Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава сустрэлася з маці асуджаных па артыкуле 328, перадае БелТА.

Дыялог працягваўся больш за 2 гадзіны. Кіраўнік адміністрацыі запэўніла маці, што пытанне барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў знаходзіцца на кантролі на самым высокім узроўні.

«Кіраўнік дзяржавы ў курсе ўсяго таго, што мы з вамі абмяркоўвалі раней. Усе пытанні адпрацоўваюцца самым дбайным чынам. Бо для таго, каб прымаць рашэнні, патрэбна сур'ёзная аналітыка. Трэба сказаць, што ўжо значна знізілася колькасць злачынстваў сярод непаўналетніх. Калі ў 2014 годзе ў медыцынскія ўстановы з перадазіроўкай трапіў 1351 чалавек, з іх 223 непаўналетніх, то ў 2018-м — 327, з іх 11 непаўналетніх. у нас гібель непаўналетняга ад перадазіроўкі наркотыкамі апошні раз была ў 2014 годзе», — сказала яна.

Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на тым, што ў прафілактычную працу павінны быць уцягнутыя усе зацікаўленыя: сям'я, установы адукацыі, міністэрствы і ведамствы. Толькі гэта дазволіць дасягнуць вынікаў.

«Раскажыце мне пра тыя пытанні, якія вас турбуюць. У тым ліку мы падумаем, як нам выкарыстоўваць у прафілактычнай рабоце вашы вопыт і веды», — сказала Качанава.

У сваю чаргу маці асуджаных па 328 артыкуле прапанавалі звярнуць асаблівую ўвагу на пытанні ўвядзення адзіных умоў утрымання ў калоніях, разгледзець магчымасць больш працяглых тэлефонных размоў зняволеных са сваякамі. Яны таксама прапанавалі ўнесці змены ў 4 частку 328 артыкула, тлумачачы гэта тым, што часцяком непаўналетнія проста шукаюць працу ў інтэрнэце і трапляюць на вуду наркадзяльцоў.

«Можаце быць упэўнены, што ўсе гэтыя пытанні будуць абмеркаваны і прааналізаваны. Калі будзе такая неабходнасць, мы з вамі сустрэнемся зноў», — рэзюмавала Наталля Качанава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0