На Міжнародным фэстывалі хрысьціянскіх фільмаў «Magnificat» на Глыбоччыне прысутнічаў Андрэй Расінскі.

Фэст хрысьціянскіх фільмаў – рэдкая зьява. «Magnificat» – адна з трох у сьвеце кінаімпрэзаў на рэлігійную тэму. «Пабрацімам» Магніфікату зьяўляецца фэст у польскім Непакалянаве. І беларускі конкурс нездарма адкрыўся на Глыбоччыне, у вёсцы Удзела.

Тамака з XVII стагодзьдзя атабарыліся францішкане. А францішканец Максымілян Кольбэ зьяўляецца заснавальнікам сучасных рэлігійных сродкаў масавай камунікацыі. Ягоны часопіс «Рыцар Беззаганнай», які быў запачаткаваны ў Горадні, дасягаў накладу мільён асобнікаў.

Ва Удзеле – касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Марыі Панны, якую вельмі шанаваў Кольбэ, музэй Кольбэ – і ягоны маленькі помнік.

Браты-францішкане – рыцары Беззаганнай – пакажуць наведнікам лялечную стаенку, прысьвечаную Люрду й Бэтлеему – зь ягнятамі, цягнікамі й каляровым асьвятленьнем.

А 7 чэрвеня пад помнікам Максыміляну Кольбэ адкрыўся другі каталіцкі фэст хрысьціянскіх фільмаў «Magnificat-2006».

Навука хрысьціянскіх фільмаў

Калі на першым фэсьце ў 2005 годзе было 25 фільмаў з 7 краінаў, то сёлета – ужо 28 з 8. У тым ліку стужкі з Мэксыкі, Латвіі, Канады, Швайцарыі, Польшчы.

Калі раней на конкурс ставілі ўсё, што аўтары дасылалі, то цяпер карціны прайшлі папярэдні адбор – і ўзровень паказаных фільмаў вырас.

Так стужка барысаўскай студый «СКІФ» «Тры жыцьці» значна пераўзыходзіла мінулагодні фільм студыі – і гэта яўны ўплыў кінафэсту.

Упершыню адбыліся майстар-клясы. Свае творы, адзначаныя на шматлікіх міжнародных фэстах, паказалі Віктар Асьлюк і Юры Гарулёў.

Заля была забітая. Настаўнікі прыводзілі вучняў, а кінапракат зацікавіўся фэстывальнымі стужкамі.

Дыскусія пра шляхі разьвіцьця хрысьціянскага кіно была гарачаю і вельмі плённай.

Як і што паказваць у хрысьціянскім кіно?

Сьвятароў, манахаў, законьніц? Але як зрабіць так, каб гэта не было саладжавым і нудным? Як перадаць таямніцы сакрамантаў?

І як праз штодзённае жыцьцё сьвецкага чалавека выявіць Боскія законы й хрысьціянскую ісьціну?

Уніканьне скандалаў

«Magnificat» – ня той фэст, які любіць скандалы. І гэта зьвязана з самой ягонай прыродай. Мітусьлівае, непрыхільнае – усё, што ставіць грамадзкія жарсьці вышэй за Боскае – таксама не для «Magnificat’у».

Так, заідэалягізаваная стужка пра сусьветную вайну дысгармавала зь ціхмяным фэстам. Фільм пра Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр дапускаў нетактоўнасьці адносна каталікоў.

Яшчэ скандальнейшым быў латвійскі фільм «Але час ужо блізкі». Там два героі-сэктанты спачатку прапаведуюць Дабравесьце – адылі завяршаюць усё рэклямай «асьвячонага» шакаляду. І рэжысэр захапляецца гандлёва-маркетынгавай дзейнасьцю сваіх героеў.

Самая вялікая правакацыя – «Ісус – вандроўнік у краіну Ўсходу» – швайцарскага рэжысэра. Апокрыфы, усходнія легенды, рэрыхіянства… «Памылка, што я ўвогуле уключыў фільм у праграму», – прызнаўся старшыня кінафэсту Юры Гарулёў.

Але скандальныя стужкі проста не былі аніяк адзначаныя журы. Фэст зграбна абышоў небясьпечныя пасткі – але само іхняе зьяўленьне гаворыць, што падзея пакрысе набірае абароты.

Прызэры фэсту

Як і летась, Гран-пры было вырашана не прысуджаць. Карціна Галіны Адамовіч «Завядзёнка», якая выглядала на фаварыта, атрымала толькі ўхвальны дыплём за высокі прафэсійны ўзровень.

Найлепшым дакумэнтальным фільмам прызнаная стужка чэскіх аўтараў «Уганда, пакутная пэрліна Афрыкі». Фільм Леаша Рышкі распавядае пра краіну, што разьдзірае грамадзянская вайна. Бунтаўнікі крадуць дзяцей і вучаць іх забіваць. А місіянэры розных канфэсій апякуюцца ўцекачамі і дапамагаюць вярнуцца дзецям да нармальнага жыцьця.

Прыз каталіцкай асацыяцыі для камунікацый «Signis-Belarus» атрымала стужка Міхаіла Якжэна «Родная душа» інфармацыйнага агенцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы. Карціна распавядае пра ігумена Нікана, «мучаніка за Хрыстовую веру».

Айцы-францішкане ўпадабалі фільм Мікалая Князева «Сэрафімавы браты», які паказвае жыцьцё праваслаўных манахаў. Стужку Беларускага відэацэнтру адзначылі «за яскравае ўвасабленьне вобразу сьвятара – настаўніка, лекара чалавечых душ».

Братэрскі фэст «Непакалянаў» зацікавіла карціна Ўладзімера Бокуна «Сям’я Скробат». Выпуск з тэлецыклю «Лёс чалавека» гаворыць пра цудоўныя падзеі ў сям’і, зьвязаныя з выратаванай статуяй Дзевы Марыі.

А Глыбоцкаму райвыканкаму спадабаўся просты беларускі фільм Вольгі Марокавай і Максіма Міхальцова «Палоньнікі схільнасьцяў» – на актуальную тэму барацьбы з наркаманіяй і алькагалізмам.

Расейская стужка на тую ж тэму «Я сустрэў Бога ў цемры» адзначаная гільдыяй кінакрытыкі Беларускага саюзу кінэматаграфістаў «за цэласнасьць зьмястоўнага і вобразнага вырашэньня сацыяльнай тэматыкі».

Адкрыцьцё «Існасьці»

Сярод тэлепраграмаў стужка «Бог дзейнічае празь людзей» Дар’і Юркевіч была па-за канкурэнцыяй. Гэты выпуск тэлепраграмы «Існасьць» паказвае адзін дзень з жыцьця ксяндза Ёзаса Булькі. Трапныя назіраньні, удалыя дэталі і дасьведчаны мантаж маладой рэжысэркі (яна шчэ вучыцца ў Акадэміі мастацтваў) вылучаюць гэтую стужку на агульным тле.

Фільм Дар’і Юркевіч быў адзначаны галоўным прызам за найлепшую тэлепраграму – і, бадай, толькі з гэтым прызам не было інтрыгі.

Выпускі праграмы «Існасьць» стала ўдзельнічаюць у фэсьце і зьвярнулі на сябе ўвагу яшчэ летась. Галоўная прэмія кінафэсту адкрывае нам незаўважную раней праграму беларускае тэлевізіі. Сярод перадачаў «Існасьці», што выходзіць раніцай па суботах, ёсьць сапраўдныя дыямэнты.

Выпрабаваньне прышлым

Фэст разьвіваецца. Гэта патрабуе адпаведнай інфраструктуры. Калі сама арганізацыя фэсту, цуды Удзела й Мосара вышэйшыя за ўсялякія пахвалы, то гатэль у Глыбокім, звыкла пазбаўлены гарачай вады, – гэта зусім не міжнародны ўзровень.

Аднак фэст выклікаў зацікаўленасьць улады. Глыбоцкі райвыканкам вырашыў наступным годам дадаць прызоў. Але «сымфонія» рэлігіі й палітыкі далёка ня ёсць правілам.

Сёлета былі фільмы пра рэлігійнае ацаленьне наркаманаў і алькаголікаў. А ёсьць яшчэ праблемы абортаў, сьмяротнага пакараньня і чалавечае годнасьці. Тэмы гэтыя натуральныя для хрысьціянскага фэсту, неабходныя, хоць і палітычна «пякучыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0