31.10.2019 / 15:30

«Кнігазбор» выпусціў 100-ю кнігу! Гэта культавы пісьменнік ХІХ стагоддзя 1

Выдавецтва «Кнігазбор» выпусціла 100-ю кнігу. Гэта «Выбраныя творы» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Укладанне, прадмова і каментары Язэпа Янушкевіча.

Выдавецтва «Кнігазбор» (раней «Беларускі кнігазабор») было заснавана ў 1995 годзе. Выканаўчы дырэктар — Генадзь Вінярскі, галоўны рэдактар — Кастусь Цвірка.

Самая шматлікая — Серыя І (чырвоная), дзе выйшлі мастацкія кнігі: ад Францішкі Уршулі Радзівіл, Яна Баршчэўскага, Яна Чачота да Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Генадзя Бураўкіна, Ларысы Геніюш. Былі таксама асобныя тамы, прысвечаныя беларускай старажытнай літаратуры, том «Філаматы і філарэты», «Расстраляная літаратура». Асобнаму чалавеку прысвячаецца асобны том.

Серыя ІІ (зялёная) прадугледжвае выданні навуковых ці публіцыстычных твораў тых ці іншых аўтараў. Выйшла спадчына Кастуся Каліноўскага, Яўхіма Карскага, Міколы Улашчыка, Арсеня Ліса, Аляксандра Надсана, «Падарожжы» Ігната Дамейкі.

Серыя ІІІ (сіняя) меркавалася, як пераклады сусветнай літаратуры. Выйшлі тамы Гётэ і Дастаеўскага.

Кастусь Цвірка са сваімі кнігамі, фота Глеба Лабадзенкі

Кнігі «Кнігазбора» прадаюцца ва ўсіх кнігарнях Беларусі.

«Наша Ніва» жадае «Кнігазбору» дасягнуць рубяжу ў 200 кніг.

NN.by

1
дзядзька Віталь / Адказаць
31.10.2019 / 16:33
Віншую ўсіх нас! Маю ўсе кнігі гэтай серыі, чым вельмі ганаруся.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру