04.11.2019 / 12:31

2615 рублёў з 6000 патрэбных: вынікі першага дня збору грошай на «Асцярожна: дзеці!» і «Дуду»

39 чалавек перавялі грошы на запуск новых дзіцячых беларускамоўных часопісаў за першыя 24 гадзіны збору. На гэты момант сабралі 2515 рублёў з 6000 патрэбных. Пераважна гэта пераводы па 10—20 рублёў, але тры чалавекі ахвяравалі па 500 рублёў, а адзін — 100 рублёў.

Нагадаем, што падтрымаць выданне новых часопісаў можна двума спосабамі.

Самы зручны для нас (найменш страт грошай на пасярэднікаў) — праз Club.nn.by, у нас на сайце. Там могуць пакласці грошы ўсе зарэгістраваныя на сайце. 

Каму зручней краўдфандынгавая платформа — мы збіраем грошы праз molamola.by.

Спіс ахвярадаўцаў будзе апублікаваны ў часопісах. Данатары могуць пазначаць свае імёны або выбіраць ананімнасць.

Мы запускаем два яркія беларускамоўныя часопісы. Яны гатовыя і зарэгістраваныя. Яркія, з коміксамі, раней такога па-беларуску не было. Адзін будзе для дзетак да 6 гадоў, другі — для малодшых школьнікаў. Просім усіх, незалежна ад светапогляду, падтрымаць гэтую справу.

Асцярожна, дзеці! — для малодшых школьнікаў. Дуду — для дашкольнікаў.

Мы хочам сабраць грошы на друк першых нумароў, а далей з продажаў першага нумара аплацім друк наступнага, і так далей. На прыкладзе «Нашай гісторыі» (выйшла ўжо 15 выпускаў, штомесячна) мы паказалі, які прэміяльны прадукт мы здольныя рэгулярна выпускаць.

Новыя часопісы таксама будуць выходзіць штомесячна.

Дзеці, унукі, праўнукі — наша будучыня. Давайце разам запусцім гэтую добрую справу.

Рэд.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру