18.10.2019 / 16:59

Пад іх танчыў Юрый Шаўчук, а Пітэр Гэбрыэл запрашаў на свае фестывалі: «Тройца» святкуе 20-годдзе вялікім канцэртам 4

2 снежня, Палац культуры прафсаюзаў (пр-т Незалежнасці, 25). Пачатак а 19.00.

Іван Кірчук, Юрый Паўлоўскі і Юрый Дзмітрыеў запрашаюць у чарговае магічнае падарожжа па беларускай спрадвечнай музыцы, якое немагчыма прапусціць!

2 снежня ў мінскім Палацы прафсаюзаў упершыню разам з «Тройцай» сыграюць і знакавыя беларускія музыкі, імёны якіх будуць раскрытыя пазней.

Адзін з самых вядомых беларускіх гуртоў у свеце за дваццаць гадоў існавання сыграў на сотні вялікіх фестываляў ад Малайзіі да Чылі. На рахунку «Тройцы» і выступы на культавым Sziget Festival, і ўдзел у найбуйнейшым этна-фестывалі Womad, які ладзіць экс-удзельнік брытанскага гурту Genesis і прадзюсар этна-выканаўцаў Пітэр Гэбрыэл.

Насамрэч гісторыя «Тройцы» налічвае больш за 20 гадоў. Збіраць і апрацоўваць фальклор Іван Кірчук пачаў яшчэ на пачатку 1980-х. Тады ж з выпускнікоў тагачаснай Мінскай культпрасветвучэльні (цяпер Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў) быў створаны ансамбль «Дзіва».

А ў сярэдзіне 1990-х музыкі Віталь Шкілёнак і Дзмітрый Лук’янчык прапанавалі Кірчуку запісаць сумесна народную песню, якая б добра лягла пад гітарны рыф. І пачалося…

«У мяне акурат была палеская песня «Трава мая, травушка». Я і кажу: «Давайце паспрабуем!», — прыгадвае Іван Кірчук першыя крокі «Тройцы».

— Песня вельмі ўдала лягла, і яны прапанавалі збірацца. І тут нас пачалі клікаць амбасады: амерыканская, індыйская… Пасля нас запрасіў Юрый Шаўчук сыграць на разагрэве DDT у Мінску і выступіць на піцерскім рок-фэсце, дзе ён танчыў пад «Яблынь мая». Далей Стас Намін паклікаў у Маскву… За тры гады мы даволі добра пашумелі».

Пасля з'яўлення першага альбома пад назвай «Тройца», які выйшаў у Галандыі, склад гурту змяніўся. На змену Лук'янчыку і Шкілёнку ў 1999-м прыйшлі два Юрыі — Паўлоўскі і Дзмітрыеў.

Мала, хто ведае, што тады трыа нават змяніла назву на «Этна», але пад націскам прыхільнікаў перайменавалася ў «Этна-трыа Тройца». З таго часу сённяшні калектыў і адлічвае сваю гісторыю. Таму менавіта сёлета гурт адзначае 20-годдзе.

Падчас юбілейнага канцэрта музыкі, а на рахунку «Тройцы» 7 альбомаў, абяцаюць самае лепшае і неспадзяваных гасцей, з якімі сыграюць вядомыя хіты.

Квіткі ўжо ў продажы ва ўсіх касах і на сайтах білетных аператараў. Цана: ад 28 рублёў.

NN.by

1
Жвір / Адказаць
18.10.2019 / 18:22
Віншую ! Юначы ўзрост. :)
А я думаю, чагойта мне ўчора так захацелася паслухаць "Троіцу" ? :) Містыка... 
2
ЯяЯя / Адказаць
18.10.2019 / 22:05
На іх канцэртаў правальваешся ў нірвану!
1
Грамазека / Адказаць
19.10.2019 / 11:59
Хутчэй пайду
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру