01.11.2019 / 20:53

Дом Лукашэнкаў у Шклове стаў «домам мэра» 13

У былым доме жонкі першага прэзыдэнта Беларусі Галіны Радзівонаўны Лукашэнкі ў Рыжкавічах жыве старшыня Шклоўскага райвыканкаму Аляксандар Ціток. Свабода наведалася на Шклоўшчыну, дзе, як кажуць мясцовыя, пабудавалася сям’я Лукашэнкі.

Вуліца Сунічная ў Шклове (гэта былыя Рыжкавічы) у будзённы дзень падаецца малалюднай. Тут ёсьць дзіцячая пляцоўка, вадаём. На пачатку вуліцы — знакаміты дом салатнага колеру, дзе раней жыла Галіна Радзівонаўна, жонка Аляксандра Лукашэнкі, якая яшчэ на пачатку ягонага прэзыдэнцтва адмовілася ехаць зь ім у Менск.

Шклоўцы кажуць, што цяпер «гэта дом мэра». Каля будынка не было ніякай аховы, двое мужчын фарбавалі прачыненую браму.

Старшыня Шклоўскага райвыканкаму Аляксандар Ціток у размове з карэспандэнтам Свабоды па тэлефоне пацьвердзіў, што ён там жыве.

Былы дом Галіны Лукашэнкі, дзе цяпер жыве старшыня Шклоўскага райвыканкаму.

«Гэты дом бясплатна перададзены ў камунальную ўласнасьць, і рашэньнем выканкаму ён выдзелены старшыні райвыканкаму для пражываньня. Гэта службовае жыльлё. Будаваў Аляксандар Рыгоравіч, у яго гісторыю не ўнікаў, — сказаў Аляксандар Ціток. — Жылая плошча невялікая, тры пакойчыкі. Гасьцёўня, кухня і маленькі пакойчык тыпу дзіцячага. Прыбіральня, ванна, як звычайна, усё сьціпленька, акуратненька. Гараж, сарайчык, і мы курэй трымаем, і агародзік маленькі, бульбачку садзім, і цяплічка ёсьць, гурочкі, памідорчыкі. Для старшыні дом — гэта нават лепш, чым кватэра, калі шчыра, калі якая хвілінка зьяўляецца, можна на зямлі папрацаваць. І сад ёсьць яблычкі пакласьці. Нармальна, нічога лішняга, скромненькі домік».

Галіна Лукашэнка жыве ў адным з новых дамоў, але яго нумару старшыня райвыканкаму ня ведае.

На Сунічную вуліцу ёсьць заезд толькі з боку шашы, а з другога боку тупік. Там вуліца перакрытая агароджай, хаця ў разьёме агароджы ёсьць сьцяжынка для праходу.

Плот пасярод вуліц.

Шклаўчане кажуць, што тут, у канцы вуліцы, ёсьць новазбудаваны аднапавярховы драўляны дом, дзе стаяць відэакамэры, у двары цяплічка і сад. Гэта і ёсьць новы дом Галіны Лукашэнкі.

Новы дом Галіны Радзівонаўны.

Тут жа праз дарогу жыве сям’я Сомавых, бацькоў жонкі старэйшага сына кіраўніка краіны Віктара Лукашэнкі. Каля іх ранейшага адрамантаванага дома пабудаваны драўляны двухпавярховік, абнесены агароджай.

Дом Сомавых.

Мясцовыя кажуць, што яго гаспадар — цесьць Віктара Лукашэнкі Валеры Сомаў. На жаль, датэлефанавацца да Сомавых не ўдалося, ніхто не здымаў слухаўку.

Шклаўчане кажуць, што Віктар Лукашэнка па выходных наведваецца ў Шклоў і бывае на Сунічнай. Што да пабудоў, то адзін з жыхароў суседняй вуліцы сказаў карэспандэнту Свабоды, што гэта звычайныя дамы, пабудаваныя з матэрыялаў мясцовага камбінату, маўляў, ня тое, што людзі будуць пад Менскам.

Старшыня райвыканкаму кажа, што вуліца адкрытая.

«Там жа шлягбаўма няма, усё адкрыта, даступна. Галоўнае — ня лезьці да чалавека, у кожнага свая ўласнасьць. Многія ставяць сыгналізацыю і на мабільнік выводзяцца розныя функцыі аховы. Гэта як ва ўсіх», — кажа Аляксандар Ціток.

Сапраўды, па вуліцы можна свабодна праходзіць.

Тут жа ў Шклове, але ўжо на вуліцы Дзікуна, як кажуць мясцовыя, на бацькоўскай сядзібе збудавала двухпавярховы цагляны дом Ганна Лукашэнка, жонка сярэдняга сына кіраўніка краіны Дзьмітрыя. Жыхары вуліцы кажуць, што на ўчастку сярод пабудоваў ёсьць лазьня.

Дамы на вуліцы Дзікуна «Як звычайныя грамадзяне».

Што да інфармацыі пра дамы сваякоў сям’і Лукашэнкі, то старшыня Шклоўскага выканкаму Аляксандар Ціток сказаў, што працуе ў Шклове нядаўна. «У іх ня быў, ня ведаю», — сказаў Аляксандар Ціток.

Паводле Цітка, «яны як звычайныя людзі, паводзяць сябе сьціпла і лішніх патрабаваньняў не прад’яўляюць».

«Хаця адчуваем адказнасьць, што высокі ўзровень, ну вось і Галіны Радзівонаўны. Але любога жыхара Шклоўшчыны спытайце, жывуць парадачна, сьціпла, як звычайныя грамадзяне», — сказаў Аляксандар Ціток.

Паводле дэклярацыі, прадстаўленай Аляксандрам Лукашэнкам на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе, Галіна Радзівонаўна Лукашэнка валодала жылым домам у Шклове агульнай плошчай 115 квадратных мэтраў (паводле дэклярацыі за 2005 год агульная плошча дома складала 174 м²) і паловай жылога дома ў вёсцы Вялікі Межнік Шклоўскага раёну агульнай плошчай 53 м². Паводле дэклярацыі за 2005 год, Віктар і Дзьмітрый Лукашэнкі ня мелі ні дамоў, ні кватэр, ні зямельных участкаў ці лецішчаў. У дэклярацыі на наступных выбарах у 2010 годзе зьвесткі пра маёмасьць дзяцей у Цэнтравыбаркам ужо не падаваліся, як і на выбарах 2015 году.

Старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар з 2005 году займае пасаду памочніка прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы. Таксама з 2007 году ён сябра Рады бясьпекі Беларусі. З красавіка 2019 году Віктар Лукашэнка выконвае абавязкі першага віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнага Алімпійскага Камітэта.

Паводле мэдыя, яго жонка Лілія раней працавала ў канцэрне «Белмастацпромыслы» спэцыялістам 1-й катэгорыі. Пазьней зьявілася інфармацыя, што Лілію прызначылі намесьнікам дырэктара кампаніі «Дана Астра» (уваходзіць у Dana Holdings).

Яна таксама дырэктар арт-галерэі «Арт-хаос», што ў гандлёвым цэнтры Dana Mall у Менску.

Сярэдні сын кіраўніка краіны Дзьмітры — старшыня «Прэзыдэнцкага спартовага клюбу». Яго жонка Ганна ў кампаніі бізнэсоўца Анатоля Тарнаўскага «Юнівест-М» узначальвала службу маркетынгу. Ёй належыць маркетынгавая канцэпцыя прасоўваньня самага маштабнага ў Беларусі праекту малапавярховага элітнага жылога комплексу «Нотынгем» у Менскім раёне, разьлічанага на 20 тысяч жыхароў.

Аляксандар Лукашэнка з трыма сынамі наведваў малую радзіму ў мінулым годзе і працаваў на суботніку — парадкаваў Трафімаву крыніцу каля аграгарадка Александрыя. Кажуць, што Лукашэнка-старэйшы ў дзяцінстве любіў тут адпачываць, і крынічка адноўлена па яго даручэньні.

У Александрыі-2 вельмі добры асфальт, ёсьць дзьве верталётныя пляцоўкі. Тут адноўленая бацькоўская хата Аляксандра Лукашэнкі. Стаяць невялікія альтанкі. Выглядае, што цяпер там ніхто не жыве.

Бацькоўская хата кіраўніка Беларусі.

Насупраць яе закрытая тэрыторыя пад аховай. Паводле шклоўцаў, там рэзыдэнцыя кіраўніка краіны.

У інтэрвію Tut.by у 2014 годзе цешча Лукашэнкі Алена Жалняровіч (яна жыла ў вёсцы Вялікі Межнік, што непадалёк ад Александрыі) распавядала, што Галіна Радзівонаўна жыве ў Александрыі, але вельмі часта езьдзіць у Менск.

З Галінай яна бачылася часта, дачка прыяжджала штотыдзень. Алена Жалняровіч памерла ў верасьні 2019 году.

Магіла Алены Жалняровіч.

Рэзыдэнцыя кіраўніка краіны ў Александрыі-2 — пад пільнай аховай, хаця гаспадар сюды наведваецца зрэдку. Каля рэзыдэнцыі вялікі зямельны ўчастак абнесены мэталічнай агароджай, якая прылягае да дамоў вяскоўцаў.

Рэзыдэнцыя Лукашэнкі ў Александрыі-2.

Агароджа рэзыдэнцыі.

Жыхар аднаго з дамоў сказаў, што раней тут нібыта плянавалі збудаваць фэрму ці стайню, ды потым ад гэтых плянаў адмовіліся. Нібыта далей там ёсьць вульлі. Але агароджу, якая з аднаго боку перашкаджае праходу да вадаёму, не прыбралі. Праход на агароджаную тэрыторыю закрыты.

10
хамса / Адказаць
01.11.2019 / 20:51
я неяк даўно бачыла карыкатуру на амерыканскага прэзідэнта.. першая карцінка - ладны такі асабняк - вось, дзе ён сапраўды нарадзіўся.. а другая карцінка - хібарка.. з подпісам - а гэта для выбарцоў, якія вераць у амерыканскую мару..
..
а ў нас, атрымліваецца што ўсё наадварот
2
Прохожий / Адказаць
01.11.2019 / 21:45
Дом с земляным полом, в котором вырос Лукашенко, снесли в 98 году... Построили сначала беседку, потом добротный домик, в котором никто не живёт...- такие вот Потёмкинские дома...
1
Трактарыст-максімаліст / Адказаць
01.11.2019 / 22:19
Не дзіва, што за уладу трымаецца з ўсіх сілаў. Вяртацца з драздоўскага ранчо і Палаца Незалежнасці ў "домік мэра" вой як не хочацца. Дарэчы, ў яго нават і гэтага доміка мэра няма. Згодна дэкларацыі 2015 у яго наогул жылля няма. Аб чым гэта кажа? Аб тым, што нікуды ён сыходзіць не збіраецца, бо нават катэджа не прыдбаў куды можна было б пераехаць пасля адстаўкі. Мо хіба ў Эміратах прыдбаў якую сядзібу... Ну а так плануе жыць на сваім ранчо пажыццёва.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру