Лідар тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» Абу Бакр аль-Багдадзі ліквідаваны падчас аперацыі ў Ідлібе (Сірыя). Пра гэта заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, перадае Reuters.

Аперацыяй па яго ліквідацыі займаліся сілы спецыяльных аперацый ЗША. Па словах Трампа, падчас спецаперацыі амерыканскія ваенныя «загналі» аль-Багдадзі ў тупіковы тунэль. Уцякаючы ад вайскоўцаў, лідар ІД падарваў пояс смяротніка, забіўшы пры гэтым трох сваіх дзяцей.

Аль-Багдадзі памёр як сабака, як баязлівец, сказаў Трамп. «Ён спрабаваў схавацца ў тунэлі, з якога не было выйсця, плачачы, галосячы і крычучы». У будынку заставаўся толькі Багдадзі і трое дзяцей, якіх ён узяў з сабой і павёў на верную смерць. Калі нашы псы дагналі яго ў тунэлі, ён падарваў камізэльку на сабе, забіўшы сябе і траіх дзяцей.

Улады ЗША правялі ідэнтыфікацыю парэшткаў, якая паказала, што быў знішчаны менавіта лідар ІД. Падчас аперацыі была забіта вялікая колькасць паплечнікаў аль-Багдадзі. На месцы спецаперацыі таксама знаходзіліся 11 дзяцей, яны пацярпелі.

Падчас спецаперацыі не пацярпеў ніводны амерыканскі ваенны, сказаў Трамп.

Для правядзення спецаперацыі ЗША прасілі Расію дазволіць амерыканскім верталётам праляцець над тэрыторыяй Сірыі. Расійскія вайскоўцы не ведалі пра мэты аперацыі, сказаў амерыканскі прэзідэнт.

Як пісала Reuters кіраўнік тэрарыстычнай арганізацыі прыбыў у сірыйскую вёску Барыш за двое сутак да смерці. Там амерыканцы здолелі яго высачыць. Па дадзеных Anadolu аперацыя па ліквідацыі кіраўніка ІД доўжылася чатыры гадзіны — першыя паўтары праводзіўся абстрэл населенага пункта з паветра, потым пачалася наземная частка аперацыі.

Раней курдскі генерал «Сірыйскіх дэмакратычных сіл» паведаміў аб правядзенні гістарычнай ваеннай аперацыі сумесна з амерыканскай разведкай. Рашэнне аб правядзенні гэтай аперацыі было прынята пасля інфармацыі аб з'яўленні аль-Багдадзі ў сірыйскай правінцыі Ідліб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0