У кітайскім Чжухаі адбылося лёсаванне альтэрнатыўнага выніковага турніру WTA — WTA Elite Trophy, у якім бяруць удзел тэнісісткі, што знаходзяцца ў другім і трэцім дзясятках сусветнага рэйтынгу. 

12 яго удзельніц разбітыя на чатыры «кветкавыя» групы, пераможцы якіх выходзяць у паўфінал. Арына Сабаленка (14-е месца ў сусветным рэйтынгу) трапіла ў групу «Ружа», дзе яе супернікамі будуць Эліз Мертэнс (Бельгія, 18-е месца) і Марыя Сакары (Грэцыя, 22-е).

У турніры таксама ўдзельнічаюць Кікі Бертэнс (10-е месца), Сафія Кенін (12-е), Медысан Кіс (13-е), Петра Марціч (15-е), Алісан Рыск (19-е) ды інш.

Матчы стартуюць у аўторак.

Перад пачаткам турніру з яго зняліся восем тэнісістак: у тым ліку такія зоркі, як Серэна Уільямс, Ёхана Контэ, Анжаліка Кербер, Слоўн Стывенс.

Галоўны ж выніковы турнір пройдзе з 28 кастрычніка па 3 лістапада ў Шэньчжэнь. Там згуляюць восем наймацнейшых тэнісістак свету, што займаюць у сусветным рэйтынгу месцы з 1 па 8-е.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0