01.11.2019 / 21:08

Гразь жыцця, пекла Дантавага рогат. Пра новую кнігу Андрэя Адамовіча 3

Андрэй Адамовіч

Калі вы чыталі новую кнігу Андрэя Адамовіча — трагічную «Песьню пра Цімура», якую пакуль што ўспрымаюць як камэдыю, — то на гэты сказ наўрад ці зьвярнулі ўвагу. Аднак у ім, незаўважным на фоне досьціпаў, ключ да разуменьня «Песьні».

Толькі замест Хоміча трэба падставіць Адамовіча, а замест гіганцкага баявога робата — сьмерць.

Каб не цягаць кіта за жабры, адразу скажу, што «Песьня пра Цімура» — найлепшая празаічная кніга гэтага году, адна зь лепшых — дзесяцігодзьдзя, і што я была надзвычай зьдзіўленая, калі меней як праз год пасьля выхаду «Libido» Ільлі Сіна гаротны сучбелліт атрымаў яшчэ адзін бясцэнны падарунак. Калі гэтак Сусьвет вырашыў разьлічыцца з беларусамі за часы пад Лукашэнкам (па шэдэўры за дзесяцігодзьдзе), я гатовая дараваць яму 25 гадоў непралазнай тугі.

Што ж у ёй такога, у гэтай «Песьні»?

Жартуе Адамовіч сьмешна. Не раўнуючы той беларускі мужчына зь песьні Хадановіча. На асобных месцах я нават спынялася, каб паплакаць і папаліць, але ня ў тым справа.

Партрэты калег і сучасьнікаў, сатырычны бок кнігі? Так, Адамовіч бязьлітасны ў сваёй праніклівасьці. Гэтую рысу можна прыняць за зласьлівасьць, што будзе глыбока несправядлівым. Нельга дакараць люстэрка за ўбачанае ў ім адлюстраваньне.

Сатыра ў «Песьні пра Цімура» не самамэта, толькі спосаб выказваньня. А таксама — кручок, на якім трымаецца чытацкая ўвага. Заўжды прыемна бачыць у тэксьце нешта табе вядомае, гэта так званы кайф пазнаваньня, адчуваньне змоўленасьці з аўтарам. Як быццам глядзіш улюбёны камэдыйны сэрыял, цешачыся, што не адзін такі разумны, ёсьць яшчэ зубастыя аднадумцы. Гэты псыхалягічны прыём ляжыць у аснове любой сатыры, і ў сучаснай беларускай літаратуры хапае прыкладаў (узяць хоць бы «Вяртаньне Ліліт» Шаровай ці «Калярадзкую пушчу» Квяткоўскага). Але: калі б соль «Песьні пра Цімура» здабывалася адно з шахтаў сатыры, мы б і казалі пра выдатную кнігу сатыры, а не пра адзін з лепшых тэкстаў дзесяцігодзьдзя.

Ёсьць у «Песьні пра Цімура» элемэнты стылізацыі і пародыі, рэвэранс філялягічнай сэкце. Я кажу пра элемэнты, таму што ў цэлым гэта і не стылізацыя, і не пародыя, а цалкам самастойны твор, які, насьледуючы памерлым веліканам, не застаецца зарумзаным карлікам на могілках тытанаў. Тытанаў Адраджэньня — хочацца працягнуць, а калі хочацца, ні ў чым сабе не адмаўляйце. Сапраўды, першае, што прыходзіць на розум, гэта «Дэкамэрон» Джавані Бакача.

«Песьня пра Цімура» мае клясычную рамачную кампазыцыю. Нягеглы капітан КДБ Капейкін выпраўляецца ў Варшаву на пошукі легендарнага паэта Цімура Хоміча. Цягам росшукаў сюжэт абрастае расповедамі як пра Цімура, так і пра рэчы староньнія.

У «Дэкамэроне» маладыя людзі, схільныя да несанкцыянаваных інтэлектуальных актаў, выбіраюцца з зачумленай Флярэнцыі на прыроду, дзе бавяць час пераказваньнем павучальных гісторый. Стоячы на адлегласьці працягнутай рукі ад сьмерці, людзі ня могуць зь ёю замірыцца. Чым бліжэй сьмерць — тым ярчэй прабіваецца жаданьне жыць; каб выкарыстаць час напоўніцу, яны «апранаюць» чужыя лёсы.

«Песьня пра Цімура» гэтую канцэпцыю паўтарае. Толькі замест зачумленай Флярэнцыі — пакінутая некалі Беларусь, замест ідылічнай загараднай рэзыдэнцыі — Варшава, а замест павучальных навэл — камічныя (на першы погляд) гісторыі пра подзьвігі Цімура, дакумэнтальная стужка Андрэя Куцілы, споведзь прасталыткі-сантэхніка, рапарт капітана Капейкіна і г.д.

З чумой ці безь яе, мы ўсе аднойчы пойдзем да Абрама на піва. Адамовіч нагадвае пра гэта цягам усёй кнігі, але ўвагу на тым не факусуе. Як і ў жыцьці, у «Песьні» мы занятыя высьвятленьнем чужых стасункаў, крытыкай грамадзкага і палітычнага ладу, злабадзённымі праблемамі. Да чаго ў «Песьні» перамытыя косткі розных нацыянальнасьцяў? Да чаго аўтарская самаіронія ў расповедах пра польскую творчую стыпэндыю, крадзяжы арматуры, адсылкі да «Таўсьцілы і ляшча»?.. Ні да чаго. Мы цягнем час. А каб чытач не здагадаўся, яго, як рыбіну дынамітам, глушаць сьмехам. Аўтар усыпляе чытацкую пільнасьць, накідваючы на вэнтылятар талерантнасьці правакацыйныя заўвагі пра габрэяў, сучбелліт і польскіх імігрантаў.

Ад «Дэкамэрона» мы мусім пайсьці яшчэ далей і згадаць «Тысячу і адну ноч». Шахразада адцягвала момант сьмерці, баючы байкі цару-самадуру. Адамовіч цягне час, баючы байкі чытачу і гуляючы са стылізацыямі. Львіная іх доля прыпадае на «Эпас аб Гільгамэшы». Чароўны барабан, зроблены зь вярбы на беразе Сьвіцязі, згадваецца ў апошнім разьдзеле кнігі. Тут відавочная адсылка да легенды пра Гільгамэша і вярбу, пасаджаную багамі на беразе Эўфрату. Толькі замест арліцы, зьмяі і дэманіцы Ліліт у вярбе пасяліўся літаратурны крытык, а змог яго і зладзіў барабан не Гільгамеш, а Цімур Хоміч. А. І. Бацкель зь «Песьні пра Цімура» — рэпліка Энкіду, таварыша Гільгамеша, дзікі чалавек, што бегаў голым па палёх і палохаў рыбакоў ды паляўнічых. Як Энкіду ў «Эпасе…», А. І. Бацкель у «Песьні…» выпраўляецца ў падземнае царства, дзе застаецца навечна. Замест нябеснага вала Іштар з «Эпасу…» у «Песьні…» зьяўляецца баявы робат-зубар, таемная распрацоўка беларускага вайскова-прамысловага комплексу. Замест паходу ў Лібан па кедры Цімур і А. І. Бацкель едуць у Беласток па сандалавы паркет. Словам, вы зразумелі: Адамовіч узяў найстаражытныя літаратурныя сюжэты і перасьпяваў іх на сучасны лад.

Парадыйнымі гэтыя «запазычаньні» падаюцца да апошніх старонак. Да таго самага моманту, як архаічная форма і адвечны зьмест ня сыдуцца ў адным пункце. Фактычна выходзіць, што чытач сьмяяўся цягам усяе кнігі і толькі напрыканцы зразумеў, што сьмяяўся на хаўтурах.

Маючы старыя як сьвет пытаньні — што там, пасьля смерці? як яе абмінуць? як жыць, ведаючы, што цябе ў доўгатэрміновай пэрспэктыве як бы і няма? — Андрэй Адамовіч шукаў такое літаратурнае вырашэньне, такую форму, якая б задаволіла ня толькі яго ўстрывожаны безвыходнасьцю розум, але і заняла чытача. Да ўсяго, задаючы пытаньне, якому гадоў столькі ж, колькі чалавецтву, цяжка пазьбегнуць банальнасьці. Адамовіч вырашыў праблему элегантна: узяў клясычны фармуляр, але запоўніў яго як бы неўсур’ёз, жартам.

Нехта ўспрыме кнігу як злабадзённы анэкдот. Калі, напрыклад, на сьвет Божы выйшаў «Дэкамэрон», яго найперш ацанілі купцы: яны набывалі кнігу, каб вышукваць пікантнасьці ды хохмы. А новая італьянская інтэлігенцыя, на якую, відаць, меў спадзевы Бакача, не ацаніла геній аўтара: ёй не спадабалася народная мова навэл; не раўнуючы Васіль Дранько-Майсюк, вучоныя мужы эпохі раньняга рэнэсансу тапілі за чысьціню і сьвятасьць мовы. У «Песьні пра Цімура» ёсьць і трасянка, і мацюкі, і штыль высокі, як палёт думкі Паўла Севярынца, і нізкі, як заробак літаратурнага крытыка.

Але, магчыма, знойдуцца і тыя, хто падзеліць маю здагадку: адысэя Капейкіна — фокус, бліскуча збудаваная ілюзія і гіганцкая экспазыцыя да дзясятка апошніх старонак, на якіх аўтар у роспачы, расьціснуты жудасьцю быцьця ходзіць па Менску, спрабуючы намацаць у размытай карціне ўмоўнага сябе існае Я (зьвяртаю ўвагу на маналёг, укладзены ў вусны гераіні Марыі Пушкінай). Аўтар не знаходзіць сябе; каб пазбыцца адзіноты, ён стварае іншы сьвет, існуе і тут, і там, ужывае сьмех як анальгетык, а пасьля — пасьля прыносіць гэтую крохкую канструкцыю на суд Творчага Кіраўніка.

Апошні разьдзел, дзе легендарны Цімур мае пару хвілін на спатканьне з А. І. Бацкелем, зьніклым у краіне мёртвых, не прагучаў бы так пранізьліва і роспачна, калі б яму не папярэднічалі 200 старонак вітальнага, яркага тэксту. Ці шмат вы ведаеце аўтараў, якія б напісалі кнігу — прычым напісалі якасна, не філонячы нават у дробязях, — дзеля чатырох старонак дыялёгу?..

Я вярнуся да псеўдапаклёпніцтва Адамовіча і прыроды яго сатырычных замалёвак. Для мастака цалкам натуральна браць у працу матэрыял, які ўжо ёсьць пад рукой. Рабле пісаў пра клірыкаў не таму, што лічыў іх пупамі зямлі. Колас апісваў местачковую інтэлігенцыю не таму, што паставіў за мэту жыцьця вывесьці аматараў прэфэрансу на чыстую ваду. Проста так атрымалася, што Рабле нейкі час жыў у манастыры, а ў Коласа за плячыма быў досьвед настаўніцтва ў правінцыі. Сучаснае жыцьцё беларускага літаратара збольшага заключанае ў коле тых самых літаратараў. Натура, якую Андрэй Адамовіч ведае найлепш, — гэта ўласна пісьменьнікі. Шукаць зламысную задуму ў трапных, але, па сутнасьці, абсалютна бяскрыўдных замалёўках на палёх «Песьні» — гэта як мінімум паверхнева, а як максымум ня буду казаць што.

Віктар Шклоўскі у раньняй сваёй працы «Пра тэорыю прозы» (1929) дасьледаваў адну надзвычай важную для літаратуры рэч — затрыманьне («задержание»). Рамачная кампазыцыя, альбо, паводле Шклоўскага, «обрамление» — гэта тое ж самае затрыманьне аповеду, толькі на абагульненым узроўні. Насамрэч, Адамовіч мог працягваць бясконца пошукі Капейкіна, упісваючы новыя і новыя гісторыі, але разумна разьлічыў свае і чытацкія сілы.

Затрыманьне пакліканае запаволіць час. Адсюль — бясконцыя рэфрэны, парныя сынонімы, грувасткія канструкцыі-звароты. Найлепш гэта бачна ў народных казках, тое ж назіраем у старажытных эпасах, сярэднявечных песьнях. Тое ж — у «Таўсьціле і ляшчы» (Адамовіч падрабязна апісваў рыбацкія прыстасаваньні не таму, што меў на мэце скласьці профільны даведнік). Тое ж мы бачым у «Падарожжы А. І. Бацкеля ў краіну мёртвых па чароўны барабан». Гэта, з аднаго боку, самаарганізацыя прозы, форма чыстай красы, рэч у сабе. Зь іншага — адвечная спроба пісьменьніка спыніць час. Мы ўсе знаходзімся ў камэры сьмяротнікаў, і адзінае, што застаецца — запоўніць цішыню аповедам. Слова загаворвае роспач.

Сьмех працуе гэтаксама.

Калі пра Андрэя Адамовіча кажуць, што ён стэндапэр і правакатар, што сьцёб — галоўная прыўкраса ягонай прозы (а пра паэзію ўвогуле кажуць тры з паловай фрыкі); калі ў тэкстах ягоных не ідуць далей за «х.й» і «яйцы», а ў «Песьні» знаходзяць мову варожасьці, булінг і карыкатурнасьць, — калі я такое чую, мне, па-першае, робіцца крыўдна за інтэлектуальны патэнцыял Радзімы; па-другое, перад вачыма паўстае Станчык Яна Матэйкі.

10
Васіль / Адказаць
01.11.2019 / 23:24
Ніколі раней не чуў пра такога пісьменніка. Мяркуючы па рэцэнзіі, жывы і арыгінальны. Пачытаем!
5
падарожны / Адказаць
02.11.2019 / 22:07
Дзякуй. Зразумеў, што чытаць не варта. Аблаяць свайго брата -беларуса - гэта сапраўды трэба быць местачковым сатырыкам, такіх многа ў ранішніх аўтобусах. 
1
Алесь Белы / Адказаць
04.11.2019 / 12:01
для такіх батаноў як я, трэба адразу пазначаць адназначна, ці ліцыцца гэтая кніга PEN-friendly
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру