Беларусь ў апублікаваным сёння рэйтынгу Сусветнага банка Doing Business — 2019 заняла 49-е месца сярод 190 краін свету. У параўнанні з мінулым годам Беларусь апусцілася на 12 пазіцый, піша tut.by.

Беларусь адстала ў рэйтынгу практычна ад усіх партнёраў па Еўразійскім эканамічным саюзе. За мінулы год Казахстан палепшыў свае пазіцыі ў рэйтынгу, узняўшыся з 28-га на 25-е месца, Расія таксама прасунулася з 31-га на 28-е месца. Аременія таксама апярэджвае Беларусь — яна займае 47-е месца (у мінулым годзе — 41-ю пазіцыю ў рэйтынгу). Найгоршыя паказчыкі сярод краін ЕАЭС у Кыргызстана — 80-е месца, у мінулым годзе краіна займала 70-е месца.

Іншыя суседзі Беларусі размясціліся на яшчэ больш высокіх месцах: Літва — 11-е, Латвія — 19-е, Польшча — 40-е. Сярод краін-суседзяў найгоршы паказчык ва Украіны — 64-я пазіцыя ў рэйтынгу.

У глабальным рэйтынгу Doing Business ужо чацвёрты год запар лідарства трымае Новая Зеландыя. На другім месцы знаходзіцца Сінгапур, на трэцім — Ганконг. У дзясятцы краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для прадпрымальніцкай дзейнасці за імі ідуць Данія, Паўднёвая Карэя, ЗША, Грузія, Вялікабрытанія, Нарвегія і Швецыя. 

Сукупная ацэнка рэйтынгу Doing Business складаецца з 10 паказчыкаў: рэгістрацыя прадпрыемстваў, атрыманне дазволаў на будаўніцтва, падключэнне да сістэмы электразабеспячэння, рэгістрацыя ўласнасці, атрыманне крэдытаў, абарона мінарытарных інвестараў, падаткаабкладанне, міжнародны гандаль, забеспячэнне выканання кантрактаў і дазвол неплацежаздольнасці (даступнасць працэдуры банкруцтва).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0