Рада ПЭН-Цэнтра 29 кастрычніка адлічыла з шэрагаў арганізацыі палітыка і пісьменніка Паўла Севярынца. У афіцыйным тлумачэнні, чаму Севярынца адлічылі з ПЭНа, значыцца такі пункт: «Публічна, сістэматычна дыскрымінавалася сацыяльная група ЛГБТК+, што пацвярджаецца вонкавай экспертызай і парушае п.3 Хартыі Міжнароднага ПЭН-Клуба, які абавязвае сяброў нашай арганізацыі «ўсімі сіламі змагацца супраць любых праяваў нянавісці».

Кіраўніцтва ПЭН-Цэнтра спасылаецца на вонкавую экспертызу і пакідае спасылку на гэтую працу.

Віялета Ермакова. Фота gaypress.by.

Віялета Ермакова. Фота gaypress.by.

Экспертызу правяла Віялета Ермакова, удзельніца ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць».

Што гэта за суполка? Яна праводзіць пастаянныя маніторынгі ўсяго, датычнага да ЛГБТ-супольнасці і «мовы варожасці». Вынікі часцяком крытыкуюцца журналісцкай супольнасцю за спрэчныя трактоўкі.

Чытайце. «Журналісты за талерантнасць» заклікаюць «Нашу Ніву» не цытаваць патрыярха Кірыла, Трампа і Дашкевіча

«Наша Ніва» звярнулася па каментар да Віялеты Ермаковай, каб яна патлумачыла, як і чаму рабіла гэтую экспертызу.

«А гэта не была «экспертыза». У мяне ў прыватным парадку ўзялі каментар. Каму і навошта патрэбна было надаваць яму статус экспертызы, я не ведаю. Наколькі я разумею, пытанне аб выключэнні Паўла Севярынца з ПЭНа прымаецца галасаваннем пасля абмеркавання. Мой каментар я разглядаю як рэпліку ў гэтым абмеркаванні», — сказала спадарыня Ермакова.

«Экспертызу» ў Віялеты Ермаковай замаўляла першая намесніца старшыні ПЭН-Цэнтра Таццяна Нядбай.

«Па парадзе калегаў з БАЖа я звярнулася да арганізацыі «Журналісты за талерантнасць» з просьбай прааналізаваць артыкул Паўла Севярынца. Атрымала гэтую ацэнку тэкста ў адказ і палічыла гэта экспертызай у тым сэнсе, што гэта аналіз, разгляд пытання эксперткай.

Дапускаю, тое, што з'яўляецца экспертызай у юрыдычным сэнсе («сапраўдная экспертыза»), магло б утрымліваць больш навуковасці, але наўрад ці змянілася б сама мадальнасць ацэнкі. Таму гэтага каментара эксперткі са знешняй арганізацыі нам дастаткова для падмацавання нашай пазіцыі», — адказала Таццяна Нядбай.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец запэўніў «НН», што ніхто з ПЭНа не звяртаўся да кіраўніцтва журналісцкай арганізацыі з пытаннем пра экспертызу. «У нас 1300 сяброў. Магчыма, Ермакову параіў нехта з тых людзей, хто праводзіў кампанію па выкараненні мовы варожасці. Калі каротка, то яны самі гэта прызнаюць, што тэрмін «мова варожасці» яны ўжываюць вельмі шырока. Не з праваабарончага гледзішча, а з сацыялагічнага», — патлумачыў ён.

Чытайце: Рудкоўскі жорстка выказаўся пра экспертызу, на падставе якой Севярынца выключылі з ПЭН-Цэнтра

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?