21.10.2019 / 12:24

Віктар Марціновіч: Нашы праблемы паходзяць з хараства 11

Віктар Марціновіч для budzma.by разважае пра неабходнасць пераадолення нашага ўнутранага барока.

Я вось што думаю. 

Мы дарэмна гонім на 300 гадоў запрыгоньвання, на геаграфічную сітуацыю, на Савецкі Саюз. Нашыя праблемы паходзяць з хараства. З архітэктурнага і літаратурнага стылю, які квітнеў па ўсёй тэрыторыі існай Беларусі і выходзіў далёка за яе межы. Стылю, які ў пэўным сэнсе запачаткаваўся тут, бо ўзведзены ў Нясвіжы Джавані Бернардоні Фарны касцёл быў скончаны ўсяго на 9 гадоў пазней за першы ў свеце барочны храм, Іль Джэзу ў Рыме (і наконт датычнасці якога да маньерызму ці барока спрэчка яшчэ не скончаная: магчыма, наш, нясвіжскі, быў першым «чыстым» барока ў свеце). Вызначальныя працы Карла Мадэрна, Берніні і Растрэлі былі дакладна пазней.

То мы можам ганарыцца, што былі аднымі з першых. Але ці варта гэтым ганарыцца? Магчыма, нашае ўнутранае барока — акурат тое, што трэба пераадольваць.

Бо калі самых лютых вылучэнцаў «ад народа», «заступнікаў», барацьбітоў супраць паноў, ушчыльненняў і акумулятарнага завода выкрэсліваюць са спісаў кандыдатаў — гэта чыстай вады барока. Рылам не выйшлі ісці ў арыстакраты!

Калі я бачу абвесткі пра шыкоўныя балі, якія ладзяцца для тых, каму пашчасціла ўвайсці ў беларускі «свет», — гэта таксама барока.

Нават «VIP-адкрыццё» крамы таннага шведскага адзення H&M з наступнай бойкай за тое, хто мае гонар называцца беларускім VIP, — гэта барока як такое. Хайп вакол таго, ці могуць прыгажуні слугаваць арыстакратам, усякі падзел краіны на «псю крэў» і «высакародную шляхту» — гэта спадчына мыслення ў стылі барока.

У краіне, забудаванай пратэстанцкімі храмамі, у Цюрыху, з ягоным вар’ятам Ульрыхам Цвінглі, які не толькі змагаўся з упрыгажэннямі ў новых цэрквах, але і старанна знішчыў фрэскі ранейшых часоў па ўсёй падкантрольнай яму Швейцарыі, такога падзелу няма. Вы наогул не ўяўляеце, наколькі Цюрых, з’яўляючыся фінансавай сталіцай свету, самай шчыльнай канцэнтрацыяй бабла на квадратны сантыметр, чужы хваравітаму гонару мясцовай «запечнай шляхты».

У заходняй Нямеччыне, Швейцарыі і ўсіх астатніх традыцыйна пратэстанцкіх месцах ёсць улада, ёсць фінансавая эліта і ёсць — не, не чэрнь, не смаркачы неадукаваныя, але бюргеры. Якія з’яднаныя ў гільдыі і карыстаюцца павагай тых, хто тут адносіць сябе да арыстакратыі. Бо словы «быдла» ці «пралетарыят» не маюць ніякага сэнсу ў месцах, што не пусцілі да сябе барочны лад жыцця. Руская рэвалюцыя пайшла не ад Леніна, а ад Растрэлі.

Як пісаў французскі вандроўнік Астольф дэ Кюстын у сваіх нататках падчас наведвання Пецярбурга ў 1839 годзе, узнаўляючы знішчаны агнём Зімні палац, царскія ўлады памарозілі і звялі ў магілы больш людзей, чым французскія — далі зарабіць на ўбудаванні Луўра. Паходзячы з раскошнай Францыі, дэ Кюстын не мог зразумець, чаму да будаўнікоў ставяцца як да нявольнікаў, у той час як у Францыі яны паважаныя грамадзяне, што няблага атрымліваюць за фізічную працу.

Дык вось адсюль: з барока.

Барока + абсалютызм = сітуацыя ў Беларусі праз трыста гадоў. Ну як жа, скажаце вы. Барока — гэта ж яшчэ і асветніцтва, і першая энцыклапедыя, і місіянеры, што адкрылі хрысціянства палове свету.

Упершыню дзякуючы братам-езуітам, якія запачаткавалі стыль (з’яўляючыся ідэйнай супрацьвагай усё таму ж пратэстантызму), над хрысціянскім светам не садзілася сонца. Дык, па-першае, «каланізавалі», а не адкрылі. Беларусу не варта тлумачыць, у чым розніца гэтых тэрмінаў. Па-другое, вялікія французскія энцыклапедысты, у адрозненне ад дзеячаў эпохі Рэнесансу, таго ж Скарыны і Гутэнберга, ад правадыроў пратэстантызму, таго ж Лютэра, не імкнуліся распаўсюдзіць веды на ўсё насельніцтва. Скарына друкаваў Біблію мовай, зразумелай простаму люду. Лютэр для гэтага спрашчаў існую нямецкую, дзякуючы чаму ў «барочнай» Вене цяпер балбочуць на выкшталцоным дыялекце («Grüß Gott»!), які не разумеюць у з’яднанай мовай Лютэра Нямеччыне.

Дзідро, крэмзаючы сваю «Энцыклапедыю», меў у найлепшых сябрах Кацярыну, якая шчодра аплачвала высілкі асветніка і ў імперыі якой сяляне мелі прававы статус, горшы за статус прыгонных у Рыме. Вось што такое асветніцтва па-барочнаму: адукацыя для «блакітнай крыві», для ўсіх астатніх — дэкрэт на дармаедства і падатак з кожнага пладовага дрэва.

Я люблю і шаную беларускую архітэктурную спадчыну.

І нягледзячы на тое, што ў маёй асобе вы маеце ворага барока, большага за беларускія гарвыканкамы, я не заклікаю ставіцца да помнікаў барока з пагардай, зносіць ці перабудоўваць іх. Што нам трэба — асабліва тым адукаваным і дасведчаным, якія здолелі зразумець гэты тэкст, — перастаць падзяляць людзей на скаціну і шляхту. Будзьма гараджанамі, будзьма буржуа. Тады і разняволенне наспее.

Праз якія 300 гадоў.

NN.by

2
Танчык / Адказаць
21.10.2019 / 13:34
Вельмі цікаве меркаванне. Мне здаецца, што падзел на скаціну і шляхту пачалося тады, калі беларусы перасталі жыць у сваей краіне, страцілі яе, перасталі тут штосьці вырашаць. "Панаехаўшыя" з захаду і ўсходу пачалі за кошт мясцовых самасцвярджацца, і мясцовыя ім гэта дазволілі, за что і паплаціліся. А тыя, хто прадаўся новай уладзе, пачалі сябе паводзіць, як іх новыя гаспадары, але так рабамі і засталіся. Толькі чалавек з самапавагай можа адносіцца да іншага як да роўнага.
3
Казік / Адказаць
21.10.2019 / 15:27
Надта глыбака капнуў, як па мне. Беднасць і нястача - вось прыдатная глеба для росту зайздрасці і пыхі. Чалавек у нястачы ўвесь час у стрэсе: як выжыць, як разлічыцца з даўгамі, ніякай упэўненасці ў будучыні, што атрымаў, тое патраціў. Для яго выгляд заможнага - гэта кожны раз дэманстрацыя несправядлівасці свету. Сярэдні клас глядзіць на мільянера значна прасцей: бач, значыць працуе больш, і я б мог, але ў мяне і на жыццё хапае, ёсць свой дом, хапае на сябе і дзяцей, не баюся змены працы. Беднаму ж трэба кампенсаввць адчуванне непаўнавартасці, адсюль і панты і высмактаныя з пальца нагоды ганарыстасці. Дзе барока, Віктар? Мо вока ў Вільні замылілася? Вакол савецкія панэлькі.
2
гыгыгы / Адказаць
21.10.2019 / 16:23
Ага, и кали учорашни старшыня калгасу а сенняшни начальник якогась пасярэняга падглаунага и напалову асноунага упраулення идэалогии гасп службы дэпартамента паднясенняу администрацыи прэзидэнта заяуляе што:" мы все далжны гаварыць па русскаму, патаму шта как сказал наш прэзидэнт беларусский язык грубый бедны и никаму нянужны" Гэта - так сама барокка, то бок спроба азначыць сваю належнасць жа арыстакратыи шляхам поунай адмовы таго што было родным для цябе учора- так ставицуа межа памиж тыми дзе ен быу учора и яго сенняшним " барокка" - вы халопы, а я пан! Ничога и сапрауды быццам ба за 300 гадоу не змянилася - так сама як тады шляхта лезла у паляки, так и сення прыкарытники хочуць у русаки.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру