У фэйсбуку працягваецца абмеркаванне сітуацыі вакол ПЭН-Цэнтра. Прэтэнзіі да літаратурнай арганізацыі выказаў яе былы сябра Павел Севярынец.

Павел Севярынец: Хадановіч прыцягнуў у ПЭН-Цэнтр агрэсіўных феміністак і гей-лобі, але не пускае хрысціян

Паводле афіцыйнага тлумачэння, яго выключылі за нясплату ўнёскаў. Аднак па словах іншага сябра арганізацыі Мікалая Анціпава, сапраўдная прычына — гамафобія. «Паша не плаціць унёскі праз сваю гамафобію. І ён дапамог ПЭНу знайсці менш палітычную фармулёўку», — напісаў ён.

Аднак выявілася, што з арганізацыі выключылі не толькі Севярынца. У шэрагах ПЭНа больш няма Глеба Лабадзенкі і Сяргея Шапрана. Яны расказалі ў фэйсбуку свае гісторыі — і атрымалі тлумачэнне ад кіраўніцтва арганізацыі.

Сяргей Шапран. Фота Радыё Рацыя.

Сяргей Шапран. Фота Радыё Рацыя.

«Я не аматар выказвацца публічна пра асабістыя рэчы, але тут абставіны вымагаюць, бо толькі цяпер даведаўся, што выключаны з Беларускага ПЭН-цэнтра, і гэтая гісторыя ўжо атрымала розгалас нават і без майго жадання. Выключаны за няплату ўнёскаў. Яшчэ два гады таму.

Тады, узімку 2017-га, ПЭН-цэнтр закідваў лістамі пра неабходнасць сплаты ўнёскаў. Але з чаго было іх плаціць, дый яшчэ немалыя? — Амаль усе мае кнігі апошніх гадоў цалкам безганарарныя: не было аніякага ганарару ні за кнігу ўспамінаў пра Генадзя Бураўкіна, якую я збіраў, дый пісаў таксама, амаль год, ні за «Незавершаную аўтабіяграфію» Уладзіміра Някляева, на якую пайшло сем гадоў майго жыцця, ні за кнігу гутарак са Святланай Алексіевіч; ганарар не прадугледжаны — як ад самага пачатку папярэдзілі ў СП — і за шматпакутную кнігу ўспамінаў пра Рыгора Барадуліна, што пішацца-збіраецца ўжо пяць гадоў…

Прыкладна ў такім ключы і напісаў я тады, узімку 2017-га, тагачаснаму старшыні ПЭНа, пытаючыся пра магчымасць прыпынення сяброўства ў ПЭНе з прычыны не нежадання, а немагчымасці выплаты ўнёскаў. І атрымаў адказ: у маім выпадку важнейшая рэальная дзейнасць, а не фармальная працэдура, якой ёсць плачэнне-неплачэнне ўнёскаў, бо такім сябрам ганарылася б любая арганізацыя (канец цытаты). А ўжо ўвосень мяне з ПЭНа… выключылі. Рашэннем Рады, якое неўзабаве было зацверджана з’ездам.

Увогуле, ПЭН не толькі паводле статута, але найперш паводле задумы ягоных стваральнікаў Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Карласа Шэрмана павінен дапамагаць літаратарам і абараняць іх. Але тым, хто выключаў мяне ў 2017 годзе, мусіць, было начхаць на тое, што рэкамендацыі для ўступлення далі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін і Уладзімір Някляеў. Гэтаксама як начхаць было і на літаратурную прэмію імя Алеся Адамовіча за двухтомнік пра Быкава (заўважу, што гэта цяпер у гэтай прэміі дзякуючы Святлане Алексіевіч значны грашовы складнік, а ў тыя часы, у 2011 годзе, «складнік» быў хутчэй сімвалічны). Начхалі і на мае кнігі пра двух прэзідэнтаў і аднаго старшыню Беларускага ПЭН-цэнтра — Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Някляева. Ужо не кажу, што чхалі яны і на тое, што наша невялічкая сям’я пасля таго, як я, кінуўшы журналістыку, заняўся беларускай літаратурай, апынулася ў напаўжабрацкім становішчы — бывалі дні, калі я, працуючы над тым самым двухтомнікам пра Быкава, наўпрост галадаў, бо не ставала грошай на ежу…

Цяпер мне, праўда, нечакана прапанавалі напісаць заяву аб узнаўленні ў дружных шэрагах ПЭНа (тады я й даведаўся, што выключаны яшчэ два гады таму) з магчымасцю прашэння аб тым, каб мне паменьшылі ўнёскі. Але як там у Булгакава: «Ніколі і нічога не прасіце…» Але калі самі не прыйдуць і не прапануюць — дык той бяды. Толькі ўсё часцей апошнім часам (і не толькі ў звязку з прыкрым выключэннем з ПЭНа — падобных сумных гісторый назбіраўся ўжо цэлы мех) у памяці ўсплывае някляеўскі радок: «Не з тымі пайшоў і дарогай не той». І само сабой міжвольна паўстае пытанне: а ці не было памылкай кінуць пятнаццаць гадоў таму журналістыку і заняцца гэткай няўдзячнай справай, як даследаванне беларускай літаратуры?» — патлумачыў Шапран.

«Мне (і не толькі мне) вельмі шкада, што з сябраў ПЭНу быў выключаны Сяргей Шапран за нясплату ўнёскаў. Dura lex sed lex. Сяргей прасіў, каб ягонае сяброўства прыпынілі, але па статуце няма працэдуры прыпынення, ёсць толькі выключэнне.

Але менавіта з аглядкай на Сяргея і іншых значных для ПЭНу людзей, якія не могуць сплочваць складкі, Рада прыняла рашэнне, што з 2019 г. кожны сябра арганізацыі (незалежна ад узросту) можа напісаць заяву на памяншэнне або скасаванне ўнёскаў з пэўных прычынаў.

Разумеючы, што Сяргей Шапран вельмі важны для нашай літаратуры і для ПЭНу, параіўшыся з Андрэем Хадановічам і Уладзімірам Арловым, некалькі дзён таму я прапанавала Сяргею аднавіць яго сяброўства ў арганізацыі (пры гэтым, сказаўшы, што ніякіх рэкамендацый яму збіраць не трэба). І такім чынам, як высветлілася, паведаміла яму пра тое, што ён выключаны. Гэта, вядома, няправільна, што Шапрану не паведамілі пра выключэнне напярэдадні мінулага сходу, каб ён мог гэта абскардзіць (нават калі мы разумеем, што абскарджваць Сяргей бы не стаў).

З іншага боку, Сяргей быў выключаны на пасяджэнні Рады 2 лістапада (дарэчы, у прысутнасці шаноўнага Уладзіміра Някляева ў тым ліку — Уладзімір Някляеў як ганаровы старшыня меў права дарадчага голасу, але ў пратаколе не зафіксавана ніякіх выказванняў на гэты конт), а 5 лістапада гэтае выключэнне (а таксама шэраг іншых) былі агучаныя перад агульным сходам. І тут у мяне пытанне (але не наезд і не прэтэнзія), чаму Сяргей не быў на мінулым агульным сходзе, бо запрашэнне атрымліваў, — хацелася б усё ж, каб чальцы арганізацыі былі зацікаўленыя ў жыцці арганізацыі і прымалі ўдзел у яе дзейнасці», — адказала яму старшыня ПЭН-Цэнтра Таццяна Нядбай.

У ліку пацярпелых аказаўся і журналіст Глеб Лабадзенка.

«Адзначу, што ўнёскі перастаў плаціць свядома і аспрэчваць выключэнне, канечне, не буду — тут усё лагічна: не плаціў — выключаем.

Чаму перастаў? Справа не ў грошах. Некалі ў інтэрвію я спытаў Генадзя Бураўкіна, ці выходзіў ён з партыі. Спадар Генадзь адказаў, што заявы як такой не пісаў, а проста, як тады казалі, «страціў сувязь з партыяй». Я таксама страціў сувязь з гэтай арганізацыяй, дзе апошнія гады верхаводзяць дзіўныя людзі з незразумелымі каштоўнасцямі. Некалі, калі мяне прымалі ў ПЭН-Цэнтр, рэкамендацыю мне даваў Рыгор Барадулін — і гэта назаўсёды будзе вялізны гонар для мяне. Але часы змяніліся, змяніліся і людзі. Дарэчы, за нясплату ўнёскаў выключылі таксама Паўла Севярынца і Сяргея Шапрана.

Не ведаю, ці ёсць там каму задумацца над тым, што ва ўсіх гэтых выпадках нясплата ўнёскаў — гэта пытанне не толькі і не столькі грошай», — адзначыў Лабадзенка.

«Увосень 2018 г. мы напісалі Глебу некалькі лістоў з просьбай сплаціць унёскі. На лісты Глеб не адказваў.

21 лістапада 2018 у прыватнай перапісцы ў ФБ я спытала ў Глеба, ці не памяняўся ў яго мэйл і ці мог бы ён заплаціць складкі. Глеб адказаў, што на дварэ 2018 год і ў яго няма часу хадзіць у ПЭН, маўляў, калі ёсць электронны варыянт, то ок.

Мы напісалі Глебу, як можна заплаціць праз АРІП, Глеб пажартаваў, што будзе збіраць грошы і магчыма нават прадасць нырку, хату ці ката)

8 снежня 2018 я нагадала Глебу пра ўнёскі. Глеб сказаў, што яшчэ не паспеў прадаць нырку. І дадаў, што мы можам выкрасліць яго са спісу сябраў і ён не пакрыўдзіцца.

Я папрасіла Глеба ў гэтым выпадку напісаць заяву на выключэнне і даслаць нам скан да пасяджэння рады. Глеб паабяцаў гэта зрабіць. Мы даслалі яму ўзор заявы.

Напярэдадні пасяджэння рады (15 студзеня 2019 г) я нагадала Глебу пра заяву, на што ён адказаў, што сеў сканаваць, але «хай мяне ганебна выключаць, так будзе прыкольней )»

На пасяджэнні рады Глеб Лабадзенка быў выключаны з сябраў ПЭНу. За тыдзень да схода Глебу, як і іншым выключаным, мы паведамілі пра працэдуру абскарджання», — адказала яму Нядбай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0