Новымі ўладальнікамі футбольнага клуба «Дынама-Мінск», па інфармацыі Tut.by, стануць некалькі беларускіх IT-кампаній, у тым ліку кампанія вядомага бізнэсмена Віктара Пракапені. Паводле інфармацыі крыніцы ў IT-галіне, перамовы аб гэтым працягваліся каля трох месяцаў.

Ранейшы ключавы ўладальнік «Дынама» (57% акцый) Юрый Чыж, які валодаў ім каля 20 гадоў, страціў долю ў клубе ў маі 2019 года па рашэнні суда. У апошні час бюджэт клуба фармаваў горад.

«У апошні час прэзідэнт вельмі лаяльны да прапаноў айцішнікаў. Ёсць дамоўленасць, што яны будуць спансіраваць клуб, які павінен нарэшце зайграць і паказаць годны вынік», — адзначыў суразмоўца, знаёмы з ходам перамоваў.

Цікава, што ў суботу Віктара Пракапеню з сынам бачылі на матчы «Дынама» з «Віцебскам», які мінчане прайгралі з лікам 0:2. Пасля першага тайма, у якім «Дынама» прапусціла адзін мяч (па іроніі лёсу, яго забіў гулец «Віцебска» Арцём Гурэнка, сын галоўнага трэнера «Дынама-Мінск»), бізнэсмэн пакінуў трыбуну.

«Ён да матча выступаў на форуме «Бізнэс-Абуджэнне», там на «Чыжоўка-Арэне» было 7000 чалавек. А тут — пусты стадыён, дзве тысячы гледачоў. Вынік ён ніяк не пракаментаваў, канца матча не дачакаўся», — распавяла крыніца.

Віктар Пракапеня ў сераду быў недаступны для каментара.

Сярод прэтэндэнтаў на «Дынама» называлі расійскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева і Уладзіміра Япрынцава, былога кампаньёна Чыжа па «Трайпле».

Пазней dev.by паведаміў, што Віктар Пракапеня і яго кампаніі не стануць уласнікамі «Дынама». Паводле інфармацыі сайта, перамовы аб куплі долі ў футбольным клубе завяршыліся, але ўгоды не будзе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0