25.10.2019 / 09:44

Уладзімір Някляеў: Зараз практычна не магу сядзець, даводзіцца ці ляжаць, ці стаяць 15

Вядомы беларускі паэт і палітык распавёў «Народнай волі», чаму ён зараз адчувае сябе ў Швецыі неверагодна шчаслівым.

Вясной гэтага года стала вядома, што Уладзімір Някляеў атрымаў двухгадовую стыпендыю, а таксама магчымасць бясплатна пражываць у горадзе Лунд, які знаходзіцца на поўдні Швецыі. І ўжо амаль паўгода Уладзімір Пракопавіч займаецца там творчасцю…

— Шчыра кажучы, у бліжэйшы час збіраюся наведацца ў Мінск, — кажа Някляеў.

— У Лундзе вы пішаце раман пра Янку Купалу, а дакладней яго перарабляеце. Як ідзе праца?

— Праца ідзе не толькі над раманам, бо напісаў і іншыя рэчы. І хачу сказаць, што даўно трэба было з’ехаць з Беларусі, каб плённа папрацаваць.

Што датычыцца рамана, то яго можна закончыць і заўтра, але трэба яшчэ, як кажуць, шліфаваць — я змяніў канцэпцыю твора, і мне зараз самому цікавы гэты раман у новым выглядзе. Ён даў мне магчымасць выйсці на нейкія новыя тэмы. Карацей, зараз у мяне Болдзінская восень. Бог мне проста паслаў падарунак. Думаю, да Новага года закончу раман.

— Раней вы казалі, што ў Швецыі яшчэ і здароўем займаецеся…

— Мне і зараз вельмі баліць спіна. Праблемы пачаліся пасля снежня 2010 года, калі мяне збілі і кінулі ў СІЗА КДБ.

Зараз практычна не магу сядзець, амаль увесь час даводзіцца знаходзіцца ці ў вертыкальным стане, ці ляжаць. Праўда, лежачы на ложку, пісаць нязручна, працую над раманам стоячы. Канторкі ў мяне няма, таму паставіў на стол крэсла, на крэсла — камп’ютар, так і друкую тэкст. Гэта вельмі складана, але тое, што зроблена, таго вартае.

Каля двух месяцаў я практычна не адыходзіў ад стала. Пры гэтым у мяне не было ні ночы, ні дня. Я мог прачнуцца ў тры гадзіны ночы, калі прыходзіў сюжэт, і пісаць. Заснуць мог у восем раніцы, прачнуцца пад вечар. Адным словам, усё зблыталася, у мяне поўная хата персанажаў, нармальны такі дурдом. І я пачуваю сябе вельмі шчаслівым. Даўно я ў такой вар’ятні не жыў.

— Акрамя творчасці, застаецца час на нейкія іншыя мерапрыемствы?

— У мяне не толькі няма часу на мерапрыемствы, але я наогул адключыў усе сродкі сувязі. Мне не хапала часу нават, каб камусьці патэлефанаваць, усё было занята толькі працай.

Апошні раз такое ў мяне было ў Фінляндыі, калі мяне таксама ніхто не торгаў. Усё-такі, калі ты пішаш нейкую сур’ёзную рэч, трэба ў ёй жыць. Жыць толькі з тымі персанажамі, якіх ствараеш. Я ў Мінску гэта ніколі не зрабіў бы.

А ў мяне ж яшчэ сумненні былі, ці ехаць працаваць у Швецыю. Але дзякуй Богу, што ён мяне сюды закінуў. Як я гляджу, ўсё-такі ёсць у маім жыцці нейкі лагічны рух. Бог існуе як у жыцці, так і ў творчасці. Пачынаеш нейкі тэкст пісаць сам па сабе, а Бог кажа «не», і ты змяняеш твор. Так і ў жыцці. Плануеш адно, а Бог кажа: «Давай я ў тваіх планах зраблю невялікую карэкцыю».

Праўда, у такім высоканапружаным творчым стане доўга знаходзіцца немагчыма. Але гэтую восень мне не забыць ужо ніколі.

— Калі раман закончыце, то ў наступным годзе больш не паедзеце ў Швецыю? Праграма ж разлічана на два гады…

— Калі раман будзе гатовы, то, уласна кажучы, у Лундзе мне ўжо няма чаго рабіць. Калі я ехаў у Швецыю, то ў мяне была толькі адна задача — закончыць раман пра Янку Купалу. Я думаў нават, што працэс хутчэй будзе ісці, але не ўсё так атрымліваецца, як задумваеш.

— Адсочваеце нейкія падзеі, якія адбываюцца зараз у Беларусі?

— Два-тры апошнія тыдні я наогул адключыўся ад навакольнага асяроддзя. Хаця што можа адбыцца ў Беларусі новага? Адна справа, калі ты жывеш унутры краіны, і зусім іншая — погляд з-за мяжы. Калі ты глядзіш звонку, то ўсё зусім інакш выглядае. І выглядае, на жаль, значна горш, бо ты параўноўваеш сітуацыю ў Беларусі з той, што вакол цябе ў Швецыі.

І сорамна ўсё гэта адчуваць. Як быццам у Беларусі праходзяць выбары, хаця ты разумееш, што насамрэч нічога не робіцца. Усё замерла і стаіць на месцы, нават паглыбляецца ў сваім негатыве. У Беларусі наогул нейкае адмоўнае энергетычнае поле, мне там нават цяжка пісаць, бо з усіх бакоў ідзе адмоўная інфармацыя.

Таму мае ваганні наконт паездкі ў Швецыю былі дарэмнымі.

Сёння я дзякую за магчымасць атрымліваць асалоду ад творчасці не толькі Богу, але і маёй жонцы Вользе, якая бачыла, што я ў крызісе праз тое, што адбываецца наўкол, на нервах. Яна мяне спачатку ўгаворвала-угаворвала, а затым ужо наўпрост стала выпіхваць з хаты. І я хачу сказаць, што не кожная жонка гэта адчуе і будзе настойваць на сваім. У рэшце рэшт патрэбны ж нейкі мужык дома, хоць посуд памыць…

Але Вольга мне сказала рашуча: «Едзь, бо тут у цябе нічога не атрымаецца, пасля будзеш сабе локці кусаць». Як аказалася — за ёй праўда.

Калі параўноўваць тое, што я зрабіў у Швецыі ў творчым плане, з тым, што зрабіў у Беларусі як палітык, то не можа быць ніякага параўнання. Тут у мяне ёсць вынік, і я разумею, што недарэмна спіну ламаў. А што ў палітыцы? Больш за дваццаць гадоў безвыніковай бегатні.

Усе заняты, бегаюць, як тараканы, то на гэтыя выбары, то на іншыя, але ўсё гэта бессэнсоўная таўкатня. Ёсць, натуральна, людзі, якім падабаецца сам працэс, але я — чалавек выніку.

4
Генэрал Голад / Адказаць
25.10.2019 / 09:51
Здароўя Вам і плённай працы, спадар Уладзімір! 
3
Яўген_2020 / Адказаць
25.10.2019 / 11:18
Скарына пад канец жыцця працаваў каралеўскім садоўнікам у Чэхіі. Не вельмі беражом таленты, панства.
31
анон / Адказаць
25.10.2019 / 11:34
Люты батхёрт!
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру