24.10.2019 / 23:08

«Праблемай з выгулам сабак будуць займацца і дэпутаты, і прэзідэнт!» Як камуніст Клішэвіч правёў сустрэчу з выбаршчыкамі 31

Увечары 24 кастрычніка ў мінскай гімназіі №35 прайшла першая сустрэча Сяргея Клішэвіча з выбаршчыкамі.

Клішэвіч — першы сакратар мінскага гаркама БРСМ, актыўны член Камуністычнай партыі Беларусі. Але, напэўна, найбольш вядомы зусім не гэтым. Найперш ён запомніўся сутычкай са Змітром Дашкевічам падчас адкрыцця помніка Леніну ў 2016 годзе.

Сёння Клішэвіч — акуратны мужчына у касцюме і акулярах. Ён балатуецца ў парламент па Кастрычніцкай акрузе №97 Мінска. Разам з ім маладая памочніца Марыя Іванова. Па яе словах, Іванова працуе ў Беларускай акадэміі музыкі і заадно вучыцца ў Акадэміі кіравання.

Марыя Іванова (злева)

У актавай залі гімназіі ахвотных сустрэцца з кандыдатам было не шмат. За 5 хвілін да пачатку сустрэчы Клішэвіча чакала толькі адзінокая дзяўчына. Прадставілася мясцовай жыхаркай, маўляў, прыйшла паслухаць кандыдата.

Праўда, затым падцягнулася яшчэ некалькі маладых дзяўчат, падагналі і некалькіх настаўніц гімназіі. Агулам прысутнічала 16 чалавек. Праўда, акрамя карэспандэнта «НН» чамусьці адзіным мужчынам быў 10-гадовы сын мясцовай жыхаркі.

Дарэчы, пажылых настаўніц камуніст Клішэвіч зусім не напалохаў. Хутчэй наадварот.

«Хто камуніст? Ён??? Ну дык не ўсё кепскае было пры камунізме! Мы нарадзіліся і выраслі пры Савецкім Саюзе і думаем, як бы ў яго вярнуцца!» — паведамілі настаўніцы. Пасля пачалі ўслых настальгіраваць па Брэжневе — маўляў, вось дзе б сёння ўзяць такога кіраўніка…

Свой выступ Сяргей Клішэвіч амаль цалкам прысвяціў праблемам мікрараёна. Расказаў, што трэба палепшыць: пабудаваць лазнева-аздараўленчы комплекс, дабудаваць бальніцу №11, заняцца пытаннямі ЖКГ… Не забыцца і ўладкаваць зялёныя зоны, каб там магла адпачываць моладзь. Напрыклад, паставіць антывандальныя трэнажоры, каб юнакі займаліся кросфітам і воркаўтам.

«У бюджэце на гэта грошы ёсць, трэба толькі заняцца пытаннем!» — запэўніў Клішэвіч.

Такая накіраванасць размовы слухачам спадабалася. Абмеркавалі і адсутнасць у раёне стаматалагічнай паліклінікі, і іншыя набалелыя пытанні. Маладая дзяўчына паскардзілася кандыдату, што яе турбуюць надакучлівыя алкашы пад пад’ездамі, маўляў, чапляюцца і не ведаеш, ці дойдзеш дадому. Яна прапанавала павялічыць патруляванне ў дварах. А настаўніцы пацікавіліся, як бы пабудаваць для гімназіі нармальны стадыён і нарэшце паставіць ліхтары ў некаторых месцах мікрараёна. А то цёмна, і зноў жа — алкаголікі збіраюцца.

«Зялёныя зоны мусяць быць пад нашым прыцэлам!», — падтрымаў жанчын Клішэвіч.

Паскардзіліся яму і на тое, што няма пляцовак для выгула сабак. Клішэвіч пагадзіўся, што пытанне актуальнае, абяцаў заняцца. Сам жа ўзняў новую актуальную праблему — адсутнасць веладарожак.

«Адно з галоўных нашых пытанняў — веладарожка. Без веладарожкі нельга», — адзначыў кандыдат.

Карацей кажучы, выступам маладога камуніста ўсе засталіся задаволеныя. Ён абяцаў, што паспрабуем, разбярэмся, вырашым — жанчыны ўхвальна ківалі галовамі.

Вось толькі незразумела, навошта Клішэвічу ісці для ўсяго гэтага ў парламент? Бо пытанні выгулу сабак і веладарожак — кампетэнцыя мясцовых саветаў.

«Наша Ніва» пацікавілася гэтым у самога кандыдата. Ён адказаў так:

«Наша палітычная сістэма заснаваная на вырашэнні канкрэтных праблем разам з вырашэннем больш глабальных. У нас і мясцовыя дэпутаты, і дэпутаты парламента, і прэзідэнт нашай краіны, і прэм’ер, і міністры — усе мусяць займацца праблемамі людзей. Тады будзе менш пытанняў. Калі мы будзем абмяркоўваць буйныя палітычныя пытанні і праекты, то ні да чаго гэта не прывядзе. Мы бачым, што мая папярэдніца Ганна Канапацкая стварала нейкія палітычныя праекты, які нікому не патрэбныя. Цяпер мы бачым — там няма людзей, няма рэсурсаў. А сёння чалавек нават подпісы не сабраў.

Людзям гэта ўсё не цікава, людзям цікава зусім іншае. Ім цікава тое, чым яны жывуць тут, якія ў іх тут праблемы. Я і я, як дэпутат… маю на ўвазе, магчыма, будучы дэпутат… упэўнены, што мог бы дапамагчы вырашыць гэтыя пытанні. А нават калі я не стану дэпутатам, то ў мяне сёння дастаткова паўнамоцтваў як у першага сакратара мінскага гаркама БРСМ і члена Мінгарвыканкама, каб вырашаць гэтыя пытанні».

Але Клішэвіч усё ж удакладніў, што яго цікавяць не толькі веладарожкі:

«Мяне як прадстаўніка Камуністычнай партыі цікавяць праблемы працоўных людзей. Безумоўна, канкрэтна трэба змяняць кантрактную сістэму. Калі чалавек не мае прэтэнзій да сваёй працы, то яму мусяць аўтаматычна працягваць кантракт мінімум на пяць гадоў. А не працягваць штогод рашэннем наймальніка, як гэта адбываецца сёння. Чалавек мусіць быць упэўнены ў заўтрашнім дні!

Вось адна з ініцыятыў, якія б я прасоўваў. Але людзей цікавіць іншае. У нас рэаліі сыходзяць не зверху, а знізу. І калі ў людзей ёсць запыт на месца для выгула сабак, то мы будзем гэтым займацца: і прэзідэнт будзе гэтым займацца, і прэм’ер-міністр, і міністр, і дэпутат любога ўзроўню. Гэта праблемы простага чалавека, імі мусяць займацца ўсе, і абраннікі тым больш. Бо калі мяне падтрымаюць, то хіба праз чатыры гады людзі спытаюць пра мае палітычныя погляды? Людзі спытаюць пра пляцоўку, якую яны мне даверылі ўзяць пад кантроль.

І вось гэта плюс нашай палітычнай сістэмы: што яно ў нас так і адбываецца і будзе адбывацца, я ўпэўнены. Дэпутаты не будуць лётаць у аблоках і будаваць нейкія нікому не патрэбныя палітычныя замкі, а будуць займацца канкрэтнымі справамі».

Усё гэта, падкрэсліў Клішэвіч, не адмяняе працы дэпутата над рэспубліканскімі ці міжнароднымі пытаннямі. Але, маўляў, трэба ведаць чым жывуць людзі і шчыльна працаваць над мясцовымі праблемамі таксама.

«Гэтыя пытанні роўныя: рашэнні мясцовага характару і распрацоўка законаў ды праектаў, па якіх будзе жыць уся краіна і ўсе людзі», — запэўніў Клішэвіч.

Вось толькі ўсе гэтыя прыгожыя словы і кіўкі галовамі слухачоў зусім не адмяняюць дэкаратыўнасці сённяшняй сустрэчы. Бо Канапацкай, якая мусіла быць канкурэнткай Клішэвіча па яго акрузе, далі зразумець, што добрага патрошку — і ўвогуле не зарэгістравалі яе кандыдаткай. Таму сёлета Клішэвіч можа правесці дзесяць, дваццаць, трыццаць сустрэч, ці не правесці ніводнай — розніцы не будзе. Ён дакладна сядзе ў дэпутацкае крэсла, незалежна ад таго ці пабудуюць у мікрараёне тую лазню альбо паліклініку. А калі будзе трэба — сядзе ў яго яшчэ і на наступны тэрмін. І на гэта аніяк не паўплывае глыбіня яго пагружэння ў свет выгула сабак, веладарожак і алкашоў, якіх тояць у сабе пазбаўленныя ліхтароў зялёныя зоны Курасоўшчыны.

Улад Швядовіч

9
19БНР18 / Адказаць
24.10.2019 / 23:28
Достойный кандидат. Я бы ему доверил мешочек на площадке.
74
Олька / Адказаць
24.10.2019 / 23:44
Всегда читаю Нашу Ниву, но никогда не было тем, которые так задели за живое. Живу на Корженевского и помню встречу с Канопацкой. Показалась приятной и интеллигентной женщиной, которая разбирается в политике. А по итогу она реально не сделала ничего из того, что обещала. Зато машину купила и дорогие вещи. Ради интереса почитала цитаты этого кандидата и поняла, что он хотя бы удосужился поинтересоваться проблемами района. Заслуживает уважения. Может что-то дельное и получится. Ведь если ничего не менять, то все и останется прежним. А то, что Канопацкую сняли с выдвижения - огромный плюс. У нее было достаточно времени!
6
Niemand / Адказаць
25.10.2019 / 00:35
Хто б ужо нарэшце заняўся праблемай з выгулам камуністаў. Аніводны сабака няздольны так нагадзіць, як гэтыя... "правнучята ільічя".
Паказаць усе каментары/ 31 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру