16 кароў разабралі і прадалі двое палачан, якія працуюць жывёлаводамі. Аб падрабязнасцях злачыннай схемы gorod214.by распавяла афіцыйны прадстаўнік Полацкага РАУС Юлія Зайцава.
Раней не судзімыя мужчыны, 22 і 34 гадоў, ад красавіка да кастрычніка гэтага года адводзілі са статку кароў, якія пасвіліся кругласутачна. У лесе яны рэзалі і разбіралі жывёл, а мяса прадавалі скупшчыкам за 150—200 рублёў за карову.
У РАУС адміністрацыя жывёлагадоўчага комплексу ў Полацкім раёне звярнулася тады, калі кароў перасталі выводзіць на пашу. Аператыўнікі выйшлі на падазраваных, якія і распавялі пра схему незаконнага ўзбагачэння.
Распачатая крымінальная справа, папярэдняя сума шкоды склала 37 000 рублёў.