01.11.2019 / 14:52

У Гродне жанчына спрабавала вывезці з крамы тавары ў дзіцячым вазку

Здарэнне адбылося ў «Еўраопце» на вуліцы Дубко, паведамляе абласная міліцыя.

37-гадовая жанчына, што знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, з вазком, у якім сядзела дзіця, паўгадзіны хадзіла па гандлёвых шэрагах. Тавар клала як у адсекі вазка, так і ў прадуктовы кошык. Але калі падышла да кас, то заплаціла толькі за пакупкі з кошыку, а вось пра наяўнасць тавару ў вазку прамаўчала.

У выніку яна не расплацілася за 29 найменняў (гэта былі прадукты, канцялярскія тавары і касметыка) на 370 рублёў. Аднак далёка сысці жанчына не змагла і была затрыманая на выхадзе з крамы. 

Крымінальная адказнасць за такое прадугледжана па артыкуле «Крадзеж».

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру