Астраномы Еўрапейскай Паўднёвай абсерваторыі абвясцілі аб выяўленні ў Сонечнай сістэме новай карлікавай планеты Гігея — самага малюсенькага з вядомых нам падобных аб'ектаў. Пра адкрыццё піша Бі-бі-сі. 

Гігея, названая так у гонар старажытнагрэцкай багіні здароўя, размешчаная ў галоўным поясе астэроідаў, якія верцяцца вакол Сонца паміж арбітамі Марса і Юпітэра. Дыяметр карлікавай планеты складае ўсяго каля 430 км — гэта як ад Гродна да Бабруйска.

Першым Гігею выявіў італьянскі астраном Анібале дэ Гаспарыс яшчэ 170 гадоў таму, у 1849 годзе, але да сённяшняга дня яна афіцыйна лічылася астэроідам.

Падставай для афіцыйнага змены класіфікацыі паслужыла тое, што навукоўцам упершыню ўдалося падрабязна разгледзець Гігею пры дапамозе Вельмі вялікага тэлескопа (VLT — Very Large Telescope), усталяванага ў Паранальскай абсерваторыі, у чылійскай пустыні Атакама.

Гігея — не самы буйны аб'ект у поясе астэроідаў. Па памерах яна саступае Цэрэры (950 км), Весце (525 км) і Паладзе (512 км). Да пачатку XIX стагоддзя ўсе тры лічыліся сапраўднымі планетамі, аднак пазней былі «разжалаваны» ў астэроіды.

Дзейная класіфікацыя нябесных целаў была прынятая ў 2006 годзе на асамблеі Міжнароднага астранамічнага саюза.

Каб лічыцца планетай, нябеснае цела павінна выконваць некалькі ўмоў:

  • круціцца па арбіце вакол Сонца;
  • не быць пры гэтым спадарожнікам іншай планеты;
  • мець дастатковую гравітацыю, каб падтрымліваць круглую (або блізкую да круглай) форму;
  • валодаць дастатковай масай, каб расчысціць сваю арбіту ад іншых, больш дробных аб'ектаў.

Як цяпер высветлілася, Гігея мае амаль ідэальную сферычную форму — а значыць, адпавядае вызначэнню карлікавай планеты.

Адпаведны навуковы артыкул быў апублікаваны ў панядзелак у часопісе Nature Astronomy, аднак новы статус Гігеі яшчэ павінен быць афіцыйна зацверджаны Міжнародным астранамічным саюзам, які збярэцца ў 2021 годзе ў карэйскім Пусане.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0