09.11.2019 / 16:27

Белорусский стриптиз, школьный ад, американская пустота. Топ белорусских фильмов «Лістапада» 1

Кінакрытык Ірэна Кацяловіч на «Радыё Свабода» зрабіла бліц-агляд самых цікавых, на яе думку, стужак беларускага кінэматографа, якія паказалі на сёлетнім Менскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад».

Кадр з фільма «Пляж/лес/тамбур» Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай, які перамог у нацыянальным конкурсе «Лістапада».

Гран-пры 26-га Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» атрымаў украінскі фільм «Атлантыда» рэжысёра Валянціна Васяновіча.

Раней гэты фільм атрымаў прыз у праграме «Гарызонты» Венецыянскага кінафестывалю.

Сюжэт «Атлантыды» такі. Усходняя Украіна, недалёкая будучыня. Тэрыторыя малапрыдатная для жыцця чалавека. У былога салдата Сяргея, які пакутуе на посттраўматычны стрэс, узнікаюць праблемы з адаптацыяй да новай рэальнасці. Калі металургічны завод, на якім ён працуе, зачыняецца, Сяргей пачынае супрацоўніцтва з гуманітарнай місіяй, мэта якой — пошук і эксгумацыя целаў загінулых воінаў. Працуючы разам з Кацяй, ён разумее, што лепшая будучыня магчымая… 

Вось трэйлер:

У нацыянальным конкурсе найлепшым гульнявым фільмам стаў «Пляж/лес/тамбур» Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай.

Найлепшай дакумэнтальнай стужкай «за элегію пра чалавечую восень» стала «Summa» Андрэя Куцілы. Яшчэ адзін фільм Андрэя Куцілы «Стрыптыз і вайна» (абодва фільмы знятыя пры ўдзеле тэлеканала «Белсат»), быў адзначаны спэцыяльным прызам журы.

Журы асноўнага конкурсу ўзначальваў кубінскі рэжысёр Карлас Кінтэла. Журы беларускага нацыянальнага конкурсу ўзначальваў мэтр польскага кінематографа Кшыштаф Занусі.

«Лістапад» праходзіў з 1 па 8 лістапада пад слоганам «Да радасці». У гэтым годзе на ім паказалі больш за 150 фільмаў з 50 краін. Упершыню на фестывалі былі прадстаўленыя карціны з Судана і Сенегала. Заснавальнікамі форуму выступаюць Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам.

«Стрыптыз і вайна» Андрэя Куцілы

Асноўны конкурс дакумэнтальнага кіно.

Вядома, перш за ўсё фільм чапляе гэтым жыцьцёвым казусам: падпалкоўнік у адстаўцы прасуе сцэнічны ручнік унуку-стрыптызэру. То бок два дыямэтральна розныя чалавекі сутыкаюцца на агульных квадратных мэтрах і застаюцца адзін для аднаго блізкімі людзьмі. Але апроч гэтага — рэдкім для беларускага экрану дасьледаваньнем, як у нашым сёньняшнім жыцьці спалучаюцца савецкая спадчына і новы час, а гэта надзвычай цікавы мікс.

Праз процілеглую ідэалёгію герояў і ўвасобленае ў дзядулі з унукам прымірэньне мінулага з сучаснасьцю (і нават больш, чым прымірэньне) можна лепш зразумець, дзе мы жывем. Ну і бонус: карціна здымалася цягам чатырох гадоў, таму (чым асабліва адметнае дакумэнтальнае кіно) яна засьпела і адлюстравала зьмены ў сваіх героях. Зьмены за чатыры гады і нязьмены за дваццаць восем.

«II» Улады Сяньковай

Спэцыяльны паказ у пазаконкурсе мастацкага кіно.

Беларуская прэм’ера новай стужкі Ўлады Сяньковай прызначаная на вечар 4 лістапада, але карціну ўжо ведаюць у Польшчы, дзе адбылася прэм’ера сусьветная: першым зь беларускіх фільмаў «II» быў адабраны ў конкурсную сэкцыю Варшаўскага кінафэстывалю і, больш за тое, удастоены на форуме Асобнай згадкі журы.

Сюжэт распавядае пра дзесяціклясьнікаў, звычайнае жыцьцё якіх перарывае пэўная навіна, што мусіць выкрыць сапраўдную душу школьнай супольнасьці альбо нават пакаленьня. Кажуць, карціна закранае такія бакі беларускай рэчаіснасьці, згадваць якія ў нашым грамадзтве ня прынята.

Улада Сянькова, якая нядаўна стала студэнткай знакамітай Школы Анджэя Вайды ў Польшчы, зьяўляецца аўтаркай фільмаў «Граф у апэльсінах» і «Paranoid Android», а ў цэлым — адным з самых пэрспэктыўных беларускіх кінарэжысэраў.

«Чыстае мастацтва» Максіма Шведа

Нацыянальны конкурс.

Калі супрацоўніцы ЖЭСу замалёўваюць надпісы «Мая краіна Беларусь» і «Усім па 500», менскія пабудовы ўпрыгожваюцца адсылкамі да авангарду. Гэтая геамэтрыя натхняе мастака Захара Кудзіна, і ён выходзіць на вуліцу пісаць свае творы.

«Чыстае мастацтва» можна лічыць яшчэ адной карцінай пра беларускую рэчаіснасьць, але пра яе тут — паўсловамі і паўтонамі, тонка і дыпляматычна. Глядзець на нацыянальны арнамэнт за сеткай і ў гэты ж час слухаць размову пра недастатковасьць урокаў па беларускай у школе — усё зразумела, дзякуй. Аказваецца, прысутнасьць у гарадзкой прасторы з чыстым палатном — рызыкоўная справа. Ты пасягаеш на перадавыя катэгорыі, XXI стагодзьдзе, свабоднае волевыяўленьне, а натыкаесься на амаль што «Big brother is watching you». Так у фільме пішуцца не толькі карціны, але і вобраз маладой краіны.

«Сашава пекла» Мікіты Лаўрэцкага

Нацыянальны конкурс.

Карціна аднаго з самых неадназначных сучасных беларускіх рэжысэраў, кінакрытыка, магістра кіназнаўства, навуковага супрацоўніка Цэнтру сучасных мастацтваў, ляўрэата «Лістападу» і бла-бла-бла.

Прэм’ера зьнятага на VHS эма-хорара ў свой час адбылася на Маскоўскім кінафэстывалі, і часопіс «Сеанс» паведаміў, што крытыкі расейскай сталіцы палічылі фільм адным з найлепшых на гэтым форуме.

Да галоўнага героя Сашы прыяжджае з Бэльгіі рэпэр Олі, які ўжо мае нейкую колькасьць прыхільнікаў і плянуе даць канцэрт у менскай прасторы Ок16. Дагэтуль сябры ўжывую не сустракаліся, затое пасьля сустрэчы праявяць сябе напоўніцу, і да чаго гэты мілы сумесны ўікэнд прывядзе, страшна сказаць.

«Хронікі ртуці» Бена Геза і Сашы Кулак

Нацыянальны конкурс.

Мы дагэтуль памятаем стыльную і надрыўную «Саламанку», зьнятую ў мэксыканскай суполцы мэнанітаў. Беларуска Саша Кулак зьяўляецца суаўтарам карціны, адпаведна «Хронікі ртуці» адразу прыцягнулі нашу ўвагу. І праўда, рэжысэрка зноў трапіла туды, куды трэба, і тады, калі трэба.

У закінуты шахцёрскі гарадок Новая Ідрыя недзе ў ЗША з двума чалавекамі насельніцтва. Вакол закінутая і маўклівая пустэча, затое людзі сярод яе — больш калярытных няма. Усё размовы, бадзяньне туды-сюды, прэзыдэнцкая гонка Трампа па тэлебачаньні, фатаграфаваньне, звычайнае баўленьне вечаровага часу, а потым — раз! — і адбываецца нешта такое, што па сваім унёску ў драматургію выклікае параўнаньне зь сюжэтным паваротам добрага сцэнару мастацкага фільму.

«Хронікі ртуці» — нават не дакумэнтальнае назіраньне, а ўпіваньне навакольлем Новай Ідрыі. І так, мы можам прынамсі ўбачыць, што ня толькі беларускія вёскі стаяць закінутымі і нямымі.

6
Черная Русь / Ответить
10.11.2019 / 12:47
кто, где и когда их будет смотреть? пустышки..не интересно никому..
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера