578 тысяч разоў за два дні — столькі разоў праглядзелі новы 57-хвілінны фільм ютуб-канала Нехта.

За два дні фільм сабраў 41 тысячу лайкаў і 13 тысяч каментаў і выйшаў у трэнды Ютуба.

Фільм называецца «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» і рэзка крытыкуе кіраўніка Беларусі. Аляксандра Лукашэнку ў ім абвінавачваюць у парушэннях законнасці. А таксама ў тым, што ён, у марным спадзяванні заняць пост прэзідэнта Расіі ў 1990-х, дазволіў Маскве атрымаць кантроль над Беларуссю.

«Моцнае відэа найвышэйшага ўзроўню, Сцяпану рэспект», — піша адзін з каментатараў, і гэты водгук сабраў 2000 лайкаў. У цэлым тон каментаў вельмі крытычны ў адносінах да сістэмы.

21-гадовы Сцяпан Пуціла, вядомы па назве свайго Ютуб-канала Нехта, мае 270 000 падпісчыкаў у Ютубе і больш за 100 тысяч — у Тэлеграме, што зрабіла яго самым папулярным грамадска-палітычным блогерам. У лютым 2018 года супраць Сцяпана Пуцілы спрабавалі завесці крымінальную справу паводле артыкула 368 КК РБ «Абраза прэзідэнта» за ролікі на YouTube, нібыта па скарзе невядомай грамадзянкі. З таго часу ён не наведвае Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0