Падчас паседжання Рады ПЭН-Цэнтра, якая выключыла Севярынца.

Падчас паседжання Рады ПЭН-Цэнтра, якая выключыла Севярынца.

«Севярынца такі выключылі. Напярэдадні «Ночы расстраляных паэтаў». Няўжо нельга было рашэньне гэтага пытаньня перанесьці на нейкі іншы час? — пытаецца паэт Андрусь Храпавіцкі, які сам паслядоўна крытыкаваў Севярынца з левых, атэістычных пазіцый. — Сучасныя левыя часта хварэюць на максімалізм. Калі ты зрабіў нейкае неасьцярожнае выказваньне (альбо нават не падтрымаў адзін нейкі пункцік з 10), то ты ледзьве не фашыст. А мо нават і ня ледзьве. Крок управа — расстрэл.

Левыя выступаюць за абарону меншасьцяў. З гэтым усё было б добра, калі б яны не забываліся на меншасьці ўнутры меншасьцяў. Напрыклад, правы ЛГБТ мы голасна адстойваем супраць хрысьціянскіх фундаменталістаў, але маўчым пра прыцясьненьне правоў геяў у мусульманскіх супольнасьцях. Многія левыя ў Заходняй Эўропе сталі праваднікамі ісламізму ў Эўропе, цалкам забыўшыся на правы жанчын, геяў і апостатаў унутры мусульманскай супольнасьці.

Будзе дарэчна прыгадаць, як Southern Poverty Law Center (вядомая амэрыканская праваабароная арганізацыя зь левым ухілам) занесла Маджыда Наваза, вядомага ісламскага рэфарматара, які выступае за больш лібэральнае, непалітычнае трактаваньне іслама) у сьпіс анты-мусульманскіх экстрэмістаў. Гэта, людзі, проста трындзец. Чалавека, які змагаецца за дэрадыкалізацыю ісламскіх супольнасьцяў, залічылі у сьпіс экстрэмістаў! Потым той адстойваў свае правы ў судзе і перамог. Сума кампэнсацыі склала 3,4 мільёна даляраў.

Вось гэтая няздатнасьць абараняць меншасьці ўнутры меншасьцяў часам прыводзіць да ігнараваньня праблемаў жанчын, атэістаў, апостатаў, габрэяў, хрысьціян.

Няясна, што рабіць людзям, якія да той ці іншай меншасьці ці рэпрэсаванай групы не належаць? Хочаш, каб цябе шанавалі, залічы сябе да нейкай групы з немэйнстрымавай ідэнтычнасьцю. Тады ты знойдзеш і абарону, і падтрымку. Левыя часта няздатныя ўбачыць у табе проста чалавека, індывіда. Ты абавязкова мусіш быць часткай нейкай групы ідэнтычнасьці.

Прыход да ўлады Трампа, пад’ём новых правых у Эўропе — гэта сымптом хваробы сучасных левых. Многія, вельмі многія выбарцы бачаць радыкалізацыю і максімалізм левых, ігнараваньне праблем і страхаў групаў, якіх левыя не заўважаюць альбо залічваюць у «клясавыя ворагі».

Нават не хачу кранаць тэмы «deplatforming», цэнзуры на кампусах, догмаў левых рухаў, Брэкзіту, антысэмітызму і г.д.

Пакуль што я казаў пра эўрапейска-амэрыканскі кантэкст левага руху. Пра беларускіх левых скажу хіба тое, што яны, імхо, вельмі і вельмі разьяднаныя. Ёсьць праэўрапейскія сілы. Але іх мала і яны слабыя. Тады ёсьць іншыя левыя. Якія за рэжым. З правымі такога разнабою няма.

Што ж тычыцца акадэмічнай супольнасьці і дзеячоў культуры, на Захадзе ўжо даўно — гэта пераважна людзі зь левымі поглядамі. У Беларусі паступова да гэтага ідзе таксама. Таму, магчыма, «хрысьціянскі наступ» на Пэн-Цэнтр і не атрымаўся», — піша Храпавіцкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0