Уладзімір Мароз стаў адзіным з чатырох праціўнікаў акумулятарнага завода пад Брэстам, якога зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты, паведамляе Tut.by.
Фота: Раман Кісляк.
Уладзімір Мароз балатуецца па Брэсцкай-Памежнай выбарчай акрузе №4. Вылучаўся двума спосабамі: праз збор подпісаў і ад Аб'яднанай Грамадзянскай партыі. Нягледзячы на тое, што мужчына атрымаў падтрымку 1230 грамадзян, яго зарэгістравалі кандыдатам менавіта ад партыі.
Як прызнаўся берасцеец, надзеі на тое, што ён пройдзе ў наступны этап выбарчай кампаніі, у яго было мала.
— Я ж бачыў, як адправілі нашых кандыдатаў у кандыдаты. Сумненняў, што і мяне так жа адправяць, практычна не было. Але прыемна здзіўлены, — патлумачыў суразмоўца.
Сёння Уладзімір Мароз забярэ пасведчанне кандыдата і прыступіць да агітацыі. У найбліжэйшыя дні ён агучыць сваю падрабязную праграму. Як адзначыў кандыдат, адзін з галоўных яе пунктаў — барацьба за экалогію.
— Наша меркаванне па акумулятарным заводзе не змянілася. Вядома, гэту вытворчасць варта закрыць. Нам яно непатрэбна, — паведаміў Уладзімір Мароз.
Нагадаем, акрамя Уладзіміра Мароза ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах хацелі яшчэ тры ўдзельнікі кампаніі супраць акумулятарнага завода: Раман Кісляк, Аляксандр Кабанаў і Алена Макарэвіч. Ім у рэгістрацыі адмовілі.