29.10.2019 / 13:35

«Адчапіся ад майго мужа, у цябе свой ёсць» — санта-барбара ў Шумілінскім раёне скончылася забойствам 10

25 кастрычніка ў Шумілінскім раёне адбылося дзіўнае забойства. Муж з жонкай паехалі ў лес у грыбы і ягады. Калі сямейная пара вярнулася да машыны, іх там чакаў знаёмы. Той знаёмы зарэзаў мужа на месцы, пасля чаго збег. Яго затрымалі ў суседнім раёне.

«Наша Ніва» высветліла падрабязнасці гісторыі. Аказалася, што паміж фігурантамі былі заблытаныя рамантычныя адносіны, якія скончыліся такой вось крывавай драмай.

Наша Ніва звязалася са Святланай, жонкай 41-гадовага Аляксея Клюева, якога падазраюць у забойстве.

Аляксей Клюеў

«Прычына — жанчына», — коратка кажа Святлана пра забойства.

Клюевы жылі ў адной з вёсак Гарадоцкага раёна. Гадавалі траіх дзяцей, але ў маі вырашылі разысціся.

«Мы не разводзіліся, але вырашылі жыць паасобку. Аляксей родам з вёскі Сураўні, там жыве яго мама. Да яе ён і паехаў жыць», — кажа Святлана.

У Сураўнях жылі іх знаёмыя Цітовы. Жонка Таццяна, муж таксама Аляксей.

З гэтай Таццянай у Аляксея Клюева і завязаўся раман, кажа Святлана.

Таццяна Цітова

«Я і раней падазравала, што паміж імі штосьці ёсць. Надта часта ён ездзіў маме дапамагчы ў тыя Сураўні, — ўзгадвае Святлана. —

Але пазней мой Аляксей прыходзіў да мяне ў хату, прасіўся назад у сям’ю. Я пагадзілася, выдаліла ўсе «левыя» нумары з яго тэлефона. І пабачыла іх перапіску з Таццянай Цітовай. Я напісала ёй: «Адчапіся ад майго мужа, у цябе ёсць свой». Яна мне адказала: «Не суй нос у чужыя справы». Гэта было ў жніўні».

Але ж пасля ў Святланы з мужам не склалася, і Аляксей Клюеў вярнуўся да сваёй маці ў Сураўні. Уладкаваўся працаваць у суседнюю вёску на ферму слесарам. Праўда, апошнім часам на працу не хадзіў: трапіў у аварыю на мапедзе, зламаў ключыцу і цяпер быў на бальнічным.

У Аляксея і Таццяны Цітовых тым часам былі свае праблемы. Аляксей Цітоў афіцыйна нідзе не працаваў, але пастаянна ездзіў «на Расію», працаваў рабочым.

Загінулы Аляксей Цітоў

Таццяна ўлетку працавала ў прыватніка прыёмшчыцай ягад, пасля сядзела дома. Раней яна была сацработнікам, даглядала старых, але яе ці то звольнілі, ці то сама сышла.

Калі Цітоў вярнуўся ў пачатку лета з Расіі, жонка Таццяна паведаміла, што больш не хоча з ім жыць.

«Таццяна выгнала яго з дому, ён пайшоў жыць да сваёй маці. Праўда, Таня яму не сказала, што плануе з маім мужам цяпер жыць. Я ўвогуле падазраю, што ў яе быў нейкі трэці мужчына, — кажа Святлана Клюева. — Аляксей Цітоў ведаў пра раман яго Тані з маім Аляксеем. Ён прыязджаў да мяне, мы размаўлялі з ім пра гэта. Галоўнае, што ён хацеў, дык гэта забраць у Таццяны дачку, ёй гадоў 12, добрая дзяўчынка. Хацеў забраць, бо ў Таццяны былі пэўныя праблемы: яна закадзіраваная, плюс раней у яе былі спробы суіцыду».

Але паціху усё вярнулася на свае колы. Цітовы жылі разам у Сураўнях, Аляксей Клюеў у сваёй мамы у той жа вёсцы.

І раптам здарылася тое забойства.

Святлана Клюева ўпэўненая, што віна на Таццяне Цітовай.

«Яна ўгаворвала майго Аляксея, можа, збіць, а можа, і забіць свайго мужа, я так лічу. Не ведаю, з якой мэтай. Можа, каб пасля нейкія выплаты атрымаць, можа, што яшчэ… Я з мужам пражыла 18 гадоў. Сам ён на такое не пайшоў бы ніколі. Але ён такі чалавек, што на яго можна даволі лёгка паўплываць, — кажа Святлана. — У той вечар Таццяна Цітова і Аляксей Клюеў дамовіліся, што па яе званку Клюеў мусіў пад’ехаць туды пад лес.

Клюеў быў у сваёй мамы тым вечарам. Я гаварыла з ёй. Яна расказала, што размаўляла з ім — і тут званок. Кажа, што ён быў як зачараваны, круглыя вочы. Толькі пазванілі, адразу падскочыў, маўляў, усё: Таня тэлефануе, я паехаў».

Чым скончылася тая паездка, ужо вядома. Аляксей Цітоў загінуў. Аляксей Клюеў — пад вартай, на яго завялі справу за забойства.

Вядома, што Таццяна Цітова пад вартай таксама. Следчы камітэт пакуль не пракаментаваў гэтую інфармацыю. Невядомы таксама і яе статус. Але варта адзначыць, што менавіта яна выклікала міліцыю пасля трагедыі.

УШ

8
Генэрал Голад / Адказаць
29.10.2019 / 13:56
Чэзарэ Ламброзо меў рацыю. 
2
не для комментария,а для редакции. / Адказаць
29.10.2019 / 15:19
Убогие!  Убивать-то зачем?!.
2
Свободный / Адказаць
29.10.2019 / 15:32
Госпаде эти все кролики никак не решат свое либидо
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру