Студэнту Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы стала блага падчас перапынку ўдзень 24 кастрычніка. Яшчэ трох студэнтак забралі ў шпіталь. Смерць А. ад менінгіту Свабодзе пацьвердзілі некалькі студэнтаў.

У Міністэрстве аховы здароўя Свабодзе таксама пацьвердзілі сьмерць студэнта — папярэдне, ад вострай формы мэнінгіту.

«У Гродна тэрмінова выехаў галоўны спецыяліст па інфекцыйных хваробах Мінздароўя прафесар Ігар Карпаў. Аднак дакладна казаць аб прычыне смерці пакуль рана. Што тычыцца шпіталізацыі астатніх, гэта звычайная практыка — абследаваць усіх, хто быў у кантакце з памерлым», — патлумачыла прэс-сакратарка Міністэрства здароўя Юлія Барадун. Летась ад вострай формы менінгіту ў Беларусі памерлі 6 чалавек.

А. было 19 гадоў. Ён вучыўся на фізіка-тэхнічным факультэце.

Сябры, якія бачылі яго ў апошнія дні, кажуць, што хлопец ня скардзіўся на стан здароўя. Напярэдадні смерці, 23 кастрычніка, ён гуляў у баскетбол. Ранкам 24 кастрычніка таксама не выклікаў падазрэньняў, што хварэе.

«У нейкі момант ён проста ўпаў, і ўсё. Не стала яго… Ён быў таварыскім. І проста ў адзін момант хоп — і яго няма», — кажа сябар Сашы.

Усё адбылося падчас перапынку ў адным з карпусоў універсітэта.

Пра тое, што прычынай сьмерці стаў менінгіт, студэнтам сказаў дэкан факультэта. Да таго ж блага стала яшчэ тром дзяўчынам, іх забралі ў шпіталь. Ці пацвердзіўся ў іх такі ж дыягназ, невядома.

Студэнтам 2 і 3 курсаў аб’явілі, што 25 кастрычніка да іх прыедзе медыцынская камісія, каб узяць аналізы на наяўнасць менінгакокавай інфекцыі.

Па словах аднаго са студэнтаў, моладзь напалоханая і плануе не ісці ў пятніцу на пары. Але пра каранцін ва ўніверсітэце пакуль гаворкі не ішло.

Развітанне з памерлым адбудзецца 26 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?