22.10.2019 / 21:06

Пра суч-арт, творцаў без яец і асабістае жыццё — інтэрв'ю з Аляксеем Кузьмічом, які прыйшоў на выставу з шыльдай Мінкульта на інтымным месцы 25

Пра Аляксея Кузьміча пачулі нават тыя, хто не цікавіцца суч-артам. Імя мастака абляцела СМІ пасля яго акцыі пратэсту з шыльдай Міністэрства культуры на інтымным месцы.

З Аляксеем сустракаемся ўвечары пасля працы. Ён прыходзіць у бейсболцы і цішотцы з цытатай Бродскага «Не выходзь з пакоя, не рабі памылку». Расказвае, што ўладкаваўся на новую работу — сумоўе прайшоў яшчэ да сваёй акцыі, і пасля яе наймальнік не перадумаў яго браць. У інтэрв'ю «Нашай Ніве» Аляксей расказаў пра сваю сям'ю, яе рэакцыі на яго голы перформанс, пра свае прынцыпы, пра ММА і чаму не збіраецца жаніцца.

«Прапаноў рэкламаваць віягру, на здзіўленне, не паступала»

«Наша Ніва»: Як вам жывецца пасля таго, як уся краіна пабачыла вас голым?

Аляксей Кузьміч: Ды нядрэнна-нядрэнна, у прынцыпе. Як і раней, проста весялей крыху.

«НН»: Прапаноў рэкламаваць віягру, сэкс-шопы не паступала?

АК: На здзіўленне, не. Паступалі рознага роду прапановы ўдзелу ў нейкіх івэнтах, выставах, шоу, зняцца ў кліпах з вядомымі артыстамі, напрыклад з Лявонам Вольскім. Але мяне гэта ўсё не цікавіць, я ім усім даю адмову. А вось віягра на мяне не выходзіла.

«НН»: А калі б прапанавалі? За вялікую суму грошай?

АК: Ну не, мне гэта нецікава. Я разглядаю мастацтва як сур’ёзную справу. Я магу прыколвацца ў ім, але я не раблю мастацтва для шырокага спажыўца, не задавольваю нечы густ і патрэбу. Я стараюся ўздымаць пытанні, якія актуальныя ў дадзены момант часу. У нейкай ступені стараюся выяўляць хваробы грамадства і сістэмы, у якой мы знаходзімся.

Я спецыяльна не займаюся камерцыйным мастацтвам, каб не падаць у гэту багну заказчыка. Дастаткова паглядзець, што ў нас прадаецца ў салонах, галерэях, каб зразумець, што на мастацтве зарабляць, прынамсі ў краіне, дзе начыста адсутнічае густ і мастацкая адукацыя, — гэта дрэнная ідэя.

«НН»: Чым вы тады зарабляеце?

АК: Я працую ў іншай галіне. Я ux-дызайнер [дызайнер у ІТ, праектуе інтэрфэйсы. — NN.by]. І калі раней у мяне яшчэ былі ілюзіі наконт заробку ў мастацтве і пры гэтым захавання сваёй незалежнасці, то яны разбіліся пасля першага ж старту, калі я ўзяў удзел у арт-групе «12» і калі быў камерцыйны праект, у якім працэнтаў 90, што рабіць, як, дыктавалася спонсарамі, замоўцамі. Гэта ніякае не мастацтва, ніякай свабоды творчасці там няма.

Я вырашыў пасля гэтага сысці з групы і яшчэ больш зацікавіўся мастацтвам, але ў іншых яго іпастасях, у прыватнасці, без прамога ўплыву галерэй і арт-інстытуцый. Я раблю арт-інтэрвенцыі — у НЦСМ [Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. — NN.by] гэта быў класічны прыклад, калі мастак урываецца ў інстытуцыянальнае поле, каб даследаваць кантэкст і зрабіць сваё выказванне.

Я не ставіў мэтай атрымаць піяр і ўвагу сродкаў масавай інфармацыі. Мне больш было цікава атрымаць рэакцыю сістэмы на сваё дзеянне. Насамрэч, акцыянізм мае цудоўную ўласцівасць ускрываць хваробы, якія закладзены ў глыбозных слаях грамадства ці сістэмы, дзе мы знаходзімся. І як паказваюць вынікі майго дзеяння, у нас ёсць пэўныя праблемы з культурным полем.

«НН»: Якія праблемы вы ўскрылі?

АК: Напрыклад, праблему самацэнзуры. Людзі баяцца падацца сабой і пастаянна носяць маскі — крывадушша адбываецца. Нейкая накідка, якую мы добраахвотна накідваем, замест таго каб быць сабой і рабіць тое, што блізка табе і што лічыш патрэбным. Адпавядаем нейкаму шаблону, які быў створаны калісьці даўно, хоць час забег наперад і адпавядаць мёртваму шаблону, мне здаецца, — гэта быць мёртвым самому.

«НН»: Не баіцеся, што пасля акцыі вам будуць закрыты дзверы ў мінскія галерэі?

АК: Мінскія галерэі — паняцце адноснае. Бо пад словам «галерэя» разумеецца месца, дзе ёсць мастацтва, але такіх месцаў у нас у краіне дастаткова мала. Галерэі, якія прапануюць толькі салоннае мастацтва, мяне і да гэтага не цікавілі. 

Калі вы маеце на ўвазе дзяржаўны зрэз галерэй, то, натуральна, мне дарога ўжо закрыта. І НЦСМ вельмі шкадуе, што ў нейкі момант захацеў цікавага мастака. Калі я з імі сустракаўся, яны сказалі: вось, нам надакучыла тое, што ў нас адбываецца.

У нас такая сітуацыя, што большасць, хто ў тэме культуры, разумеюць, што навокал творыцца поўная жэсць і дзіч.

Пад слова «мастацтва» выдаецца рамяство: нейкія вырабы, штосьці прыгожанькае, тое, што вісіць 2D на сцяне. Але мастацтва — гэта заўсёды нешта новае ці прынамсі імкненне да выказвання, якое актуальна.

Канешне, проста адлюстроўваць прыгажосць свету — таксама мастацтва, але немагчыма ж толькі гэтым падмяняць усё астатняе. І праблема нашага мастацтва, што чалавек не бачыць за традыцыйнымі формамі магчымасці дыялогу з сучасным мастацтвам. Паколькі традыцыя, якая існавала ў Савецкім Саюзе, з поспехам перакачавала ў ХХІ стагоддзе і шырокі чалавек не хоча адукоўвацца ў культурным плане. Па ступені адукаванасці ён застаўся недзе там, у мінулым стагоддзі, і гэтымі крытэрыямі мерае век сённяшні. А ўлічваючы, што за год мы з касмічнай хуткасцю пераадольваем шалёныя адлегласці па часе і ляцім кудысьці ў іншую галактыку, то кіравацца старымі, парослымі цвіллю ведамі азначае каціцца з такой жа хуткасцю назад.

«НН»: Дзе тады ў Мінску шукаць сапраўдны суч-арт?

АК: Па вялікім рахунку, існуе толькі адна галерэя — «Ў», — якая спрабуе займацца прэзентацыяй сучаснага мастацтва ў нас у краіне. Яна спецыялізуецца на актуальных практыках. Акрамя яе, напэўна, няма больш ніводнай, як гэта ні сумна. Ёсць асобныя месцы, дзе можна паглядзець сучаснае мастацтва, але яно будзе прадстаўлена хаатычна.

Ok16 штосьці спрабуе рабіць у гэтым кірунку таксама, але ўлічваючы, што галоўны спонсар гэтай прасторы — Белгазпрамбанк, то, зразумелая справа, ён дыктуе правілы гульні. А калі глядзець на яго дзецішча «Асенні салон» ці «Арт-Мінск», то можна зрабіць выснову, што мастацкі густ пад вялікім пытаннем. Там працэнтаў 90, напэўна, файн-арта, традыцыйных формаў мастацтва. І гэта падаецца як нешта майстэрскае, навамоднае. Так, магчыма, гэта майстэрскае, я не спрачаюся, але гэта рамяство. Чалавек не паказвае нічога новага, толькі наколькі добра яго навучылі ў акадэміі і наколькі класна ён можа папрацаваць рукамі. Але чым ён тады адрозніваецца ад кітайскага рамесніка, які прадае за даляр высакакласны выраб?

Рэальнасць такая, што сучаснае мастацтва не вызначаецца тым, што ты зрабіў уручную. Яно хутчэй вызначаецца сілай думкі і ступенню навізны нейкага тэхнічнага арсеналу і канцэптуальнага складніка.

Дастаткова стрыкотна, што банк спрабуе кіраваць сучасным мастацтвам у нас у краіне. З аднаго боку, ён быццам робіць добрую справу, папулярызуе яго, а з іншага — задае трэнд і густ гледача, і ўсё гэта зводзіцца больш у бок забавы. Мастацтва падаецца яе нейкі прыкольчык, нешта смешнае. Выстава — такое месца, дзе можна цудоўна правесці час.

Але на самай справе сутыкненне з мастацтвам можа быць вельмі балючым. І сучаснае мастацтва не заўсёды пра хараство. Яно прабірае, рэзаніруе, урываецца ў тваё поле і спрабуе залезці як мага глыбей у цябе, закрануць самыя глыбокія нейроны, каб змяніць бачанне сітуацыі.

На «Асенні салон» замест таго каб думаць, людзі прыходзяць сэлфіцца, каб выкінуць у інстаграм, што яны былі ў галерэі.

«НН»: А гэта дрэнна?

АК: Не, гэта нармальна. Але ніхто не спрабуе пранікнуць глыбей, прачытаць тэкст — эксплікацыю, якая да твора мастацтва прымацавана.

Я, напрыклад, заўсёды выкарыстоўваю эксплікацыю, каб глядач мог пазнаёміцца бліжэй з маёй творчасцю і параўнаць сваё бачанне і бачанне аўтара. Але, як паказвае практыка, вельмі мала людзей чытае тэкст. Мы ўсе спяшаемся, банальна няма часу, каб проста кінуць позірк на нейкі твор, не кажучы пра тое, каб унікнуць у яго. Але ж у гэтай глыбіні ўся соль. Немагчыма зразумець нешта, не ўдзяліўшы гэтаму шмат часу.

Сучаснае мастацтва як трыгер па скачку са штампаў. Мы жывём у балоце, якое складаецца з комплексаў, абмежаванняў, несвабоды. Мы жывём у міксаванай прасторы, якая не хоча нас адпускаць. І каб з яе вырвацца, трэба адукоўвацца.

«Акадэмія — мясарубка, якая перамолвае ў аднародную масу творчага чалавека»

«НН»: Раскажыце пра сваю сям’ю. У вас жа тата вельмі вядомы мастак [Аляксей Кузьміч-старэйшы вядомы серыяй карцін «Мадонны». — NN.by].

АК: Так. Я нейкі час займаўся прадзюсіраваннем яго мастацтва. Арганізоўваў выставы, як у Беларусі, так і ў Еўропе — Францыі, Германіі, Італіі, Эстоніі, Латвіі… Нават у Кітаі атрымалася зрабіць.

Я з дзяцінства быў далучаны да мастацтва. Тата — мастак, мама — яго муза, мадонна, бабуля — настаўніца, дзядуля — хірург. Натуральна, з тэатраў, музеяў я не вылазіў. Мастацтва мне падабалася з дзяцінства. Гартаў у майстэрні таўшчэзныя кнігі бацькі, пазіраваў яму, сам таксама маляваў. Але мастаком я не стаў да 30 гадоў, бо пэўныя сацыяльныя рамкі былі прадыктаваны ў сям’і і грамадстве.

Жыццё мастака вельмі складанае і цярністае. Але гэта мой выбар у свядомым узросце, я да гэтага прыйшоў, калі зразумеў, што займацца мастацтвам — гэта адна з тых стваральных сцежак, якія маюць сэнс у жыцці.

«НН»: Як думаеце, як бы ваш бацька адрэагаваў на акцыю?

АК: Думаю, што станоўча. Нягледзячы на тое, што ён не любіў мадэрністаў і дастаткова адмоўна ставіўся да сучаснага мастацтва. Ён наогул не баяўся казаць ні аб чым, таму з-за сваёй шчырасці часта пакутаваў. Я думаю, ён бы падтрымаў маё дзеянне. Ён хацеў, каб я займаўся мастацтвам. Але ўся астатняя сям’я не хацела гэтага.

«НН»: Астатнія ў сям’і як паставіліся да акцыі?

АК: Вельмі дрэнна. Мы цяпер не размаўляем з сям’ёй. Мама дала вельмі дакладную ацэнку гэтаму ўчынку, яна сказала: «Калі я адкрыла газету, я ўбачыла свайго сына распятым». І мне здаецца, я трапіў акурат у мэту, бо ў мяне стаяла задача паказаць вобраз сучаснага мастака ў Беларусі. Распяты мастак, які не мае магчымасці зрушыцца ні ўлева, ні ўправа, ён з усім згодны, ён анігіляваны асяроддзем. Гэта безвыходная сітуацыя, калі, з аднаго боку, ты знаходзішся ў капіталістычнай мадэлі, калі ты не творца, а работнік, а з іншага — у цвёрдых рамках ідэалагічнай мадэлі, калі ад цябе патрабуюць трымання пэўных штампаў.

«НН: У адным інтэрв’ю вы казалі, што рады, што не вучыліся ў Акадэміі мастацтваў, і называлі яе «балотам». Патлумачце.

АК: Паўтару сваю думку, што сучасны свет хутка развіваецца. І тыя аўтарытэты і канцэпцыі, якія былі актуальныя ўчора, ужо разбіты ў пух і прах сёння. Трымацца нечага аднаго ўсё жыццё немагчыма проста. Але як паказвае вопыт нашай акадэміі мастацтваў, гэта рэальна. Бо бедных падлеткаў там вучаць рэчам, якія былі 60, 70, 100 гадоў таму.

Іх вучаць рамяству, і гэтым ламаюць цалкам усё імкненне маладога чалавека па пераадоленні прасторы. Усе імкненні, якія прыкладае мастак, каб самавыявіцца, сякуцца на корані.

Гэта выліваецца ў тое, што мастак мусіць маляваць натуру, пейзаж, вывучаць перспектыву. Быццам бы ўсё класна. Але калі ён выходзіць у рэальны сектар жыцця, ён разумее, што сучаснае мастацтва зусім не аб тым, яно не аб перспектыве і партрэтах. Там нейкія тэхналогіі, робаты, шалёны відэаарт. «А вось я зараз зраблю», — думае. А потым сутыкаецца з такім феноменам: твор падобны да таго, які ён рабіў у Акадэміі. Бо ён не можа вызваліцца ад гэтай сеткі, якую на яго накінулі.

Акадэмія — нейкая мясарубка, якая перамолвае ў аднародную масу творчага чалавека. Яна рыхтуе работнікаў для афармлення бізнэсу — банкам, фондам, карпарацыям патрабуюцца мастакі для ўпрыгажэння і стварэння дэкарацый іх дзейнасці. Таксама як і палітычным, ідэалагічным структурам. Усім арганізацыям патрабуецца паўставаць у нейкім амплуа перад соцыумам.

Наша акадэмія не рыхтуе грантаедаў — яны стаяць вышэй у харчовым ланцужку. Яна рыхтуе мастакоў, якія будуць стаяць на вуліцы, прадаваць свае карцінкі за 50 рублёў і сушыць дома сухары. Або дзяржаўных мастакоў, якія будуць маляваць чыноўнікаў і чакаць, калі ўпадзе нейкі кавалак у выглядзе дзяржзакупкі і маліцца на яго.

Я не кажу зараз толькі аб Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, гэта было б смешна. Я кажу аб любой акадэмічнай адукацыі, якая ставіць у галаве чалавека лішнія штампы і стэрэатыпы. Мы прадукты асяроддзя. Рабіць нейкую выбарку і будаваць сябе самому, выбіраючы шляхі і веды, якімі ты будзеш сябе загружаць — мне здаецца, больш цікавы шлях. І ніякая акадэмічная адукацыя ў гэтым не дапаможа, толькі самаадукацыя.

Таму калі я прыняў рашэнне станавіцца мастаком, я вывучаў гісторыю мастацтваў, тэхнічныя бакі, якія былі мне патрэбны ў стварэнні твораў (напрыклад, спецыялізаваны софт па відэамантажы).

«Сорамна быць мастаком, пра якога думаюць, што ён задавольвае густы абывацеля»

«НН»: Пытанне абывацеля. Патлумачце, што мастацкага ў вашых прыбітых дошках і намаляваных словах.

АК: Гэтая выстава «540» — паўтара абарота сальта. Калі ты замест таго, каб станавіцца на ногі, становішся на галаву і пасля кручэння не разумееш, дзе знаходзішся — думаеш, што ўсё ў парадку, а насамрэч усё наадварот. Гэты перагорнуты свет, дзе сцёрты межы, гіперглабалізаванае асяроддзе, у якім не зразумела, дзе арыентыры. Мая выстава пра гэта.

Нейкія сур’ёзныя праблемы, якія мяне хвалююць, я спрашчаю да пары слоў — мне здаецца, гэта ідэальна адпавядае нашаму сучаснаму мысленню, калі мы не здольныя ўвабраць і асіміляваць аб’ёмную канцэпцыю, бо ў нас няма часу. Мы счытваем карцінкі, выбарачныя словы.

«НН»: На выставе быў надпіс «Мастак мамант, мастак вымер». Што гэта значыць?

АК: Гэта роздум аб тым, хто такі сёння мастак. І на мой погляд, тут нейкі здзек над драматычным вобразам мастака, які раней быў глыбай, на якога раўняліся масы, які мог сказаць сваёго слова і не пабаяцца наступстваў. Ён настолькі старажытны, наколькі старажытнымі былі маманты. І як вядома, мамантаў няма сярод нас гэтак жа, як і тых мастакоў-глыб, якіх мы ведаем з гісторыі мастацтваў.

Сучасны мастак — мягкацелы, у ім змыты гендар, ён такі латэнтны, шэранькі, забіты, заціснуты. Сярод іх практычна няма асобаў.

Я, калі знаёмлюся, нават мастаком сябе не называю. Звычайна аб сваім родзе дзейнасці кажу, што я дызайнер. А потым калі чалавек выпадкова даведваецца, што я мастак, чамусьці думае, што я абавязкова штосьці зраблю на заказ — намалюю партрэт ці аформлю сценку ў спальні.

Такія дзеянні з боку мастака акрамя як убогімі лічыцца не могуць, і гэта проста сорамна быць мастаком, пра якога думаюць, што ён задавольвае густы абывацеля. Такім мастаком я быць не хачу.

Я хачу быць тым чалавекам, які незалежна ад сацыяльнага і камерцыйнага ціску будзе рухаць ідэі, якія ён лічыць неабходнымі для асабістага выказвання. Таму я не прадаю свае працы, і апошнім часам мне цікавы акцыянізм як найбольш вольная форма самавыяўлення, калі ты ні з кім нічога не ўзгадняеш, нікога не папярэджваеш, не падпісваеш кучу паперак. Як я з НЦСМ падпісваў дамову, дзе простым тэкстам сказана, што забараняецца ўздымаць рэлігійныя, палітычныя тэмы, ушчамляць пачуцці розных сацыяльных груп.

«НН»: Такія дамовы ва ўсіх галерэях падпісваюць?

АК: Думаю, так. У НЦСМ потым трэслі гэтай дамовай і прасілі, каб я выбачыўся.

Гэта не толькі ў нас такая краіна. У заходніх галерэях таксама хапае мінусаў. Проста я жыву ў Беларусі, варуся ў мясцовым кантэксце і раблю выказванні, датычна мясцовых праблем, а не глабальных.

«НН»: Кіраўнік цэнтра сучаснага мастацтва выказаўся, што ў вас проста няма таленту.

АК: Словы гэтага чалавека не варта ўспрымаць як яго уласныя думкі. Бо неабходна разумець, што дырэктар цэнтра — чыноўнік, спушчаны па вертыкалі ўлады, і яго рэакцыя — рэакцыя сістэмы на маё дзеянне. Гэта меркаванне структуры, знак якой вісеў у мяне на інтымным месцы, аб свабодзе самавыяўлення. Уключаецца абарончы механізм. У пачатку нашай размовы я сказаў, што акцыянізм мае ўласцівасць агаляць праблемы, якія прысутнічаюць, і цікавы прыклад адбыўся, калі сістэма пачала рэагаваць на дзеянні аднаго мастака і прыадкрываць таямніцу ўнутраных механізмаў сваёй працы. Міністэрства культуры рукамі галерэі спрабуе прыбраць нязручнага суб’екта, які шкодзіць ідэалагічнай сістэме мастацтва нашай краіны.

«НН»: У вас была першая акцыя «Тварэц без яец», дзе вы хадзілі на выставе ў касцюме дворніка. А вы творца з яйцамі?

АК: (Усміхаецца) Ну гэта ўжо вырашаць вам і гледачу.

Наогул у той акцыі я паставіў сябе на месца мастака, які без іх. Дзе ён на свяце жыцця ходзіць і падмятае, а ззаду напісана пампезнае слова «тварэц». Усе вакол п’юць шампанскае, весяляцца, віншуюць адно аднаго з адкрыццём выставы, а ён ходзіць, як зомбі з мяцёлачкай. Задача мастака — гэта вычышчэнне нечых праблем, навядзенне марафету, узвядзенне дэкарацый і касметыкі. У некай ступені гэта наёмны кілер, які сцірае непажаданае. Толькі калі кілер працуе па-буйному, то мастаку адведзена роля звычайнага прыбіральшчыка.

«НН»: Каго з сучасных беларускіх мастакоў лічыце таленавітым?

АК: Ведаеце, практычна ніхто не падабаецца з беларускіх мастакоў з той простай прычыны, што ўсё згодныя са сваёй анігіляцыяй асяроддзем. Няма ніякага супраціву сістэме, якая закавала мастацкі працэс у нашай краіне.

З тых, хто на памяці, падабаецца Міхаіл Гулін і яго акцыя, дзе ён ходзіць у Мінску ў ружовай сукенцы з шыльдай «я не гей» гадоў 10 таму, калі за гэта сур’ёзна можна было пацярпець. Мне здаецца, гэта круты перформанс.

Руслан Вашкевіч таксама часам робіць цікавыя рэчы, і мне хутчэй падабаюцца не яго творы, а стаўленне да сітуацыі, яно блізкае мне — стаўленне як да беспрасветнага мастацкага балота, якое паглынула ўсё вакол.

«НН»: Ну а Цэслер, Ніка Сандрас?

АК: Ніка Сандрас — шчыра кажучы, я не ведаю, хто гэта.

А Цэслера, канечне, ведаю. Ёсць нейкія прыкольныя работкі, але казаць, што ён настолькі круты, як яго раздьмулі, я б не стаў.

«НН»: Для кагосьці мастацтва — гэта пейзажы, нацюрморты. Што з гэтым рабіць?

АК: Ды нічога. Гэта мае права на жыццё. Іншая справа, што звычайна мастацтва гэтым і заканчваецца для шырокага гледача, які мае нахабства цікавіцца ім у нашай краіне. Бо вядома, што мастацтва дзесьці на задворках, у самым нізе навінавага радка. Яно ў прынцыпе нікому не цікава, бо над мастацтвам трэба думаць, яго трэба адчуваць, яно не заўсёды бывае прыгожым і бязбольным. Таму глядач у шырокім сэнсе, канечне, аддае перавагу файн-артс, любіць нешта прыгожае і мае на гэта права. Проста не перашкодзіла б прыкладаць намаганні да адукацыі і даведвацца аб вопыце праяўленні мастацтва ў сусветнай практыцы, каб пашыраць свой кругагляд.

У нас пад словам «мастак» — абавязкова чалавек, які нешта лепіць, малюе. Але ў сусветнай практыцы мастаком можа быць чалавек, які наогул нічога не робіць. Напрыклад, быў мастак, які год не займаўся творчасцю, і гэта быў яго перформанс.

«НН»: Што для вас пошласць?

АК: Пошласць — напэўна, вешаць на сцяне прынт вядомай карціны, куплены ў гіпермаркеце.

«НН»: У вас дома, дарэчы, вісяць карціны?

АК: Так, вісяць «Мадонны» бацькі, раней вешаў свае працы, але апошнім часам мне падабаецца мінімалізм і я наогул прыбіраю усё са сцен, каб нічога не адцягвала ўвагу ад той канцэнтрацыі думкі, якая нараджае ў галаве наступную ідэю твора. Мая майстэрня — гэта галава. Чаму, напрыклад, перастаў займацца баявымі адзінаборствамі? Бо зразумеў, што галава мне спатрэбіцца для іншых, больш важных і цікавых спраў, а не толькі каб ёю ўхіляцца і есці.

Маё мастацтва — гэта мастацтва думкі. Я не раблю нешта рукамі, а потым надаю гэтаму сэнс. Спачатку з’яўляецца ідэя, і я шукаю спосаб яе рэалізацыі.

«Абазначаю свой статус як свабодныя адносіны»

«НН»: Вы разняволены чалавек?

АК: Ну, у залежнасці ад сітуацыі і свайго настрою. Магу быць вельмі сарамлівым, магу быць разняволеным. 50 на 50. Я Шалі па знаку Задыяка — хто верыць у знакі, пагодзіцца, што шалі дастаткова дваякія.

«НН»: На нудзісцкія пляжы ходзіце?

АК: Не, я не эксгібіцыяніст (смяецца). Многія думаюць, што я спецыяльна хацеў раздзецца перад жанчынамі, дзецьмі. Але, насамрэч, гэта быў проста неабходны атрыбут акцыі, дзе патрабавалася паказаць вобраз мастака. Было б дзіўна, калі б ён быў адзеты, усміхаўся і пляскаў у далоні.

«НН»: Як трымаеце сябе ў форме?

АК: Апошні год я вывучаю ангельскую па вечарах, таму няма часу на актыўныя заняткі спортам. Раней вельмі шмат часу гэтаму надаваў, больш за 10 гадоў займаўся рознымі відамі адзінаборстваў. ММА — гэта мой галоўны від спорту. А так і тайландскі бокс быў, і класічны, і грэплінг. А цяпер проста падтрымліваю форму — хаджу на турнікі, брусы на вуліцы, плюс перасоўваюся на ровары па горадзе, калі няма снегу і дажджу. Усяго толькі.

Не трэба займацца ў трэнажорных залах, есці пратэіны, чытаць качкоўскія часопісы. Усё нашмат прасцей: проста не трэба есці ўсякую лухту з мноствам цукру, транстлушчаў, солі. Аскетычны падыход да харчавання плюс правільны рэжым дня і мінімальныя фізічныя нагрузкі, якія можна параўнаць з фізкультурай, — і будзе нармальнае цела.

Канечне, не ўсім аднолькава шанцуе з генетыкай. Я б падзякаваў тату і маме за гэта.

«НН»: Вы жанаты?

АК: Не.

«НН»: А дзяўчына ёсць?

АК: Я звычайна абазначаю свой статус як свабодныя адносіны, бо я да адносін сур’ёзна стаўлюся і ў той жа час не хачу быць прывязаны да пэўных людзей.

Наогул, стараюся ў сваім жыцці вызваліцца ад прывязак. Думаю, калі б я быў абцяжараны сям’ёй, дзецьмі, то намеры зрабіць штосьці ў сучасным мастацве наўрад ці праяўляў.

«НН»: То-бок у ЗАГС вас не зацягнеш?

АК: Не, у ЗАГС я дакладна не пайду, і адзначаць вяселле не буду (смяецца). У гурта «Крывасток» ёсць клёвая тэма, называецца «Жэсць», і там такія радкі наконт вяселля: «Свадьба, хоть ты меня за яйца подвесь, жесть, сноха, свекровь, золовка, тесть…». Мне здаецца, гэта ідэальная ілюстрацыя таго, што такое вяселле.

«НН»: Ёсць выраз, што мастак павінен быць галодным. Вам добра працуецца на галодны страўнік?

АК: Напэўна, усё добра ў меру. Яшчэ адна з прычын, чаму не хачу заводзіць зараз сям’ю, сур’ёзныя адносіны, бо ты трапляеш у зону камфорту — ты ўлюбляешся, не хочаш нікуды рухацца, увесь час хочаш быць з пэўным чалавекам. Я ўжо праходзіў праз гэта. У мяне было ўсяго двое сур’ёзных адносін. І за гэтыя перыяды я не зрабіў роўным лікам нічога. У маім выпадку, калі я вольны як вецер, толькі тады магу ствараць і праяўляць сябе як мастак.

Я думаю, што, калі ў мастака шмат грошай і ён усім задаволены, ён мёртвы. У той жа час, калі табе ўжо зусім няма чаго есці, то таксама наўрад ці ў цябе будзе час на мастацтва.

У цэлым, калі грамадства развіта, эканамічная сітуацыя добрая, то мастацтва таксама не будзе. Вострае мастацтва заўсёды будуецца на нейкай праблеме, прасторы, якую трэба пераадольваць.

І вось акцыя «Шчыт» — яна пра пераадоленне. Мастацкая супольнасць вельмі станоўча ўспрыняла гэта дзеянне. Многія масцітыя мастакі мне дзякавалі, выказвалі свой рэспект.

«НН»: Апошняе пытанне. Якім павінна стаць Міністэрства культуры, каб вы гэтую шыльду павесілі на больш пачэснае месца?

АК: Думаю, яно павінна проста знікнуць. Чаму не? Гэта перажытак мінулага, які займаецца тым, што з’ядае нашы падаткі, указвае шырокаму гледачу, што сёння модна, а што дрэнна, праводзіць жорсткую ідэалагічную палітыку. І калі б яно знікла, было б класна. У многіх развітых краінах няма міністэрства культуры. Або яно нясе зусім іншую функцыю.

Калі ты не праяўляеш да міністэрства лаяльнасць, не выкарыстоўваеш аральную стымуляцыю ў пэўных месцах і не вядзеш сябе па патрэбным шаблоне, то ты становішся няўгодным і трапляеш у блэк-лісты. Такі шлях быў у майго бацькі з 1975 па 1990-я гады, калі яму не давалі магчымасці выстаўляцца, не дапускалі да дзяржаўных заказаў, проста таму што ён маляваў аголеную натуру.

«НН»: Куды тады ўладкаваць усіх чыноўнікаў, якія працуюць зараз у Мінкульце?

АК: Ды выгнаць іх на заводы, хай папрацуюць хоць крыху.

Наталля Лубнеўская, фота Волі Афіцэравай

102
Гражданин России / Адказаць
22.10.2019 / 11:05
Простите, статью читать не стал. Времени нет. Но считаю, что молодой человек, который на интимное место нацепил себе "шыльду минкульта" - это герой нашего времени. Олицетворения интеллекта прогрессирующей белорусской молодёжи. Ура, товарищи! 
17
Алл / Адказаць
22.10.2019 / 11:40
Этот художник склоне к эпатажу и провокации в искусстве . Хороший представитель  данного направления . Хотелось бы больше увидеть молодежи в этом направлении  в рамках   закона конечно. 
3
Lisoid Kotov / Адказаць
22.10.2019 / 11:45
ИнЖест
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру