Доктар Жан-Жак Муембэ Тамфум у сваім кабінеце. Фота Elaisha Stokes, Vice.com.

Доктар Жан-Жак Муембэ Тамфум у сваім кабінеце. Фота Elaisha Stokes, Vice.com.

Новыя лекі вырабленыя на аснове антыцелаў, атрыманых ад чалавека, які перанёс Эболу. Цыпрыян Мубіяла з Конга страціў 15 сваіх сваякоў і выжыў адзіны са сваёй сям'і. Адкрыццё мае значэнне не толькі для Эболы. Лекі на аснове антыцелаў пачнуць выкарыстоўвацца і для лекавання іншых хвароб.

Выпрабаванні новых лекаў скончыліся ў жніўні. Неўзабаве поўныя канчатковыя вынікі будуць апублікаваныя ў адным навуковым медыцынскім часопісе.

Гэта прарыў у медыцыне, параўнальны з адкрыццём пеніцыліну, піша «Уол-стрыт джорнал».

Звяртае ўвагу таксама той факт, што адкрыццё здзейснілі дактары з Афрыкі, з Конга — адной з найбяднейшых краін свету.

Эфектыўнасць новых сродкаў была пацверджаная стандартнымі клінічнымі даследаваннямі, праведзенымі міжнароднай групай лекараў і навукоўцаў.

Кангалезскі (так гучыць правільны прыметнік ад слова «Конга») вірусолаг Жан-Жак Муембэ Тамфум (Jean-Jacques Muyembe Tamfum) прысвяціў сваё жыццё ратаванню людзей ад хваробы, што ўпершыню была зафіксаваная ў 1976 годзе ў аддаленай вёсцы каля рэчкі Эбола. Доктар Муембэ быў сярод першых спецыялістаў, якія ідэнтыфікавалі вірус Эболы. Тады ён працаваў у каталіцкім шпіталі, які ратаваў першых хворых на страшную хваробу. Цяпер ён узначальвае Нацыянальны інстытут біямедычных даследаванняў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга.

Доктар Муембэ даўно прыйшоў да высновы, што антыцелы — бялкі, якія імунная сістэма прадукуе для барацьбы з інфекцыяй — могуць дапамагчы пацыентам, хворым на Эболу. Але іншыя навукоўцы ў такой тэорыі сумняваліся.

І вось, даследаванне, праведзенае падчас апошняй успышкі Эболы, паказала, што выжывальнасць пацыентаў, якім давалі выключна дадзены сродак на аснове антыцел аднаго з пацыентаў доктара Муембэ, склала 65 %. Тады як выжывальнасць тых, якія не прымалі ніякага сродку, складала ўсяго 10%. Новы сродак пакуль мае назву mAb114.

Выжывальнасць пацыентаў, якім давалі сродак REGN-EB3 на аснове трох антыцел, распрацаваны амерыканскай кампаніяй Regeneron Pharmaceuticals Inc., склала 66 %.

Агулам апошняя ўспышка хваробы прывяла да 3250 выпадкаў хваробы. 67 % хворых памерла. Эпідэмію ўдалося спыніць шляхам вакцынацыі, якую прайшлі 240 000 жыхароў паўночнага ўсходу Конга.

Цікавая гісторыя чалавека, антыцелы якога былі выкарыстаныя для стварэння першага сродку. 15 блізкіх Цыпрыяна Мубіялы памерлі ад выбуху Эболы ў 1995 годзе.

Цыпрыян Мубіяла — чалавек, з антыцел у крыві якога вырабілі новы сродак. Фота зробленае самім Цыпрыянам Мубіялам для Wsj.com.

Цыпрыян Мубіяла — чалавек, з антыцел у крыві якога вырабілі новы сродак. Фота зробленае самім Цыпрыянам Мубіялам для Wsj.com.

Усе яны заразіліся ад Цыпрыянавага брата, які працаваў у мясцовай бальніцы і заразіўся Эболай ад хворых, якіх там ратавалі. Калі ён захварэў, сваякі яго даглядалі, спрабавалі аблегчыць яго стан і самі падчапілі вірус. Пасля яны памерлі адзін за адным. Выжылі толькі Цыпрыян і адна з ягоных сясцёр. «Мне было так кепска, што я думаў, што хутка памру», — успамінае Цыпрыян Мубіяла.

Калі ён застаўся ў жывых, ён пагадзіўся, каб доктар Муембэ выкарыстаў ягоную кроў для даследаванняў.

Навукоўцы мяркуюць, што моц антыцел у арганізме Цыпрыяна Мубіялы тлумачыцца тым, што ён не толькі сам моцна перахварэў, але пасля выздараўлення дапамагаў сваім сваякам і тым самым сутыкаўся з вірусам зноў і зноў.

Некалькі гадоў адзін з асістэнтаў доктара Муембэ разам з камандай навукоўцаў патрацілі на тое, каб ідэнтыфікаваць у арганізме Цыпрыяна Мубіялы антыцелы, якія перамаглі Эболу. Яны і сталі асновай сродку mAb114. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?