Выйшаў новы альбом Дзяніса Раманюка, прысвечаны храмавай архітэктуры. Ён стаўся вынікам шматгадовай руплівай працы. З году ў год аўтар аб’язджае ўсю Беларусь, робячы ўсё новыя творчыя адкрыцці. Дзяніс Раманюк — аўтар такіх славутых фотаальбомаў, як «Беларусь сінявокая», «Мой шлях Беларусь», «Беларусь. Маленькая кніга пра вялікую краіну», «Чарнобыль» ды іншыя.

Гэта кніга — плён даўняга праекта, на рэалізацыю якога пайшло два дзясяткі гадоў. Здымкі рабіліся паводле розных тэхналогій, у розныя поры года. У некаторыя месцы аўтару даводзілася вяртацца шматкроць, каб спраўдзіць свае ўражанні і абраць найлепшы ракурс у найлепшым святле і каб потым абраць з дзясяткаў кадраў адзіны, непаўторны, які сведчыць пра невымоўнае хараство нашай культуры і нашай краіны.

За гэты час Беларусь мянялася несупынна. І гэта дадае праекту Дзяніса Раманюка бясспрэчную дакументальную каштоўнасць. Кожны здымак альбома — унікальны! Многія храмы з тых, што мы бачым у альбоме, цяпер адрэстаўраваны, а некаторыя, на вялікі жаль, страчаны.

Храмавая архітэктура ў краявідах нашае краіны здаўна вабіла фатографаў. Першы тутэйшы мастацкі здымак краявіду са шматлікімі храмамі Вiльнi быў зроблены Альбертам Свейкоўскiм яшчэ ў 1865 годзе. Фотаздымкi культавай архітэктуры Язэпа Чаховiча з альбома «Віды Вільні» атрымалi медалi на выставах Парыжа, Рыма i Масквы. Ягоныя пошукі працягнуў Сігізмунд Юркоўскi, які зрабіў здымкі касцёлаў і цэркваў Віцебска на фоне маляўнічых пейзажаў. Фатограф Сяргей Пракудзін-Горскі пакінуў першыя каляровыя здымкі святыняў Мінска, Барысава, Полацка і Віцебска. Дзясяткі фатаграфій з выявамі храмаў Беларусі складаюць фонд, які прыпісваюць Яну Балзункевічу і які зберагаецца ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Свой унёсак у фотатрадыцыю пейзажу з храмамі зрабіў Ян Булгак, які стварыў сотні здымкаў храмаў Вiльнi і Беларусі.

Як скульптуру стварае аб’ём, як жывапіс — фарбы, так фатаграфію стварае святло… Тое непаўторнае беларускае святло, што ўласцівае названым вышэй мэтрам і творам Дзяніса Раманюка. Ён працягвае гэту вялікую традыцыю, абапіраючыся, з аднаго боку, на даробак свайго бацькі, слыннага мастацтвазнаўцы і этнографа, мастака, даследчыка гісторыі і фатаграфіі Міхася Раманюка, а з другога боку — на даробак сваіх папярэднікаў, класікаў беларускай фатаграфіі.

У гэтым новым альбоме мы бачым старажытныя і сучасныя беларускія храмы ў краявідах ХХІ стагоддзя. Тут сыходзяцца веліч прыроды і веліч традыцый. Мы бачым тую Беларусь, якая захапляе гледачоў і натхняе творцаў.

Ва ўсе эпохi культавая архiтэктура займала цэнтральнае месца ў дойлідстве, увасабляючы не толькi дасягненнi тэхналогiй, але i ўяўленнi людзей пра светабудову. Яе гісторыя ў Беларусі пачалася тысячу гадоў таму, з будаўніцтвам у ХІ стагоддзі мураванага Сафійскага сабору ў Полацку, ад якога бярэ пачатак арыгінальная Полацкая школа дойлідства. Уласцівасць хрысціянскага дойлідства Беларусі — спалучэнне духоўных і архітэктурных традыцый Усходу і Захаду. І гэта застаецца нашай адметнасцю дасёння, калі па ўсёй краіне паўстаюць новыя храмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?