Журналістка Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, узгадала, як на яе заводзілі крымінальную справу ў 1997 годзе. Яна расказала пра гэтую гісторыю ў відэапраекце «Ток».

— Як вы рашыліся даць па твары следчаму пракуратуры?

— Разумееце, гэта вельмі балючая тэма для мяне. Сапраўды. Гэта быў першы раз у маім жыцці, калі я звярнулася ў праваахоўныя органы. Гэта было пасля мітынгу 2 красавіка 1997 года. Памятаеце, тады Лукашэнка і Ельцын падпісалі дамову аб стварэнні саюзнай дзяржавы. Яны там пілі шампанскае, білі посуд — «вакханалія», як Лукашэнка кажа. Але вакханалія не тое, што сёння, а тое, што было тады. У нас была акцыя. Абсалютна спантанная, стыхійная. Ніхто не рыхтаваў, ніхто, вядома ж, не спрабаваў падаць заяву ў гарвыканкам. Я часам увогуле здзіўляюся. Як мы тады збіраліся на нейкія спантанныя акцыі, калі ні сацыяльных сетак не было, ні сотавых тэлефонаў. Не ведаю.

Але акцыя тады была, памятаю, вельмі баявая. Мы сабраліся каля Опернага тэатра, і пасля мітынгу хтосьці сказаў: «Да расейскай амбасады!» І пайшлі. Потым мы апынуліся ў нейкім атачэнні амапаўцаў, якія проста пайшлі ў атаку.

Я бачыла, як б'юць татку майго адзінага. Пасля мой татка трапіў у шпіталь. Дарэчы, у яго рука так і не гнецца дагэтуль. Таму што яны кінулі яго на зямлю і нейкі мудак пачаў ботам таптаць ягоную руку. Яго рука не гнецца. Ён вельмі доўга вымушаны быў насіць вусы, таму што шрамы на твары: калі яго білі галавой аб дно міліцэйскай машыны, там нейкія жалязякі ляжалі.

Вядома, на наступны дзень я пабегла ў пракуратуру, напісала заяву. Праз некалькі дзён я атрымала паведамленне, што заведзена крымінальная справа па факце перавышэння паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі.

Потым праходзіць нейкі час — месяц, два, тры — і ўсё. Я разумею, што па ўсіх працэсуальных нормах ужо штосьці павінна было адбыцца. Памятаю, я якраз ехала каля гарадской пракуратуры і думаю: дай зайду. Не было мабільных тэлефонаў, а па гарадскіх вельмі цяжка датэлефанавацца.

Я забегла. А тут следчы сядзіць якраз і на друкарцы штосьці друкуе. Чаму ніякіх навін, кажу. «А, гэта вы. А я не паведаміў? Заматаўся, забыўся. Скончана. Закрытая ваша справа. Няма складу злачынства. Выбачайце, напэўна, я павінен быў паведаміць». Ах ты ж сволач такая! Я падышла, сказала: «Ну ўсё, добра» — і дала па твары. Абсалютна спакойна. Прыйшоў такі спакой, нават рука не дрыжэла. Хлоп — і пайшла сабе.

А праз некалькі дзён стала вядома, што ўжо я фігурантка крымінальнай справы. Там штосьці кшталту «цялесныя пашкоджанні, нанесеныя службовай асобе ў сувязі з выкананнем службовых абавязкаў». Я не ведаю, ці ёсць зараз такі артыкул. Можа, ёсць, можа, не.

 — І вы сплацілі штраф?

— Так. Потым яшчэ ўсе жартавалі: «Калі б мы ведалі, што такая асалода, як даць аплявуху следчаму, ці пракурору, ці міліцыянту, каштуе ўсяго толькі чатыры даляры (тады гэта быў эквівалент чатырох даляраў), дык божа ж мой».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0