падпісана падчас сустрэчы віцэ‑прэм`ераў Беларусі і Польшчы ў Мінску

Паводле вынікаў перамоў віцэ‑прэм`ера Беларусі Андрэя Кабякова і намесніка старшыні Савета міністраў, міністра эканомікі Польшчы Вальдэмара Паўляка ў Мінску 23 лютага падпісана пяць дакументаў.

Падпісаны, у прыватнасці, мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Беларускай валютнай фондавай біржай і Польскай фондавай біржай; пагадненні аб сумесных дзеяннях Беларускай гандлёва‑прамысловай палаты і Польска‑беларускай гандлёва‑прамысловай палаты па падтрымцы і рэалізацыі трох праектаў — «Гомель», «Добрасуседства» і «Аўгустоўскі канал»; пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Беларусі і Польска‑беларускай гандлёва‑прамысловай палатай.

Як заявіў пасля сустрэчы А.Кабякоў, гандлёва‑эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы ў 2008 годзе развівалася паспяхова.

«Мы дасягнулі тавараабароту прыблізна 3 млрд. долараў з ростам больш за 145% — гэта добры вынік. У пэўнай ступені тут адыграла сваю ролю праца ўрадаў па сістэмнай арганізацыі супрацоўніцтва і ліквідацыі бар`ераў, што ўзнікаюць», — сказаў А.Кабякоў.

Паводле яго слоў, чакаецца, што ў гэтым годзе пачнецца навігацыйны рэжым на Аўгустоўскім канале, і беларускі бок спадзяецца на ўдзел польскага бізнесу ў гэтым турыстычным праекце.

А.Кабякоў паведаміў, што ў чэрвені ў Варшаве пройдзе нацыянальная выстава Беларусі. Ён выказаў надзею, што ў 2010 годзе Польшча правядзе аналагічную выставу ў Беларусі.

У сваю чаргу В.Паўляк прапанаваў правесці на выставе ў Варшаве беларуска‑польскі двухбаковы эканамічны саміт, на арганізацыі якога, паводле яго слоў, настойваюць польскія прадпрымальнікі.

Польскі міністр зазначыў, што бізнесмены «зацікаўлены ў прыватызацыйных працэсах, якія ідуць у Беларусі».

В.Паўляк задаволены ўзроўнем знешнеэканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін і спадзяецца, што ў далейшым тэмпы росту тавараабароту не знізяцца.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0