Учора была Мясапусная нядзеля — праваслаўныя апошні раз перад Вялікаднём каштавалі мяса. Сёння пачаўся Сырны тыдзень або Масленіца: дарма што мяса есці забаронена, але праваслаўныя могуць пакаштаваць малочнае, масла.

Сырны тыдзень папярэднічае Вялікаму пасту - самы час настроіць душу на сорак дзён паўстрымання і абмежавання, падрыхтаваць сябе да інтэнсіўнай духоўнай працы. Яшчэ даўней у праваслаўных краінах улічвалі гэты факт і стараліся ўсе вясёлыя мерапрыемствы і хоць якія значныя грамадскія імпрэзы ссунуць на Сырны тыдзень. Масленіца – час вясёлых ігрышчаў і народных гулянняў. Так ёсць і так было. На пачатку мінулага стагоддзя этнограф Еўдакім Раманаў, на падставе сваіх назіранняў у Магілёўскай губерні, пісаў: «Маслены тыдзень ад панядзелка да нядзелі праводзіцца шумна. Вечарамі ў гэты тыдзень не працуюць. Ходзяць адзін да аднаго ў госці, а моладзь паўтарае каляднае ігрышча. Днём усе лічаць сваім абавязкам пакатацца: адны на саначках, другія - на ледзяшах, высечаных на рацэ, трэція катаюцца на перавернутых, злёгку падмарожаных лавах ці простых дошках».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?