«26 кастрычніка — З’езд (Агульны сход) Беларускага ПЭН-Цэнтру. Прыйшоў час распавесці пра тое, чаму насамрэч у лютым гэтага года Рада ПЭНа ў складзе сямі чалавек (пасля зацятых спрэчак большасцю галасоў) прыняла рашэнне выключыць мяне са складу ПЭНа, чаму я буду аспрэчваць гэтае рашэнне на З’ездзе — і чаму ўся гэтая гісторыя мае значэнне для сучаснай беларускай культуры, — піша Павел Севярынец. — Прымалі мяне ў ПЭН людзі, якіх я вельмі паважаю. Увосені 2006 года ў Малое Сітна, дзе я адбываў ссылку за акцыю пратэсту супраць рэферэндуму пра трэці тэрмін, прыехаў цэлы бус знакамітых пісьменнікаў. Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч уручылі мне прэмію Алеся Адамовіча за «Лісты з лесу» — і сяброўскі білет.

За гэты час што-нішто змянілася: Андрэй Хадановіч, які стаў кіраўніком ПЭНу ў 2009-м, за некалькіх гадоў прыцягнуў у арганізацыю групу радыкальных адэптаў культурнага марксізму — агрэсіўных феміністак, гей-лобі, агітатараў лявацтва.

На папярэднім З’ездзе ў кастрычніку 2017 года я выступіў з крытыкай антыкультурных мерапрыемстваў, у апошнія гады падтрыманых ПЭН-Цэнтрам: фотавыставы, прысвечанай «камінг-аўтам» з выявамі аголеных гомасэксуалістаў проста ў офісе ПЭНу на Залатой Горцы (не беларускіх літаратараў, не палітычных вязняў — гомасэксуалістаў), усялякіх «семінараў» і «фэстаў» ініцыятывы геяў і лесбіянак «Мэйкаут» пад эгідай ПЭНа і да т.п.

Зразумела, тут жа пачаліся выступы Хадановіча, Бахарэвіча ды іх таварышаў пра «гамафобію», «хейт-спіч» і так далей. Старэйшае пакаленьне ПЭНаўцаў (Уладзімір Някляеў, Лявон Баршчэўскі) пакрыўджаных «левых» супакойвала — маўляў, ідзецца пра выказванне свайго меркавання.

Але стала зразумела, што «левыя», якія на дух не выносяць хрысціянаў, сціснулі зубы і будуць помсціць.

У другой палове 2018-га, пакуль я адбіваўся ад судовых выканаўцаў па курапацкіх штрафах (у выніку за нясплату ў мяне сканфіскавалі нават тэлефон і гадзіннік), з мэйлу ПЭНа мне настойліва прысылалі патрабаванні наконт унёскаў. 12 лістапада я даслаў на пошту сакратаркі Дар’і Візнер кароткі адказ, дзе паведаміў, што не плачу ўнёскі з прычыны арганізацыі ПЭНам мерапрыемстваў, якія я не падтрымліваю.

Пасля майго адказу сярод сябраў Рады абмяркоўвалася рашэнне выключыць мяне са складу ПЭНу. Але яно не было прынята — бо справа, вядома, была зусім не ва ўнёсках.

Сапраўдным штуршком для майго выключэння стала падача заяваў на ўступленне ў ПЭН двух пісьменнікаў-хрысціянаў: Анатоля Астапенкі і Аляксея Шэіна. У снежні мінулага года я перадаў сябрам Рады заявы і рэкамендацыі.

Ах так, абурыліся «левыя», ён яшчэ пісьменнікаў-хрысціян у ПЭН прапаноўвае! Няйнакш, хоча змяніць кіраўніцтва на будучым З’ездзе. Вы толькі падумайце, які цемрашал! І вось у лютым група «левых радыкалаў» паставіла пытанне ў Радзе — і пасля зацятых спрэчак з Уладзімірам Арловым прагаласавала за выключэнне большасцю.

Ніхто мне нічога не паведаміў. Усё стала вядома выпадкова, праз два месяцы: адзін з «левых» пры людзях пахваляўся, што «Севярынца нарэшце выключылі».

Напрыканцы лютага я атрымаў дзесяць сутак за арганізацыю акцыі падтрымкі палітвязняў на Кастрычніцкай плошчы, а пазней — яшчэ пятнаццаць ды вялізны штраф за спробы перашкодзіць крыжалому ў Курапатах. Але ж лукашэнкаўскія спектаклі за публікацыю закліку на акцыю ды стрым з крыжалому прынамсі адбываліся адкрыта (людзей пускалі ў залу «суда»), у ПЭНе ж мой лёс вырашалі таемна нават ад мяне.

Што маем у выніку? У ПЭНе атаборылася каля дваццаці чалавек «левых» — агрэсіўная крыклівая меншасць. Іх ідэалогія — культурны марксізм і прапаганда ЛГБТ. Бога няма. Усё дазволена. Быццё вызначае свядомасць. Ва ўсім вінаватая «среда», поўная рэлігійных і нацыянальных забабонаў. Даеш роўнасць — найперш роўнасць вычварэнняў з нормай. Раней ворагамі абвяшчаліся «буржуі», цяпер — хрысціяне.

Падчас скандалу з Лазуткіным у 2016-ым годзе, калі каманда Хадановіча ўзялася абараняць ад «дыскрымінацыі» расейскамоўнага камуністычнага агітатара, многія не разумелі: як чальцы ПЭНа могуць падтрымліваць мярзоту, каторая плюе на курапацкія магілы?

Аддаваць заснаваны тут патрыярхамі Адраджэння ПЭН, які прадстаўляе беларускую літаратуру на міжнародным узроўні, групе культурных марксістаў нельга.

У чэрвені гэтага года ў Раду ПЭНу былі пададзеныя дакуманты на ўступленне яшчэ сямі пісьменнікаў, паэтаў і публіцыстаў — хрысціянаў: гісторыка Андруся Ўнучка, пісьменніка, аўтара бестсэлера «Залаты век Беларусі» і перакладчыка Бібліі Антонія Бокуна, публіцыста Алеся Гелагаева, пісьменніка Уладзіміра Бруя, пераможца конкурса «Кніга года — 2018» сярод чытачоў празаіка Яўгена Зубовіча, паэткі і перакладчыцы, дыпламанткі прэміі «Экслібрыс» Ганны Станіславенкі, даследчыка беларускай культуры і публіцыста Паўла Булатага.

Толькі адзін з іх (адзін!), Андрусь Унучак, быў прыняты Радай у склад ПЭНу. Яшчэ тром сказалі «пачакаць» (пэўна, пакуль З’езд пройдзе), а трох увогуле адхілілі — маўляў, малавата публікацыяў. «Левых», вядома, прымалі ў свой час без праблемаў.

Днямі ў ПЭН былі пададзеныя яшчэ дзве заявы — ад евангельскіх хрысціянак, паэткі Дашы Зубовіч і эсэісткі Ніны Лістоты. Вынік той жа: сакратарка паведаміла, што Рада надта занятая, да разгляду аб сяброўстве справа не дайшла.

Што ж гэта за арганізацыя, каторая настолькі не зацікаўленая ў прыняцці новых сябраў?

Нянавісць і дыскрымінацыя, пра якую з пенай ля роту ўвесь час гавораць камісары культурнага марксізму, тут відавочная. Хрысціянін? Выкінуць з ПЭНу, заткнуць рот альбо не дапускаць у арганізацыю. Бальшавізм. Найгрубейшае парушэнне Статуту ПЭНа і Міжнароднай хартыі ПЭН-клуба.

З’езд мусіць даць гэтаму ацэнку.

На З’ездзе будзе вырашацца пытанне пераабрання Рады і старшыні», — піша Севярынец.

«Надышоў час расставіць кропкі над «і», — заклікае Севярынец. Трэба спыніць ганебную бальшавіцкую практыку пераследу вернікаў і прыняць у склад ПЭН-цэнтру восем пісьменнікаў-хрысціянаў, якія падалі заявы ў адпаведнасці са Статутам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?