28.10.2019 / 22:50

Прэзідэнцкая газета пра Нехта: Як 20 гадоў таму ён сцаўся ў штаны, так працягвае гэта рабіць і цяпер 81

21-гадовы блогер Сцяпан Пуціла стварыў самыя папулярныя ютуб- і тэлеграм-канал, у якіх рэзка крытыкуе Аляксандра Лукашэнку.

Прапагандыст Андрэй Мукавозчык напісаў чарговую калонку для «Советской Белоруссии». На гэты раз аўтар, вядомы сваімі адыёзнымі калонкамі, узяўся за папулярнага блогера Нехта, чый новы фільм на ютубе сабраў рэкордныя прагляды.

Зноў артыкул Мукавозчыка напісаны па-руску, але з асобнымі ўстаўкамі беларускіх словаў, якія выкарыстоўваюцца, пераважна, у зневажальным кантэксце.

Прапагандыст пачынае з таго, што называе блогера «адшчапенцам, які змалку жыве за межамі роднай краіны на зусім не беларускія грошы».

Ёсць прэтэнзіі ў Мукавозчыка і да зместу апошняга фільма блогера. Ён лічыць, што там прысутнічаюць плёткі, чуткі, падтасоўванні, абразы, нахабны мантаж, пахабная агучка.

«Адчуванне, што малалетка захлынаючыся распавядае дарослым стары, пахабны і не смешны анекдот», — выдае калумніст газеты.

Прапагандыст лічыць, што гэта «кіно няўдачніка».

«Адсюль такая ўвага да гадзіннікаў, падарункаў, машын і самалётаў з верталётамі», — робіць выснову Мукавозчык.

У якасці пацвярджэння сваіх слоў калумніст прывёў крытычныя каментары, якія пакінулі пад навіной пра новы фільм блогера нашы чытачы.

Далей Мукавозчык піша, што ў блогера «смешны мозг».

«Магу заўважыць: як 20 гадоў таму ён сцаўся ў штаны ад гучных гукаў, так працягвае рабіць і цяпер. Вось толькі бацькі ўжо не паспяваюць, напэўна…» — апусціўся да тэм мочаспускання Мукавозчык.

Таксама калонка Мукавозчыка багатая на эйджызм. Блогеру ўсяго 21 год, і Мукавозчык менавіта на гэтым будуе сваю аргументацыю:

«Аўтару 21 годзік, яму б падвучыцца хоць чаму, а потым ужо дапаможнікі ляпіць», — піша Мукавозчык.

Прапагандыст абураецца, што ў новым фільме блогера няма «ні ўзятых бар'ераў, ні вырашаных праблем, ні рэальных дасягненняў» краіны.

«Вам самім, можа, і здаецца, што вы — такія безразважна смелыя публіцысты-выкрывальнікі. А з боку відавочна: вы такія — слабакі і лузеры, якія толькі і могуць пляваць ззаду на каўнер. З-за чужога плота», — піша калумніст.

892 тысячы праглядаў за тры дні — столькі разоў праглядзелі новы 57-хвілінны фільм ютуб-канала Нехта.

Фільм сабраў 56 тысяч лайкаў і 18 тысяч каментаў і выйшаў у трэнды Ютуба.

Фільм называецца «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» і рэзка крытыкуе кіраўніка Беларусі. Аляксандра Лукашэнку ў ім абвінавачваюць у парушэннях законнасці. А таксама ў тым, што ён, у марным спадзяванні заняць пост прэзідэнта Расіі ў 1990-х, дазволіў Маскве атрымаць кантроль над Беларуссю.

«Моцнае відэа найвышэйшага ўзроўню, Сцяпану рэспект», — піша адзін з каментатараў, і гэты водгук сабраў 2000 лайкаў. У цэлым тон каментаў вельмі крытычны ў адносінах да сістэмы.

21-гадовы Сцяпан Пуціла, вядомы па назве свайго Ютуб-канала Нехта, мае 283 000 падпісчыкаў у Ютубе і больш за 100 тысяч — у Тэлеграме, што зрабіла яго самым папулярным грамадска-палітычным блогерам. У лютым 2018 года супраць Сцяпана Пуцілы спрабавалі завесці крымінальную справу паводле артыкула 368 КК РБ «Абраза прэзідэнта» за ролікі на YouTube, нібыта па скарзе невядомай грамадзянкі. З таго часу ён не наведвае Беларусь.

NN.by

10
Qwi / Адказаць
28.10.2019 / 22:43
Сколько просмотров у Муковозчика?)
8
Pauliuk / Адказаць
28.10.2019 / 22:53
Дык калі ён такі піс.н малы, то чаму пра яго пішуць на галоўных старонках дзяржаўных газэт?
14
даведка / Адказаць
28.10.2019 / 22:57
Не зря же Муковозчик в своё время рулил белорусским КВНом. ))
Паказаць усе каментары/ 81 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру