Што дазволіць расці эканоміцы больш актыўна, абмеркавалі эксперты на семінары «Ад стабільнасці да эканамічнага росту: перспектывы Беларусі».

Як не затрымацца ў стагнацыі?

Самымі паспяховымі ў гэтым плане для Беларусі былі 2003—2008 гады, калі патэнцыйны рост павялічваўся. Але з 2008 да 2013-га ён запаволіўся. А ў апошнія гады практычна замарозіўся, распавёў старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра BEROC Дзмітрый Крук. Сярэдні рост, які эканоміка можа генераваць у яе цяперашнім стане і пры адсутнасці знешніх рызык, — гэта 2%.

Але пры такім тэмпе росту стаць паспяховай і забяспечыць макрастабільнасць у айчыннай эканомікі шанцаў няма. Яна будзе ўсё больш адставаць ад краін Цэнтральнай Еўропы і Балтыі, на якія, як лічыць эканаміст, Беларусі трэба было б абапірацца.

— Росту апошніх сямі гадоў відавочна недастаткова для таго, каб падтрымліваць статус-кво. Больш за тое, мы істотна пагоршылі свае адносныя пазіцыі. Пайшла разсінхранізацыя з гэтымі краінамі, — адзначыў Дзмітрый Крук.

Калі айчынная эканоміка працягне развівацца сённяшнімі тэмпамі, то фактычны ўзровень дабрабыту будзе пагаршацца ў параўнанні з заходнімі суседзямі.

— Беларусь будзе ўстойліва больш беднай краінай. Гэта само па сабе пагроза, паколькі не дае магчымасці сфармавацца дабратворнаму колу. Дабратворнае кола атрымліваецца, калі мы маем высокі рост. І дзякуючы высокаму росту мы ствараем перадумовы для будучага росту. А яны, у сваю чаргу, стымулююць рост, — патлумачыў эксперт BEROC.

Дзмітрый Крук ужо некалькі гадоў кажа пра важнасць паскарэння росту эканомікі. Паводле яго ацэнкі, каб выйсці на траекторыю хуткага развіцця, Беларусі на працягу 10 гадоў трэба расці 6—7% у год.

— Калі мы хочам да 2030 года быць нароўні з Чэхіяй, усе наступныя гады сярэдні рост павінен скласці 7,6%. Калі жадаем дагнаць Польшчу да 2050 года, гэты рост можа складаць 3,2%, — кажа Дзмітрый Крук.

Эксперт дадае, што пры росце каля 2% у год Чэхію, Латвію, Літву, Славакію Беларусь не дагоніць ніколі, а каб дагнаць Польшчу, спатрэбіцца 246 гадоў.

Але нават калі не думаць аб спаборніцтве з больш паспяховымі краінамі, павышэнне росту эканомікі вельмі важна для яе ўстойлівасці.

Здаровая эканоміка — гэта аснова ўстойлівасці нацыянальнай валюты, адзначыла начальнік упраўлення даследаванняў Нацбанка Наталля Мірончык.

— Рост нізкі і няўстойлівы. Трэба як мага хутчэй прымаць важныя меры па яго нарошчванні. Але не хацелася б паўтараць тыя памылкі, якія былі ў 2011 годзе — вельмі не хацелася б наступаць на тыя ж граблі, — падкрэсліла прадстаўнік Нацбанка.

У апошнія гады запаволіўся патэнцыял росту. Пры гэтым разрыў выпуску вагаецца каля нуля, што кажа аб збалансаванасці эканомікі. І стымуляваць эканамічны рост з боку попыту не трэба. Нацбанк выступае супраць стымулявання эканомікі за кошт манетарнай палітыкі. Гэта разагрэла б попыт, а разам з ім паскорыла б інфляцыю, прывяло да нестабільнасці на валютным рынку, знізіла ўзровень даходаў.

— Зараз вельмі важныя захады з боку прапановы. Доўгатэрміновы рост залежыць ад такіх ключавых фактараў, як праца, капітал, тэхналогіі, арганізацыя вытворчасці. І патрэбныя меры, якія будуць уздзейнічаць на гэтыя кампаненты, — сказала Наталля Мірончык.

За кошт чаго расці?

Рэцэпты росту эканомікі, якія выкарыстоўвалі ў 2000-х гадах (стымуляванне інвестыцый у асноўны капітал, залішняя роля дзяржавы ў размеркаванні і акумулявання інвестыцый і ахвяраванне цэнавай і фінансавай стабільнасцю дзеля росту), не прынясуць жаданага эфекту. Нават, здавалася б, паспяховы інструмент назапашвання капіталу стаў канфліктаваць з прадукцыйнасцю, таму што стаўка на назапашванне капіталу і факусаванне эканамічных уладаў на механізме размеркавання інвестыцый прыводзіла да накладання абмежаванняў на фінансавы рынак, на нармальнае функцыянаванне рынкаў працы і тавараў і паслуг.

Глыбокі і ўстойлівы рост эканомікі здольныя забяспечыць больш высокая прадукцыйнасць працы і павышэнне эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў.

— Каб вярнуцца да ўстойлівага росту і яго павысіць, трэба думаць аб прадукцыйнасці, а пра капітал мы пакуль можам забыцца. Калі ў нас будзе расці прадукцыйнасць, там, дзе не хапае капіталу, ён будзе расці ў сілу рынкавых прынцыпаў, — кажа эксперт BEROC.

Але за апошнія 10 гадоў прадукцыйнасць практычна не вырасла. Збольшага таму, што дзяржава клапоціцца пра кампаніі з самай нізкай прадукцыйнасцю і ў краіне растуць менш эфектыўныя галіны і фірмы.

Для росту прадукцыйнасці важныя макрастабільнасць, больш эфектыўнае дзяржкіраванне, забеспячэнне фінансавага пасярэдніцтва, якасць адукацыі, таварныя рынкі, палітыка канкурэнцыі, інфраструктура і адкрытасць, а таксама тэхналагічная аснашчанасць, сказаў на заканчэнне Дзмітрый Крук.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?