30.10.2019 / 07:48

Уладзімір Някляеў: Рэпутацыя ПЭНа страчаная 28

Ёсць паняцце, якое ў нашым часе амаль страціла сваё напаўненне. І яно страціла б сваё напаўненне зусім, калі б не жменька людзей, якія яго ўтрымліваюць. Гэта паняцце рэпутацыі.

Рэпутацыя, тая ці іншая, гэта маральны пашпарт як асобных людзей, гэтак і арганізацый, якія з іх складаюцца. І адно — рэпутацыя КДБ, іншае — рэпутацыя ПЭНа. Розныя пячаткі на пашпартах.

Сярод заснавальнікаў Беларускага ПЭН-Цэнтра былі людзі з бездакорнай рэпутацыяй. Найперш гэта Алесь Адамовіч, ініцыятар заснавання беларускага ПЭНа, і Васіль Быкаў, які быў ягоным прэзідэнтам.

Вось два выпадкі, звязаныя з гэтымі людзьмі, з іх ашчаднымі адносінамі да рэпутацыі.

Першы — з 1988 года, калі пачалася праца па стварэнні Беларускага ПЭН-Цэнтра.

З Алесем Адамовічам, прыехаўшы ў Маскву, ідзём на сустрэчу з Андрэем Бітавым, адным з заснавальнікаў Расійскага ПЭН-Цэнтра, ягоным будучым прэзідэнтам. А насустрэч нам — адзін з тагачасных партыйных функцыянераў, які быў на высокай пасадзе пры ўладзе КПСС, а потым і пры Лукашэнку, дзеля ўсхвалення якога не шкадаваў эпітэтаў. Назавем яго ініцыяламі І.А. Ён працягвае Адамовічу руку — той хавае рукі ў кішэні. Дэманстратыўна. «Што гэта вы так?..» — пытаю я, і Адамовіч адказвае, акуляры працёршы: «Каб не запляміцца».

Другі выпадак — з часоў пазнейшых.

Калі ў снежні 1998 года рада Саюза пісьменнікаў, у якім я быў старшынёй, прымала заяву супраць дэкларацыі «Аб далейшым яднанні Расіі і Беларусі», падпісанай Ельцыным і Лукашэнкам, я ўжо ведаў, што рыхтуецца сыход Ельцына, і што ў ягоным атачэнні ідзе барацьба за тое, каго прызначыць пераемнікам? Пуціна альбо Лукашэнку, якога падтрымлівалі тады ў Расіі даволі ўплывовыя сілы (напрыклад, тагачасны прэм’ер-міністр РФ Прымакоў). Таму я вагаўся адносна зместу заявы, і вырашыў параіцца з Генадзем Бураўкіным. Ну, як-ніяк кіраўніком гэтай самай Саюзнай дзяржавы можа стаць беларус. А тут мы з заявай супраць (праз што, дарэчы, і рэакцыя Лукашэнкі на заяву была імгненнай і жорсткай).

Доўга, да раніцы мы з Бураўкіным размаўлялі, а раніцай патэлефанавалі Васілю Быкаву. І ён сказаў наступнае: «Што б там ні свяціла Лукашэнку, якія б ні ўскладваліся на гэта ў звязку з ягоным беларускім паходжаннем спадзяванні, не прыняць заявы супраць магчымай страты незалежнасці Беларусі не дазваляе нам рэпутацыя беларускіх пісьменнікаў. Абавязак перад тымі з іх, каго праз вернасць беларускай ідэі арыштоўвалі, катавалі, знішчалі».

Заснавальнікі Беларускага ПЭНа стварылі найгалоўнае, што ён меў, і што пакуль яшчэ, дзякуючы ім, мае: рэпутацыю. Менавіта таму, калі ў 1999 годзе ўзнікла ў мяне (менавіта праз згаданую заяву Саюза пісьменнікаў супраць стварэння Саюзнай дзяржавы) сур'ёзная праблема ў адносінах з Лукашэнкам, калі на мяне завялі крымінальную справу, я звярнуўся па дапамогу не куды-небудзь, а ў ПЭН-Цэнтр.

У мяне ў руках аказаліся дакументы з канцылярыі тагачаснага віцэ-прэм'ера Замяталіна, з якіх вынікала, што справа сфабрыкаваная, распачатая па загадзе зверху. У рэдакцыі часопіса «Крыніца» і Саюзе пісьменнікаў пачаліся ператрусы, вось-вось з гэтым жа павінны былі з'явіцца да мяне дахаты — і я баяўся, што дакументы гэтыя знойдуць, доказ, што справа палітычна матываваная, знішчаць. Дзе іх схаваць? І я занёс дакументы не куды-небудзь і не каму-небудзь, а ў ПЭН-Цэнтр. Аддаў іх на захаванне Карласу Шэрману. Ён па-рознаму пасля гэта каментаваў, але дамоўленасці нашы выканаў цалкам. Дакументы тыя і адыгралі вырашальную ролю ў спыненні крымінальнай справы.

Куды я мог бы занесці іх сёння?..

Вось што такое рэпутацыя. Менавіта яна выклікае давер (ці недавер) да тых людзей, з якімі выпала табе жыць у адной прасторы і ў адным часе. Яе цяжка зарабіць — і лёгка страціць. Я вельмі не хацеў бы, каб гэта адбылося з беларускім ПЭН-Цэнтрам.

На прадз'ездаўскай радзе я сказаў, што на з'ездзе заяўлю пра выхад з ПЭНа. Пазней, узважыўшы сітуацыю, у якой знаходзіцца не толькі беларуская літаратура, а ўвогуле ўсё беларускае, вырашыў гэтага не рабіць. Так, я магу пакінуць арганізацыю, якой ёсць сённяшні ПЭН. Але я не магу пакінуць ПЭН Адамовіча, Быкава, Барадуліна, Бураўкіна, Тараса, Шэрмана… Няхай яны сышлі з гэтага свету, але ад адказнасці перад імі за тое, што раблю, іх сыход мяне не вызваляе».

Гэта ўсё я казаў у выступе на мінулым з'ездзе. Пра небяспеку страты рэпутацыі, што ўжо два гады таму было відавочным. Усе слухалі, але ніхто не захацеў пачуць. І на апошнім з'едзе, на істэрычнай Радзе пасля яго рэпутацыя ПЭНа страчаная. І гэта найістотнае з усяго, што адбылося на апошнім з'ездзе.

Паўла Севярынца такі выключылі з ПЭН-цэнтра

110
Ляксандра / Адказаць
30.10.2019 / 07:58
Сам себя,по привычке,похвалил этот "знакамиты дзеяч",а НН растиражировала.
13
Андрэй Кім / Адказаць
30.10.2019 / 08:09
Вельмі шкада, але праўда.
87
Nokia / Адказаць
30.10.2019 / 08:23
Рэпутацыя Некляева, які быў тварам прарасійскай кампаніі на выбарах 2010, таксама страчана )
Паказаць усе каментары/ 28 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру