Абаронцаў Курапат маладафронтаўцаў Дзяніса Ўрбановіча, ягонага брата Віталя Ўрбановіча, Віталя Трыгубава і актывіста Валера Рабцава будуць судзіць 4 лістапада ў Менскім раённым судзе, піша Радыё Свабода

Цяпер затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Скарыны. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў дзяжурны ізалятару. Час, калі пачнуцца адміністрацыйныя працэсы, пакуль невядомы.

«У нас шмат працы, прывязём», — сказаў дзяжурны пра тое, калі актывістаў павязуць на суд.

У канцылярыі Менскага раённага суду паведамілі, што справы на затрыманых яшчэ ў суд не прывозілі. Адміністрацыйны працэс супраць актывіста Зьмітра Казакевіча, як ён сам думае, адбудзецца пазьней у Маскоўскім раённым судзе.

«Ня думаю, што мяне будуць судзіць сёньня, як астатніх. Бо, калі выпускалі зь міліцыі пасьля ўчорашняга інцыдэнту, цікавіліся, дзе жыву ў Маскоўскім раёне. Значыць, пакуль дашлюць туды мае пратаколы, і толькі потым будзе суд», — паведаміў Свабодзе Зьміцер Казакевіч.

Затрыманага непаўналетняга актывіста ўвечары 3 лістапада таксама адпусьцілі зь міліцыі пасьля складаньня на яго пратакола. Ягоную справу будзе разглядаць камісія ў справах непаўналетніх.

3 лістапада, неўзабаве пасьля мітынгу ў Курапатах, каля ўваходу ў рэстарацыю «Поедем поедим», якая знаходзіцца побач з народным мэмарыялам, адбылося сутыкненьне пікетоўцаў з ахоўнікамі ўстановы. Выкліканы адміністрацыяй рэстарацыі нарад міліцыі затрымаў шасьцёх актывістаў і даставіў іх у Бараўлянскае аддзяленьне міліцыі. Актывісты кажуць, што пацярпелі ад ахоўнікаў і што іх таксама білі ў міліцэйскім аўтамабілі. Старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч з пастарунку быў адвезены ў бараўлянскі шпіталь, дзе яму аказалі мэдыцынскую дапамогу, а пасьля зноў затрымалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0