18.10.2019 / 10:56

Вестэрн пад Чавусамі: міліцыянт страляў у нападніка, які пагражаў нажом жанчыне

У міліцыю 17 кастрычніка паступіла паведамленне пра тое, што ў адным з прыватных дамоў у Чавусах адбыўся канфлікт, падчас якога нажом быў паранены 41-гадовы мужчына, паведамляе тэлеграм-канал Следчага камітэта.

Фота: Следчы камітэт.

Следчыя высветлілі, што ў той дзень два мужчыны і жанчына разам пілі. Пасля мужчыны паспрачаліся, 65-гадовы мясцовы жыхар узяўся за нож і моцна параніў сабутэльніка.

Калі з'явіліся міліцыянты, ён працягваў паводзіць сябе агрэсіўна. Мужчына не рэагаваў на патрабаванні праваахоўнікаў пакласці нож. Не дапамог нават папераджальны стрэл у паветра. Калі мужчына прыставіў нож да жанчыны, міліцыянт стрэліў яму ў нагу.

Абодвух удзельнікаў гулянкі адвезлі ў бальніцу для аказання медыцынскай дапамогі. 65-гадоваму інкрымінуюць наўмыснае нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Ідзе следства.

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру