Як паведаміў старшыня прафкаму Менскай гарадской першаснай арганізацыі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Уладзімір Лазоўскі,

працоўных Менскага аўтазаводу пачалі папярэджваць, што прадпрыемства не будзе працаваць з 1 да 8 сакавіка.

«Майстры ўжо папярэджваюць працоўных, што з 1 да 8 сакавіка завод не будзе працаваць наагул. Тлумачыцца гэтая мера тым, што прадукцыя МАЗу не рэалізуецца ў Расеі і ў сувязі з гэтым узнікаюць праблемы з забеспячэннем матэрыяламі. Невядома, што будзе пасля 8 сакавіка. Доўгатэрміновыя абяцанні ніхто даваць не хоча. Людзей проста ставяць перад фактам – тыдзень працаваць не будзем», - паведаміў Уладзімір Лазоўскі.

Прафсаюзны актывіст нагадаў, што

МАЗ ужо некалькі тыдняў працуе ў скарочаным рэжыме. Аўтобусная вытворчасць працуе 4 дні ў тыдзень, астатнія – 3 дні.

«Працы няма, усе пляцоўкі загружаныя аўтамабілямі. Вырабляць прадукцыю на склад – замарожваць тыя нешматлікія абаротныя сродкі, якія яшчэ ёсць», - упэўнены Лазоўскі.

Пры гэтым прафсаюзны лідэр адзначае, што скарачэнне працоўнага тыдня і без таго моцна адбілася на заробку працоўных. Вымушаны поўны прастой скароціць зарплаты яшчэ больш.

«Адбываецца вялікая страта зарплаты. За прастой працоўным плацяць 2/3 не зарплаты, а 2/3 тарыфнай стаўкі, а тарыфная стаўка ад зарплаты складае 35-40%. Чалавек, сыходзячы на прастой, атрымлівае ў межах 25-30% свайго заробку. Вось і лічыце страты», - кажа Лазоўскі.

Па словах актывіста, складаная сітуацыя сёння захоўваецца на шматлікіх прадпрыемствах Менску.

«Тая ж «трохдзёнка» на Менскім падшыпнікавым заводзе і Менскім заводзе колавых цягачоў.
Мотавелазавод не распачынаў працу наагул. На Трактарным заводзе значна зніжаны аб'ём вытворчасці. На Маторным заводзе істотна знізілася зарплата», -- адзначыў Лазоўскі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?