28.10.2019 / 11:06

Уладзімір Някляеў за тры кастрычніцкія дні напісаў ашаламляльную паэму «Вавукі» 10

Вавукі

Таццяне Процька

Я ў Крэва ехаў. Да сябе самога.
Была мне звыклай крэўская дарога,
Было спакойна, ціха на душы,—
І раптам хатку я каля шашы
Убачыў недалёка ад Вавукаў,
Дзе не было раней яе… Пастукаў,
Спыталі: «Ганя, мы яго чакалі?»
«Не, — адказала Ганя. — Не яго».
«Ты ўжо сама не ведаеш, каго
Чакаеш…» — за дзвярыма прабурчалі.
І запрасілі: «Вы заходзьце ў хатку.
На Ганю не зважайце, бо вар’ятка».
Я на парог ступіў. Вялі з парога
Дзве лесвіцы. Уніз і ўверх вялі.
А больш у хатцы не было нічога.
«Так, не зважайце, — быццам з-пад зямлі
Сказала Ганя. — Бо стралой параню,
Я сэрца ваша, а душу згублю,
Калі вы закахаецеся ў Ганю.
Не пакахайце! Я не вас люблю».
«Таго, каго ты любіш, ці забілі,
Або яшчэ не нарадзіўся той…» —
Сказаў старэчы Голас, і ў пустой
Хаціне пад Вавукамі завылі,
Нібы зімой галодныя ваўкі,
Завеі, сцюжы, ветры, скразнякі,
І так узвыў галодны голас Гані,
Як з голаду ваўчыца вые ўранні
Ва ўсе нябёсы і зямныя далі:
«Нікога ва ўсім свеце не кахалі
Так, як сябе кахаю я сама
Каханнем тым, што не мінае марна,
І як высока, як самаахвярна
Мяне кахае той, каго няма!»
«Я ж вам казаў: вар’ятка», — мовіў Голас.
І раптам я адчуў ваўчыны голад
І ў горле боль такі, што ледзь стрываў,
Каб не завыць!.. «Дык я яго спаткаў», —
Сказаў скрозь боль.
«Каго?» — спытала Ганя.
«Таго, каго няма».
Стары спытаў: «Каго?..» —
А Ганя закрычала: «Ты яго
Не мог спаткаць, бо не спазнаў кахання,
Не зведаў вышыні, якая ў ім,
Якая з небам, як адно ў адным,
Дзе так высока, што не розніць вока
Пачатак і канец, дзе зліты даль і блізь,
І дзе ідзеш не блізка ці далёка,
А толькі знізу ўверх — і толькі зверху ўніз!»
«Заўсёды і паўсюль, — пачуўся Голас зноў, —
Ёсць даль для чарвякоў і высь для каршуноў,
І ці кахаеш ты, ці ненавідзеш,
Калі ідзеш да небасхілу, прыйдзеш
Урэшце рэшт туды, адкуль пайшоў.
Такі твой шлях зямны…»
«Ты можаш выбраць зорны…
Ці белы коршун ты, ці коршун чорны,
Ці чорны коршун ты, ці коршун белы, —
Заваражбіла Ганя і ўзляцела… —
Ступі на лесвіцу!..»
«Скажы мне, на якую?!.»
«Любую выбірай!..»
І я ступіў на тую,
Што ўверх вяла…
О, як яе хістала!..
Як быццам ні на чым яна стаяла —
На тым, чаго няма!..
«Так свет увесь стаіць, —
Сказаў стары. — Нібыта ні на чым.
І ўсе мы ў ім, як ні на чым, стаім».
«Ступіў, дык падымайся!» — падала
Руку мне Ганя…
Лесвіца вяла
Вышэй, вышэй — канца ёй не было…
«Вунь там, наверсе, дзе ў святле святло,
Ён адпусціў руку маю, сарваўся, —
Сказала Ганя. — Там ты з ім спаткаўся,
Калі напраўду ты спаткаўся з ім».
«Чаму ён адпусціў?.. Ён пабаяўся
Вышэй падняцца?..»
«Не, не пабаяўся.
Там не ўстаяць было ўжо нам дваім.
Ніхто яшчэ ўдваіх на месцы тым
Не выстаяў. Адзін — або адна!..»
І вырвала сваю руку
з маёй рукі
яна!
«Ён быў найлепшы з тых, хто быў табой! —
Яна крычала з лесвіцы пустой,
З якой уніз услед за мной злятала. —
Я ведала! Я ад пачатку знала,
Што гэтым скончыцца!..»
«Адкуль ты знаць магла?!.»
«Бо ў ім жыла! Пасля ў табе жыла!
І ўбачыла, што ты не станеш ім,
І што не жыць вам аднаму ў адным!
І ты забіў яго! Забіў яго ў сабе!..»
«Яна ўвесь час, — сказаў стары, — дзяўбе
Адно і тое. Не перадзяўбаць…
Народжаныя мы, каб забіваць
Сябе ў сабе раней, чым прыйдзе смерць,
Але нашто праз гэта вар’яцець?
Найпростае жыццё ў сваёй аснове,
На выбар — толькі два шляхі ў жыцці:
Уверх — каб падымацца да любові,
І ўніз — каб да нянавісці ісці».
Я ўжо спускаўся ўніз. Глыбока пада мной
Цямнела дно — і дно было зямлёй,
І Ганя ёй была, і з дна, з яго цямна
Цяжарнай падымалася яна,
І, як Зямля, жывот яе круглеў,
Якім яна казала нараспеў:
«Я думала: каханне нас міне,
Ды не мінула, вось яно ўва мне,
Мы ў вышыні яго шукалі не дарма,
Цяпер яно там ёсць, хоць нас з табой няма…»
Я вар’яцеў!.. Не, так не можа быць!..
«Народжаныя мы, каб нарадзіць
Сябе ў сабе раней, чым прыйдзе смерць,
Але нашто праз гэта вар’яцець? —
Пачуўся ў Гані Голас. Слова ў слове!.. —
Найпростае жыццё ў сваёй аснове,
На выбар — толькі два шляхі ў жыцці:
Уверх — каб падымацца да любові,
І ўніз — каб да нянавісці ісці».
Спрэс тое самае! Зямля і неба спрэс!..
Але ў тых самых словах іншы сэнс
Так праступаў, нібы расток, калі
Ён праступае з таямніц зямлі,
Ці як дзіця з’яўляецца з улоння…
«Даволі, Ганя… Досыць на сягоння, —
Зямля сказала Голасам спрадвечным. —
Амаль усё, што ў сіле чалавечай
Адчуць і вытрываць, адчуў ён і стрываў…»
«Не ўсё яшчэ… Яшчэ ён не сказаў…»
«Чаго ён не сказаў?..»
«Ці так мяне жадаў,
Ці так кахаў мяне, як я яго кахала?..»
Я выйшаў з хаты…
Сцюжа замятала,
Дарогі — не праехаць, не прайсці!
«На выбар — толькі два шляхі ў жыцці», —
У скронях білася. Кружылася завея,
І я кружыў, не помніў: хто я, дзе я? —
З пагоркаў падаў, па лагчынах бег,
Кідаўся зверху ўніз і знізу ўверх,
Адчаю поўны, поўны жалю, скрухі,
Як снегам поўныя завеі, завірухі,
І ў тых завеях, сцюжах, завірухах
Услед мне вылі ўсе ваўкі ў Вавуках.

23-25 кастрычніка, Швецыя, Лунд.

8
AliesF / Адказаць
28.10.2019 / 12:58
Выдатна!
3
mikola ramanau / Адказаць
28.10.2019 / 14:05
Pospehu Prakopavicz i jasce czakaem...!
4
жэстачайшэ крэпасны / Адказаць
28.10.2019 / 19:18
Таксама, я iшоу здалёка, Краiну баранiу дзе толькi мог ! И мнозства саранчы я бiу з Усхода, I на мяжы сваёй касьцьмi я злёг… Мяне ужо нiхто не памЯтае Я у вогуле аб гэтым не прашу, Мае кАсцi да скрэжэту кранае- Кiруюць здрадникi дзяржавай, Чыю я баранiу мяжу !!! Я з знамям йшоу под Тэлеханы, На Сiнiх Водах йшоу на смерць… Нiхто нiколi не узяу брамы, Якой я баранiу паверх ! На Грунвальдзе у бруд утапталi- Нiчога i не засталось, Аднак iзноу я быу на браме- З Iванам з Усходу адбылось… Я не прашу ад вас нiчога, Вы збаранiце то, што я !!! Я зноу iду- iду здалёка !!! Радзiма стогне зноу мая !!! I той хто зможа, хай успомнiць, Ягайлы лист да нас усiх: Краiны мужнасьцi, як помнiк, Наш усаднiк- срэбны яго блiск !!! Аб iм спявали : Багдановiч, Мулявiн, Што чакаюць нас- Я зноу iйду, па вашай волi- З магiлы устаць паустау  мой час….
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру