29.10.2019 / 13:23

Сяргей Ваганаў. Ізноў крывёй сплываюць раны ў Курапатах… 1

Паедзем паядзім

На што, гляджу я, «Бульбаш-хол» падобны?
Вялікі архітэктар быў мастак.
Пад рэстаран будынак той падроблены.
А насамрэч — гулагаўскі барак.

Там не сталы, а шэраг стылых нараў.
З унутраных — афіцыянты — спраў.
І кухары для вас гатуюць стравы…
Не елі вы шчэ гэткіх смачных страў.

І запрашаюць вас паесці ў Курапаты.
І падвязуць праз цемру страшных ночак.
Чакаюць вас шыкоўныя салаты —
Свінец і жоўты, поўны рот, пясочак.

Нямы адчай

Ізноў крывёй сплываюць раны ў Курапатах.
Ізноў гучыць нямы адчай ахвяр:
«Вандалы? Не. Ўсё тыя ж сукі-каты
Страляюць нас каторы год запар.

Скажыце, пасярод якой вясны
Заціхнуць нашы стогны пад зямлёю?!
Калі ўжо попелам задушацца яны
І захлынуцца нашаю крывёю?»

Крыж

Яны ў крыжы драўляным бачаць бервяно.
У металічным — пуд металалому.
Не Ён і не Яна.
Яны — ЯНО
У курапацкім жаху крыжаломным.

Але ня зломлены наш Курапацкі Крыж!
Не ададраць ад каранёў адвечных.

ЯНО, ты чуеш ў пекле як гарыш?!

Бо ён нязломны — Беларускі Крыж
З пакутнай Памяці і костак чалавечых.

2
Ліцьвін металіст / Адказаць
29.10.2019 / 14:00
Выдатна!!!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру