Зноў на небасхіле сучбелліту ўзышла новая кніга калі не году, то дзесяцігоддзя і імя ёй «Песня пра Цімура». І зноў ад пафаснасці і прыдыхання некаторых рэцэнзій на гэты твор у мяне пачынае зводзіць сківіцы і вочы закатваюцца ў гару: зноў шэдэўр, а калі ўжо што-небудзь нармальнае пачытаць можна будзе!

Чытайце таксама: Гразь жыцця, пекла Дантавага рогат. Пра новую кнігу Андрэя Адамовіча

На шчасце ў Адамовіча атрымаўся тэкст трохі больш чытэльны, чым у сёлетняга фіналіста Гедройця. З першых радкоў манера аўтара ламаць чацьвёртую сцяну і звяртацца да чытача наўпрост нібы да сабутыльніка ў кафэ «Белачка» бярэ за жабры і не адпускае роўна да таго моманту пакуль Адамовіч раптам не абрывае гэтыя постмадэрныя гульні ў дыялог і не вяртаецца да звыклага апавядальнага стылю (час ад часу ён такі ўзгадвае, што не ўсё яшчэ сказаў чытачу-сабутыльніку, але такога напора як ў першай траціне кнігі больш не будзе).

Няроўнасць, як на мой погляд, і ёсць асноўная хіба кнігі. «Песня» выглядае як лапікавая коўдра сшытая з абрэзкаў тэкстаў рознага характару і вартасці.

Гуллівыя пераміргванні з чытачом змяняе вязкая як кісель плыня свядомасці, за якой ідзе бадзёры пераказ на новы лад старажытнага эпасу, які абрываецца дзёрзкім анекдотам з жыцця беларускай літаратурнай багемы. Прызнаюся, гэтымі анекдотамі мяне кніга і прывабіла першапачаткова: адзін крытык з Еўрарадыё выклаў нізку гэтых анекдотаў у сябе ў фэйсбуку і пасля такога не купіць «Песню» было цяжка. Якое ж было маё расчараванне, калі пасля прачытання «Паэмы» я зразумеў, што Карпека (не буду юліць, гэта быў ён) выклаў найлепшае, што было ў кнізе з гумару (ну не лічыць жа гумарам апісанне бойкі паэта і кухаркі за «Казачны замак»).

Але што ёсць ў «Паэме» апроч аўтарскага гумару (я неяк паспяшаўся ў каментах назваць яго стэндапам, але цяпер бачу, што такое параўнанне не зусім правільнае)?

Гульні сучаснай інтэлектуальнай прозы з старажытнымі сюжэтамі, будзь тое жыціе святой ці шумерскі эпас, гэта ўхвальна, асабліва калі даведваешся пра гэтыя гульні з рэцэнзій абазнаных крытыкаў, але чым яны канцэптульна адрозніваюцца ад гульняў з сюжэтамі маскульту, за каторыя тыя ж крытыкі ругаюць іншых аўтараў?

У выніку мы маем літаратурны капуснік, бэкграўнд герояў каторага вядомы будзе далёка ня ўсім чытачам (а ці патрэбны ён, той бэкграўнд?), перамешаны з рэфлексіямі аўтара на надзённыя і вечныя тэмы на фоне каторых раскручываецца эпас паэта Цімура Хоміча.

Таксама я ня бачу ў тэксце нейкага патаемнага глыбокага сэнсу, за які кнігу ўзносяць на алімп белліту.

Але вельмі добра ўяўляю, як гэты глыбокі сэнс можна пабачыць і для гэтага ня трэба пашыраць свядомасць тымі сродкамі, якімі гэта робяць персанажы кнігі: дастаткова ўявіць на месцы галоўнага героя - аўтара, а на месцы агромністага баявога зубрападобнага робата - смерць, і, вуаля, перад вамі глыбокая прытча пра непазбежнасць смерці, яе прадчуванне і безвыніковыя спробы ўцячы ад наканаванага. Ды такім жа спосабам можна знайсці глыбокі сэнс ў спісе інгрыдыентаў на пачку пяльменяў!

Увогуле, калі я чую словы «аўтар насамрэч хацеў сказаць, але чытачы-ідыёты з нізкім інтэлектуальным узроўнем за хіханькамі-хаханькамі не пабачылі галоўнага!» мая рука цягнецца да пісталету. Можа гэта не чытачы не бачаць глыбіні, а крытык забыўся навастрыць брытву Акама? Бо часам банан гэта проста банан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?