22.10.2019 / 10:10

Што будзе з нашай кватэрай? Казка (але ў ёй намёк) 9

Я хацеў бы расказаць вам пра сваю вялікую сям’ю.

Наш шаноўны бацька даволі строгі чалавек, чаго хаваць.

Па ўсіх крытэрах такі сабе тыповы хатні тыран, які лупіць непаслухмяных дзетак, нават кошку можа нагой пхнуць, чаму б не. Неяк, перад Новым годам, у 2010-м, палову хаты нам разнёс, такі бардак быў. Добра што суседзі злева, за тоўстай сценкай, пачулі, што нешта ў нас не ў парадку, захваляваліся, сталі ў дзвярны званок званіць, а то разнёс бы хату ўшчэнт.

Але пасля, мабыць праз некалькі год, нешта моцна перамянілася. Мабыць, вырашальную ролю мела тое, што закадзіраваны з 1991 года сусед справа, за той, тонкай сценкай, сарваўся. Зноў падсеў на гэтую рэдкасную дрэнь, некаторыя яшчэ называюць яе «імперскасцю». Страшна рэч, што яна з людзьмі робіць. Выбіў ён дзверы да іншага нашага суседа па паверсе, заняў у яго два невялічкія пакойчыкі і сказаў, што цяпер ён будзе іх выкарыстоўваць як кладоўку, будзе захоўваць там усялякі хлам: нямытыя банкі, зламаныя лыжы. Цэлая трагедыя, карацей. Сусед жа хацеў з’ехаць ў нармальны, цывілізаваны раён, але цяпер як прадаць кватэру, калі такое тут ўчыніў сусед.

І раптам ўсе адчулі, што бацька ўжо і не бацька, а дзед.

Раней, калі дзед быў яшчэ бацькам, была дома шчырая нянавісць. Ненавідзела бацьку-тырана плюс-мінус палова жыхароў дома, а ён у сваю чаргу адказваў узаемнасцю. Некаторыя жыхары спрабавалі яго дражніць мянушкамі пра лысую гуму і г.д., а потым гэта кудысьці знікла. Усё так абсалютна бяззуба стала, проста смешна назіраць. Знікла гэтая сапраўдная нелюбоў. Змяніўся і бацька, яго крыкі перасталі быць такімі рэзкімі, на іх проста перасталі крыўдзіцца, звяртаць ўвагу. Гэта ж дзед, што з яго ўзяць, — стары чалавек, самі разумееце. Усё гэта выглядае, быццам не ўсур’ёз, быццам гэта такая вясёлая гульня. Усё так міла і па-свойску.

Дык вось, на дзеда запісана наша супольная кватэра, падабаецца гэта нам ці не, але ўсе дакументы ў яго. Як чалавек у гадах, дзед капрызны, своеасаблівы. Ён увесь час забывае зачыніць ўваходныя дзверы, хоць мы тут усёй кватэрай яму тлумачым, што ў нас не зусім адэкватны сусед справа, але ён нас так і не слухае. Насамрэч, дзеда з суседам звязвае шмат розных рэчаў, яны разам на лыжах катаюцца, у даміно гуляюць, але самае галоўнае — яны там разам самагон робяць, трубы ідуць аж праз нашу кватэру, атрымліваецца такая добрая дабаўка да пенсіі, ну і нам трохі лягчэй жыць. Нядаўна вось некаторыя з нашых паніку паднялі, бо бачылі, што дзед з нейкімі паперкамі да суседа хадзіў, казалі, што хоча перапісаць нашу кватэру на суседа. Сам дзед не прызнаецца, што за паперы, дзесьці пад матрацам іх хавае, але дзе, пакуль не ведаем. Хаця не, казаў неяк, што нічога там такога ў паперах няма, кватэру ні на каго перапісваць не будзе і ўвогуле — самагон зараз пацячэ ракой, зажывём.

Часам некаторыя хочуць выгнаць дзеда ў дом састарэлых, але неяк не ўсур’ёз: хто ж здасць роднага дзеда ў такую установу, столькі гадоў разам? Ды і мала ці што, сусед пачне патрабаваць вярнуць кватэру, калі дзеда здадзім, усё ж такі раней гэта была камуналка. Ды і не ўсё так дрэнна. Шмат гадоў у доме не было рамонту, а тут дзед дазволіў у адным з пакойчыкаў зрабіць еўрарамонт, усё прыгожа, як у людзей. Наш Віця ўжо ўзяўся за справу, купіў новыя шпалеры, камп’ютар — хутка IT-кватэрай станем. Шкада толькі, што ўсё адно яму давядзецца са свайго пакоя выходзіць у стары калідор і ванную, без гэтага ніяк, а калі б было можна там зачыніцца і не выходзіць, думаю, было б проста шыкоўна. Ну, няхай хоць у іх пакойчыку будзе ўтульна, ужо добра. Дзеду складана зразумець, што адбываецца ў гэтых вашых камп’ютарах, але не так даўно папрасіў яго зарэгістраваць у «Аднакласніках», слова «блокчэйн» недзе пачуў. Часам дзед мочыць жарты, усім ад іх крыху няёмка, але ўсе любяць па-добраму з яго пасмяяцца.

А між тым, час у нашай кватэры нібыта застыў. Усе чакаюць лета, калі дзед нарэшце паедзе на лецішча, толькі лета ўсё ніяк не наступае. Так і жывём.

Галоўнае, не прачнуцца заўтра на вуліцы.

Антось Звычайны

3
Satan / Адказаць
22.10.2019 / 10:18
Ага. Звычайная история. детишек наделали, а жилья нет. И бабла на съемную нет. И работы нормальной тоже нет. Но есть спиногрыз. И еще есть вечное белорусское "пачакаем". Когда свалит дед на дачу. И когда свалит дед с поста президента. Пачакаем, чо. А дзетки хай растуць. Камусьци ж трэба налоги плациць будзе у казну пасля нашай смерьци.
2
Доктар / Адказаць
22.10.2019 / 10:35
Ахах) цудоўна!
2
меркаванне / Адказаць
22.10.2019 / 10:42
Выдатна!
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру