты, і футбаліст – таксама. І ўсё гэта дзякуючы таму, што галовы мільёнаў гледачоў падчас чэмпіянату сьвету, як заўважыў адзін гумарыст, усе як адна падобныя паводле свайго зьмесьціва на мяч, які на шалёнай хуткасьці ляціць у сетку брамы.

Няўжо Ільліч?!

Ад гэтай катэгорыі гледачоў зусім недалёка стаяць тыя, для каго футбол – рэлігія. Для іх дзень пачынаецца і сканчваецца футболам. І пажадана, каб такіх дзён на тыдзень было сем. Перапынак у чэмпіянаце перад адной восьмай фіналу для іх – сапраўдная трагедыя. Футбалісты для іх – жывыя багі альбо, у скрайнім выпадку, ідалы. Ідалы, як і куміры, вядома, дзеля таго й ствараюцца, каб іх ад часу да часу скідалі з п’едэсталаў. Учорашні кумір для сапраўднага заўзятара не кумір.

Даўно заўважана псыхолягамі – калі вы хочаце зьбіць з панталыку якога-небудзь навязьлівага заўзятара, які дурыць вам галаву сваімі захапленьнямі футбольнымі зоркамі, лепей за ўсё пачаць зь ім размаўляць таксама пра зорак. Але – колішніх. Не пра Ранальдыньё, Бэкхэма, Драгба ці Шаўчэнку, а, скажам, пра гульцоў менскага «Дынама» ўзору 1982 году. Ці – пра Мустыгіна й Чысьленку. Высокай клясы былі футбалісты. Пачатку 1960-х гадоў. Загаварыўшы пра іх з сучасным заўзятарам, вы ўбачыце, як зьнікае ягоны энтузіязм, цямнеюць вочы.

Зразумела, ёсьць зоркі мінулага, якімі прынята захапляцца ва ўсе часы. Але не крытыкаваць. Пэле, Марадона, Бобі Чарлтан. Яны – як Маркс, Энгельс і Ленін, якіх трэба ведаць, але не абавязкова чытаць. У нашым выпадку – не абавязкова бачыць гульню колішніх куміраў, а тым больш разьбіраць яе. А калі вы раптам побач з Пэле ўзгадаеце іншага бразыльца – кульгавага генія футболу Гарынчу, дык на вас паглядзяць як на дысыдэнта ці рэвізіяніста. Калі ўвогуле ўспомняць, канечне, хто такі Гарынча і які фантастычны дрыблінг дэманстраваў ён на полі.

Дарэчы, зусім нездарма за савецкім часам быў папулярны анэкдот пра чалавека, які ня змог пазнаць на фатаграфіі Пэле. Калі яму настойліва параілі ўспомніць, усё-ткі, імя, якое ведаюць дарослыя й дзеці ва ўсім сьвеце, той жахнуўся: няўжо гэта Ўладзімер Ільліч?

Так футбол прыйшоў на зьмену рэлігіі марксізму. Першым сярод бальшавікоў такі зыход прадчуваў савецкі пасол у Ангельшчыне. Здаецца, ягонае прозьвішча было Майскі (таксама, дарэчы, як і ў аднаго зь беларускіх спартовых камэнтатараў). На пытаньньне «Ці хутка ў Ангельшчыне будзе пралетарская рэвалюцыя?» той нібыта адказаў: «Рэвалюцыі ў Ангельшчыне ня будзе, пакуль там існуе футбол».

Ня толькі ва Ўкраіне «аранжавыя»

І тут мы пераходзім да яшчэ адной катэгорыі людзей, якія бачаць і любяць у футболе перш за ўсё палітыку. Калі футбалістаў адпраўляюць у лягер ці расстрэльваюць, як гэта здарылася пасьля пройгрышу савецкай каманды камандзе «рэвізіянісцкай Югаславіі», – гэта, вядома, крайні выпадак. Таксама, як і «футбольныя войны» ў Лацінскай Амэрыцы.

Але кожнага разу, калі на полі сустракаюцца зборныя Нямеччыны й Ангельшчыны, ангельскія фаны, у тым ліку й журналісты, згадваюць Другую сусьветную вайну.

А калі Японія выйграе ў Расеі, у Маскве, на Краснай плошчы, пачынаюць падпальваць аўтамашыны.

Калісьці, у далёкім 1982-м, менскае «Дынама» стала чэмпіёнам СССР, нахабна парушыўшы негалосны табэль аб рангах. Нават маскоўскі «Спартак» – улюбёную каманду Палітбюро і асабіста генсека – каманда пад кіраўніцтвам Эдуарда Малафеева тады перайграла. Як цяпер зразумела, дзёрзкая выхадка датуль сьціплых беларусаў прадвяшчала, насамарэч, хуткі скон Савецкага Саюзу.

З таго часу ні менскае «Дынама», ні зборная Беларусі вялікіх посьпехаў ня мелі. І наўрад ці хутка будуць мець. Бо футбол, у адрозьненьне ад таго ж хакею, да прыкладу, у найменшай ступені залежыць ад грашовых уліваньняў. Інакш чым патлумачыць, што СССР шмат разоў быў чэмпіёнам сьвету ды Эўропы па хакеі і ніводнага разу – па футболе? А вось посьпехі савецкага клюбнага футболу ў Кубку кубкаў (быў такі ў мінулым стагодзьдзі) зьвязаныя з сапраўды нацыянальнымі камандамі – «Дынама-Кіеў» і «Дынама-Тбілісі»! Тагачасны герой кіеўскага «Дынама» Блахін трэніруе Ўкраіну, якая прабілася ў фінальную частку ЧС-2006 і гуляе цяпер з грандамі сусьветнага футболу – гішпанцамі, на зайздрасьць расейцам і беларусам.

Чаму ж беларусы глядзяць чэмпіянат сьвету, калі яны зусім чужыя на гэтым сьвяце жыцьця? Цікавіць іх, вядома ж, ня тое, ці праб’юцца далей славянскія каманды – Сэрбія й Чарнагорыя (краіны няма, а каманда яшчэ ёсьць – вось такія дзівосы бываюць у футболе), Польшча, Чэхія, Украіна. (Зрэшты, патрыёты мясцовага гатунку палякаў з чэхамі сапраўднымі славянамі лічыць ня хочуць.) Альбо – ці пераможа, нарэшце, Стары Кантынэнт Новы Сьвет? Футболу такі прымітыўны падзел не пасуе. Ды паспрабуй тут разьбярыся – афрыканскія таленты гуляюць за ангельскія й францускія клюбы, аргентынцы – за італьянскія, палякі – за нямецкія, а за Швэцыю выступае футбаліст з падазроным прозьвішчам Ібрагімавіч.

А ўсё-ткі – сьцягі, гімны, нацыянальныя колеры ды эмблемы на тварах заўзятараў... Аранжавыя галяндзкія заўзятары нагадваюць усяму сьвету, што не Ўкраіна першай абрала гэты колер як сымбаль рэвалюцыі, а – пратэстанцкія Нідэрлянды ў XVI ст. І чырвоны георгіеўскі крыж на белым ангельскім палотнішчы пра нешта кажа сэрцу беларуса, ці ня праўда?

Шукаць у полі свабоды

Але ж і ня гэта галоўнае.

Футбол як гульня, у якой спалучыліся індывідуальнае і калектыўнае, разьлік і натхненьне, мужнасьць і хітрасьць, скарыў усе народы, бо кожны народ, як і кожны чалавек, знаходзіць у ёй тое, што адпавядае ягонаму ўласнаму характару. Ён, футбол, бясконца шырокі й разнастайны, як само жыцьцё. Але ёсьць адметнасьці, якія робяць гэтае відовішча асабліва прыцягальным для людзей. Гэта, па-першае, пачуцьцё свабоды, уласьцівае футболу. Тупая фізычная сіла ня здольная гарантаваць перамогу. Некалі татальны футбол, прыдуманы галяндцамі, стаў своеасаблівай процівагай таталітарызму, у тым ліку ў спорце. І хоць Галяндыя прайграла Аргентыне ў 1974-м, галяндцы заваявалі сэрцы гледачоў ва ўсім сьвеце назаўжды.

Сёньня нямецкая футбольная зборная, якую заўсёды раней параўноўвалі зь цяжкой бязьлітаснай машынай, дэманструе зусім іншую – лёгкую, раскаваную і элегантную – гульню. І тым заваёўвае сымпатыі сучасных гледачоў. Хоць і неабавязкова яна прынясе немцам чэмпіёнства. Тут няма лёгікі. Некалі ў 1982-м, у Гішпаніі, французы прайгралі ў паўфінале немцам, скарыўшы, тым ня менш, сваёй прыгожай гульнёй футбольнае чалавецтва.

Прыходзіць на памяць і колішні матч Нямеччыны з Аўстрыяй. Няважна, на якім чэмпіянаце гэта было. Гэта быў татальны антыфутбол. Абедзьве каманды задавальняла нічыя, і футбалісты проста імітавалі гульню. Не, яны рухаліся, нават білі ад часу да часу па брамах адно аднаго. Але гледача нельга падмануць. Увесь матч – а на трыбунах былі і немцы, і аўстрыйцы – над стадыёнам стаяў сьвіст. Такія матчы таксама здараюцца калі-нікалі. Але футбол, як і тэатар, не даруе фальшу. Любая імітацыя, падман, удары ззаду па нагах адразу бачныя мільёнам гледачоў. Мабыць, таму яго так любяць і ў Беларусі. Шукаюць у гульні тое, чаго так не хапае ў жыцьці?

Толькі аднаго футбол ня ў стане зрабіць. Ён ня можа прымусіць гледачоў самім зрабіцца дзейнымі асобамі. Футбол – гэта вялікая ілюзія сучаснасьці. Фантастычны міраж, памножаны на мільёны тэлеэкранаў, ад якога немагчыма адарвацца. Дый дзеля чаго?

Хто ня можа ўзбуджацца падчас матчаў?

Патрыярх Нон Нгет гораду Пнампэнь (сталіцы Камбоджы) паведаміў 40 тысячам камбаджыйскіх будыйскіх манахаў, што празьмернае ўзбуджэньне падчас прагляду тэлетрансьляцый з Чэмпіянату сьвету можа пагражаць выгнаньнем з супольнасьці.

— Разьвіцьцё тэхналёгій робіць немагчымым кантроль за тым, хто і дзе праглядае матчы, — гаворыць Нон Нгет. — Тэлевізійныя трансьляцыі даступны практычна ўсюды, як і адпаведная тэхніка. Але манахі павінны глядзець матчы спакойна! — настойвае Нгет.

Патрыярх Нон Нгет прыгразіў, што ўскрыкі, воплескі, галашэньні і празьмерная рухлівасьць падчас матчаў могуць стаць прычынай пазбаўленьня манаскай расы.

На мундыялі можна зарабіць

1. 20 кліентам, якія купяць тэлевізар за 1 тысячу фунтаў у Блэйргаўры (Усходняя Шатляндыя), будуць вернуты патрачаныя грошы, калі каманда Свэна Ёрана Эрыксана здабудзе тытул чэмпіёнаў сьвету. Англічане абураюцца, у той час як мясцовыя жыхары лічаць прапанову вельмі забаўнай. «Гэта амаль расізм», — заявіў адзін з ангельскіх жыхароў Блэйргаўру. Ёсьць і іншыя такія прапановы, ужо без падтэксту. Так, у выпадку перамогі каманды Эрыксана лаптоп «Тошыбы» патаньнее на 66%, а домаўладальнік зь Лёндану адмовіцца ад ежы.

2. «Таймз» зацікавілася тымі, хто на мундыялі страціць. «Ёсьць людзі, якія хочуць, каб Англія выбыла як мага раней», — пішуць журналісты. Гаворка ідзе пра ўладальнікаў рэстаранаў (яны апусьцелі, бо ўсе сядзяць дома), пунктаў пракату DVD-дыскаў (замест фільмаў кліенты вечарамі ліпнуць да тэлевізара) і букмэкеры (перамога Англіі азначае для іх фінансавую катастрофу). «Чакаюцца вельмі нэрвовыя тыдні. Кожны тыдзень удзелу Англіі ў мундыялі — гэта падзеньне продажаў», — гаворыць работнік магазыну гаспадарчых тавараў.

Столькі ўдзельнікаў нацыянальныя лігі паслалі на Чэмпіянат:

Англія 104(у 2002-м — 94)

Італія 72 (79)

Гішпанія58 (58)

Германія58 (49)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0