27.10.2019 / 08:42

У Нью-Ёрку адсвяткавалі 60-я ўгодкі Фундацыі Крачэўскага 1

26 кастрычніка беларусы Нью-Ёрку адсвяткавалі 60-я ўгодкі Беларускай фундацыі Крачэўскага. Гэтая арганізацыя была заснаваная з мэтай збору, захавання і вывучэння дакументальных сведчанняў пра дзейнасць беларусаў у эміграцыі, а таксама фінансавай і інфармацыйнай падтрымкі праектаў, скіраваных на развіццё і папулярызацыю беларушчыны.

У святкаванні бралі ўдзел сябры фундацыі і запрошаныя госці. На пачатку святочнага паседжання з прывітальным словам выступіла старшыня Рады дырэктароў Галіна Тумаш. З аповедам пра гісторыю заснавання арганізацыі і першых ахвярадаўцаў выступілі доктар Янка Запруднік — адзін з тых, хто стаяў ля яе вытокаў, і Валянціна Трыгубовіч, сябра Рады дырэктароў і архівіст фундацыі.

Доктар Вітаўт Кіпель, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва, падзяліўся ўспамінамі пра доктара Вітаўта Тумаша, першага старшыню Рады дырэктароў фундацыі. Пра дзейнасць арганізацыі на працягу апошняга дзесяцігоддзя прысутных паінфармаваў Вячка Станкевіч, які быў старшынём Рады дырэктароў у гэты час.

Віншаванні з нагоды юбілею даслалі Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Радыё Свабода і іншыя.Гасцей таксама чакалі смачны пачастунак, дабрачынная латарэя ды шчырыя сяброўскія размовы.

Фота і відэа Віктара Дударава

1
Walkman / Адказаць
27.10.2019 / 12:02
Шаноунаму спадару Кiпелю, шчырыя пажаданнi моцнага здароу'я, доугiх год шчасьцлiвага жыцця.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру