КДБ раскрыў карупцыйную схему ў алкагольнай галіне, а ў прэс-службе ўрада паведамілі аб вызваленні ад займаных пасадаў старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандра Забелы і гендырэктара «Мінск Крышталь Груп» Станіслава Ёдзіса. Раней аб адстаўцы Забелы паведамлялі крыніцы, хоць летам яму прадказвалі пасаду амбасадара Беларусі ў Казахстане, піша TUT.BY.

Ва ўрадзе TUT.BY распавялі і пра іншыя звальненні на прадпрыемствах канцэрнаў «Белдзяржхарчпрам» і «Белнафтахім». З-за выяўленых фактаў карупцыйнай дзейнасці ў ААТ «Мінск Крышталь», ААТ «Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне», ААТ «Пінскі вінаробны завод»і ААТ «Хімрамонт» па розных падставах звольненыя сем кіраўнікоў розных узроўняў.

Падрабязнасці справы паведамілі на тэлеканале «Беларусь-1». Сем крымінальных спраў распачата за атрыманне хабару і адна — за дачу хабару. Чатыры фігуранты знаходзяцца пад вартай.

«У поле зроку аператыўнікаў патрапілі два бізнэсмены, якія лабіравалі за хабар інтарэсы сваіх камерцыйных кампаній. За грашовае ўзнагароджанне вырашалі задачы паставак прэпаратаў, інгрэдыентаў і абслугоўвання абсталявання. Службовыя асобы прадпрыемстваў алкагольнай прамысловасці ў Мінскай і Віцебскай абласцях атрымлівалі за садзейнічанне ад 500 да 15 тысяч даляраў у залежнасці ад сумы кантракту», — распавялі ў сюжэце.

Адзначаецца, што фігуранты прызналіся ў здзейсненых злачынствах і супрацоўнічаюць са следствам.

Нагадаем, у верасні праваахоўныя органы зацікавіліся топ-менеджарамі алкагольных заводаў. У прыватнасці, гаворка ішла аб галоўным інжынеру кіруючай кампаніі «Мінск Крышталь Груп» Аляксандру Жарыне, кіраўніку «Віцебскага лікёра-гарэлачнага завода «Прыдзвінне» Міхасю Васілеўскім і дырэктару Чашніцкага спіртзавода «Чысты выток 1872» Дзмітрыю Нясмірным. Інфармацыі аб двух першых ужо няма на сайтах прадпрыемстваў. Цікава, што Жарын уваходзіў у камісію «Мінск Крышталь Груп» па супрацьдзеянні карупцыі і ўзначальваў конкурсную камісію па правядзенні закупак абсталявання, сведчыць справаздачнасць кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?