Грамадства11

У Гарадзеі пачалі адбудоўваць дом Аляксандра Надсана

Так выглядаў дом у Гарадзеі, дзе ў дзяцінстве жыў Аляксандр Надсан

Бацькоўскі дом, дзе правёў дзяцінства грэка-каталіцкі сьвятар і апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы Аляксандар Надсан, пачалі аднаўляць. Мэцэнат абмяркуе з грамадзкасьцю, што варта разьмясьціць у гэтым будынку, піша Радыё Свабода.

У доме жыла сямʼя настаўнікаў і месьцілася школа

Айцец Аляксандар нарадзіўся ў Гарадзеі ў сямʼі настаўнікаў у 1926 годзе. У хаце, дзе яны жылі, таксама месьцілася школа. З 1944 году будучы сьвятар жыў у эміграцыі, большую частку жыцьця — у Вялікай Брытаніі. У родную хату ён больш не вяртаўся.

Зьвестак пра гэты дом засталося няшмат. Доўгі час мясцовыя людзі ня ведалі, што тут некалі жыла сямʼя знанага сьвятара. Як расказаў нясьвіскі актывіст Аляксей Бруй-Антановіч, незадоўга да сьмерці айца Аляксандра на гарышчы гэтай хаты знайшлі ягонае пасьведчаньне аб навучаньні.

Хату ў аварыйным стане давялося зьнесьці

Апошнім часам дом у Гарадзеі на Чырванагорскай вуліцы належаў не сваякам сьвятара, у ім доўгі час ужо ніхто ня жыў. Некалькі гадоў таму яго выставілі на продаж. Будынак набыў уласьнік «Маёнтка Падароск» мэцэнат Павал Бераговіч, каб захаваць памяць пра айца Аляксандра.

Дом абсьледавалі і выявілі, што ён знаходзіцца ў аварыйным стане. Адрэстаўраваць спарахнелае дрэва было ўжо немагчыма. Мінулай восеньню хату зьнесьлі. Папярэдне абмералі і сфатаграфавалі яе агульны выгляд і дэталі дэкору.

Сёлета ўлетку на ягоным месцы залілі фундамэнт, бо ўлады маглі забраць участак, калі б на ім бы не пачаліся будаўнічыя работы.

На гэтым месцы плянуюць пабудаваць вонкавую копію папярэдняга дома, унутры ён будзе прыстасаваны пад новыя патрэбы. Цяпер усімі работамі займаецца Павал Бераговіч, ягоная каманда з «Маёнтка Падароск», мясцовыя актывісты.

Можа зьявіцца музэй школьніцтва або ўніяцтва

Аднак мэцэнат яшчэ ня вызначыўся, што мусіць зьявіцца ў новым будынку. Ён раіўся зь мясцовымі краязнаўцамі, беларускай супольнасьцю ў Вялікай Брытаніі, а цяпер хоча запытацца ў беларускай грамадзкасьці

Цяпер на месцы хаты — новы фундамэнт

«Мне адразу было зразумела, што гэтае месца павінна быць зьвязана з памяцьцю пра айца Аляксандра Надсана, стаць нейкім мэмарыяльным абʼектам. З другога боку, дом павінен быць жывым месцам, якое б прыцягвала туды людзей, — можа, ня кожны дзень, але часьцей, чым два разы на год, у гадавіны сьмерці і нараджэньня айца Аляксандра», — кажа Бераговіч.

Паколькі тут месьцілася школа, а айцец Аляксандар быў асьветнікам, ёсьць ідэя зрабіць на гэтым месцы музэй беларускага школьніцтва з тэматыкай школы ў савецкай Беларусі, Заходняй Беларусі (у тым ліку гісторыі Таварыства беларускай школы), адукацыі пад акупацыяй, беларускіх школ у пасьляваеннай эміграцыі, беларускіх настаўнікаў і асьветнікаў (у тым ліку айца Аляксандра).

Да таго ж паступалі прапановы адкрыць тут хрысьціянскі цэнтар; музэй Аляксандра Надсана; культурна-антрапалягічную экспазыцыю пра міжваенную эпоху Гарадзеі, нэаунію, габрэйства; зрабіць капліцу ў хаце. Магчыма, побач зьявіцца кіёск з сувэнірнымі таварамі і кававым апаратам.

Патрэбна інтэлектуальная і матэрыяльная дапамога

Павал Бераговіч зьвяртаецца да адмыслоўцаў з просьбай распрацаваць канцэпцыю гэтага месца.

«Я чакаю, што зьявіцца чалавек ці група людзей, якія скажуць, што добра ведаюць беларускую школу або айца Аляксандра Надсана, і зробяць так, каб гэта было цікава і хацелася туды пайсьці. Вядома, гэтая праца павінна быць на платнай аснове. Пэўна, мы яшчэ зробім апытаньне грамадзкасьці», — кажа бізнэсовец.

Калі зьявіцца канцэпцыя і стануць вядомыя прыкладныя выдаткі, уласьнік плянуе пачаць збор сродкаў на адбудову, каб людзі таксама маглі спрычыніцца да гэтай справы. Пакуль складана сказаць, якая сума спатрэбіцца.

Быў асьветнікам у эміграцыі

Айцец Аляксандар Надсан удзельнічаў у стварэньні Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі, бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Кіраваў каталіцкай місіяй у Вялікай Брытаніі. Быў апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў у замежжы. Узначальваў Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікай Брытаніі і ўласнаручна вазіў гуманітарную дапамогу ў Беларусь.

Пераклаў на беларускую мову значную частку літургічных тэкстаў, быў аўтарам больш як 250 навуковых публікацый, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысьціянства XX стагодзьдзя.

Памёр у 2015 годзе ў Лёндане ва ўзросьце 88 гадоў.

Каментары1

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Вялікая гутарка з Франакам Вячоркам — пра круглы стол з Лукашэнкам, памылкі, хэйтараў і галоўнае дасягненне11

Вялікая гутарка з Франакам Вячоркам — пра круглы стол з Лукашэнкам, памылкі, хэйтараў і галоўнае дасягненне

Усе навіны →
Усе навіны

Мінадукацыі Польшчы ўскладніла паступленне ва ўніверсітэты многім замежнікам

Паліна Шарэнда-Панасюк намалявала па памяці план калоніі ў Зарэччы1

У Мёрскім раёне жанчына загінула ад удару токам, калі надзімала басейн

Летась у Вільні ў беларусаў нарадзілася каля 100 дзяцей31

Антон чатыры гады хаваўся ад лукашыстаў у родных Баранавічах — затрымалі, калі вырашыў здаць на правы10

Лукашэнка перажывае, што на рынку Расіі «ўсе топчуцца», і хоча гандляваць з ЕС. Вось як цяпер выглядае сітуацыя ў замежным гандлі12

У Новай Зеландыі жанчына везла двухгадовае дзіця ў валізцы — паліцыя разбіраецца

Гэты дызайнер з Уганды перавярнуў свет моды — сэкандам2

Штучны інтэлект дапіша гісторыю Старажытнага Рыма там, дзе гісторыкі няздатныя супаставіць факты

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вялікая гутарка з Франакам Вячоркам — пра круглы стол з Лукашэнкам, памылкі, хэйтараў і галоўнае дасягненне11

Вялікая гутарка з Франакам Вячоркам — пра круглы стол з Лукашэнкам, памылкі, хэйтараў і галоўнае дасягненне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць